Рыга нібы незнаёмка — прывабная і адначасова таямнічая. Нават пра ўзрост горада цяжка сказаць штосьці пэўнае: тры хронікі называюць розныя даты, а археолагі ў гэтае пытанне ўносяць яшчэ больш сумятні. З другой паловы XX стагоддзя, калі Вялікі нямы загаварыў, у Рыгі была адмысловая місія. Фільмаў у Савецкім Саюзе тады стваралася шмат, аднак праз палітыку дзяржавы правесці здымкі за мяжой было цяжка. А Рыга, дзякуючы сваёй гісторыі, архітэктуры і атмасферы стала ідэальным месцам для паказу на экране практычна любога заходняга горада.
Калі казаць пра савецкае кіно, першым варта назваць легендарны фільм «Сямнаццаць імгненняў вясны» Таццяны Ліёзнавай. У эпізодзе, у якім прафесар Плэйшнер ідзе па Блюменштрасе ў Берне на канспіратыўную кватэру, ролю Берна іграе вуліца Яўніела (Новая вуліца), вядомая яшчэ з XVІ стагоддзя. У гэтым жа фільме Рыга выступала і ў ролі Берліна: заалагічны музей знаходзіўся ў будынку Міністэрства фінансаў на вуліцы Мейстару, а насупраць — гасцініца «Амнунтор», у якой была прызначана сустрэча з Борманам. Калі Шцірліц ідзе па вуліцы Вальню, у вітрыне цэнтральнага ўнівермага дапытлівы глядач можа ўбачыць латышскі надпіс — «Apavі katraі sezonaі» (абутак для любога сезона).
Вялікае кінематаграфічнае мінулае мае папулярная ў турыстаў Кветкавая вуліца: яна іграе ролю італьянскага Трыеста ў фільме «На далёкіх берагах», ролю Парыжа ў карціне «Вязень замка Іф» і французскага горада Сібур у стужцы «Забойства на вуліцы Дантэ». Далей — болей: менавіта тут здымаліся эпізоды славутага серыяла «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана». На экране Кветкавая вуліца становіцца лонданскай Бэйкер-стрыт, дзе знаходзіцца дом 221в, у якім жывуць галоўныя героі. Праўда, каб убачыць дзверы, што вядуць усярэдзіну, трэба зайсці ў невялікі дворык, які знаходзіцца якраз насупраць будынка з канспіратыўнай кватэрай з «Сямнаццаці імгненняў вясны».
Дзверы ў кватэру Холмса і Ватсана маюць у Рызе містычную славу. Сцэны ўнутры кватэры здымалі ў Ленінградзе, а дзеянне фільма адбываецца ў XІX стагоддзі, у той час як здымкі — у XX-м. Атрымліваецца, што гэтыя дзверы — прасторава-часавы партал.
У карціне «Першы дзень міру» паказана зноў вуліца Яўніела (можна нават заўважыць акно той самай канспіратыўнай кватэры) у якасці неназванага нямецкага горада. Гэтую ж вуліцу можна ўбачыць у фільме «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі»: на яе з акна глядзіць Андрэй Міронаў, які іграў ролю Джэрома. Яна ж у фільме «Ранняя ржа» і ў сярэднявечным баевіку «Слугі д'ябла» — тут Рыга іграе саму сябе.
Дзеянне карціны «Блакітны карбункул» — яшчэ аднаго фільма з Шэрлакам Холмсам, знятага на кінастудыі «Беларусьфільм», — таксама звязана з вуліцай Яўніела. Цікава, што і для «Блакітнага карбункула», і для «Прыгод Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» музыку напісаў адзін і той жа кампазітар — Уладзімір Дашкевіч.
У гангстарскім фільме «Браты Рыка», знятым па матывах рамана Жоржа Сімянона, «Беларусьфільм» прадставіў Рыгу ў вобразе Нью-Ёрка. А ў фільме «Ідэальны муж» з цудоўнай парай — Юрыем Якаўлевым і Людмілай Гурчанкай — Рыга зноў ужывалася ў вобраз Лондана. Чаго варты кадр, у якім гераіня Гурчанкі, знаходзячыся ў гасцініцы на вуліцы Цірганю (у савецкі час там знаходзілася вядомая кавярня «Сіняя птушка»), глядзіць у акно і замест Домскага сабора бачыць... будынак парламента Вялікабрытаніі.
Дзіўная гісторыя здарылася ва ўзаемаадносінах Рыгі і Міхаіла Казакова, які зняўся ў фільме «Забойства на вуліцы Дантэ». Праз шмат гадоў, калі Казакоў як рэжысёр здымаў фільм «Пакроўскія вароты», ён не ўтрымаўся і ўставіў у свой фільм сцэну, дзе па тэлевізары паказваюць фрагмент «Забойства на вуліцы Дантэ».
Хоць лідарам па з'яўленні ў кадры з'яўляецца вуліца Яўніела, у Старым горадзе практычна няма месца, дзе ў савецкі час не здымалі б кіно: Домскі сабор, царква Пятра, Шведскія вароты, плошчы Вецпілсетас, Пілс, Ліву і, вядома, Домская плошча, розныя іншыя вулачкі. У цэлым я налічыў каля сарака фільмаў, але, хутчэй за ўсё, гэта няпоўны спіс.
З роляў Рыгі можна згадаць Стакгольм («Пасол Савецкага Саюза»), Капенгаген («Тайна Снежнай каралевы»), міфічны нямецкі горад Альтшат у фільме Рыгора Аляксандрава «Сустрэча на Эльбе» з Любоўю Арловай у ролі амерыканскай журналісткі. А фільм «Белыя званочкі», зняты на Рыжскай кінастудыі па сцэнарыі Герца Франка ў 1961 годзе, у 1995-м у Клермон-Феране (Францыя) быў уключаны кінакрытыкамі ў спіс ста найлепшых кароткаметражных фільмаў усіх часоў.
У 2005 годзе англійскі рэжысёр Дэйв Мур у пошуках месца для здымак фільма «Уоліс і Эдуард» (пра гісторыю кахання старэйшага сына караля Георга V да замужняй прыгажуні Уоліс Сімпсан) выбірае Рыгу. Апошнім часам тут здымаліся расійскія фільмы і серыялы («Поп», «Чырвоная капэла»), працавалі кінематаграфісты з Індыі («Агент Вінод», «Флаш і Вані»), Швецыі («Рыжскія сабакі»), Германіі («Блакіт неба»), ЗША («Дзеці Ірэны»), Карэі («Мой шлях») і з іншых краін.
Так ці інакш, Рыга — не толькі кінаактрыса на экране, але і сучасная еўрапейская сталіца, вартая вочнага знаёмства.
Сяргей ІВАНЧАНКА, рыжанін у чацвёртым пакаленні
г. Рыга
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.