Вы тут

Калючы, дасціпны, разумны!


Рытмічнай хадой — у нагу з часам.

Спалучэнне традыцый і сучаснасці, актуальная сатыра і дасціпны гумар, нацыянальныя рысы і хада ў нагу з часам. Гэта ўсё — пра беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык». Яго былыя і сённяшнія супрацоўнікі, добрыя сябры і сталыя падпісчыкі сабраліся ў канферэнц-зале Выдавецкага дома «Звязда» (а менавіта ў гэты холдынг сёння ўваходзіць «Вожык»), каб павіншаваць любімае выданне з 75-гадовым юбілеем.


Госці «Вожыка» сябруюць з часопісам доўгія гады.

«Вожык» — выданне ўнікальнае не толькі для Беларусі, але для ўсяго свету. Падобнага кшталту часопісы раней выходзілі амаль ва ўсіх краінах Савецкага Саюза. Але расійскага «Крокодила» з 2008 года няма, папулярны ўкраінскі «Перець» не выходзіць з 2014-га. А беларускі «Вожык» не проста здолеў выжыць, але і карыстаецца вялікай папулярнасцю і павагай у чытачоў.

— Вельмі прыемна, што «Вожык», захаваўшы адданага чытача і сваё месца ў айчыннай медыйнай прасторы, не скаціўся да палітыканства і «жаўцізны», імкнення таннымі спосабамі прыцягнуць чытацкую ўвагу. Часопіс захаваў традыцыі высокага мастацкага слова, якаснай сатыры, выяўленчага мастацтва. Адметна, што творчы шлях усіх вядомых беларускіх карыкатурыстаў так ці інакш звязаны з «Вожыкам», — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Уладзімір МАТУСЕВІЧ.

«Вожык» — гэта не толькі смешныя гісторыі, карыкатуры і анекдоты. Ён нясе беларускае мастацкае слова, знаёміць з творамі айчыннай літаратуры. Разам з гэтым выданнем можна не толькі весяліцца, але і паглыбляць веды, развіваць густ.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ падкрэсліў:

— Падчас Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка назваў Беларусь цытадэллю ў абароне маральнасці, духоўнасці, традыцыйнай культуры. Можна сцвярджаць, што і беларускае мастацкае слова, у тым ліку на старонках «Вожыка» — абаронца ўсяго светлага, добрага, што звязана з гісторыяй культуры, асветніцтва і нашай нацыі ў цэлым.

«Вожык» — гэта не толькі сам часопіс. Гэта яшчэ і мноства цікавых выставачных праектаў, акцый, якія ладзіць крэатыўная і творчая рэдакцыя, што сёння працуе на чале з маладой в.а галоўнага рэдактара Ганнай Кіслушчанкай і яе вопытным намеснікам, мастаком Аляксандрам Каршакевічам. Ужо стала добрай традыцыяй на 1 красавіка ў Міністэрстве інфармацыі арганізоўваць мастацкія выстаўкі, праводзіць акцыі «За падпіску — шарж!».

— Я мела шчасце гадавацца на гэтым часопісе, — прызналася старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля АЎДЗЕЕВА. — Як людзі маюць настольныя кнігі, так у майго бацькі быў настольны часопіс — «Вожык». З тых часоў і да сённяшняга для я адчуваю любоў і павагу да гэтага выдання.

Часопіс віншавалі таксама даўнія сябры — намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота; паэт, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Беларускага радыё Навум Гальпяровіч; старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў; мастак, карыкатурыст Мікалай Гіргель; мастак Алег Карповіч, пісьменнік Яўген Хвалей.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?