Цішыню калідораў у радзільным доме Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцы час ад часу перарываюць звонкія галасы нованароджаных. Іх маці знаходзяцца ў пастаянным кантакце з малымі і пад кантролем медперсаналу. Днямі ў радзільню завіталі асаблівыя госці — прадстаўнікі Мінскага абласнога камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Іх сустракаў загадчык акушэрскага аддзялення Валерый Лебядзеўскі.
Распашонка з беларускім арнаментам стала першым падарункам для нованароджанай Паліны і яе маці Таццяны. Такім арыгінальным і незвычайным спосабам актывісты павіншавалі маці і немаўлят адразу з некалькімі ўрачыстымі падзеямі.
— Акцыя «Падары нованароджанаму вышыванку» была прымеркавана да свята «Дзень вышыванкі», якое прайшло 2 ліпеня. А 3 ліпеня Дзяржынск адзначыў не толькі Дзень Незалежнасці, але і свой 870-гадовы юбілей, — канстатаваў першы сакратар Мінскага абласнога Камітэта грамадскай арганізацыі «БРСМ» Дзмітрый Варанюк.
Падарункі з нацыянальным арнаментам атрымалі двое немаўлят. Іх матулям былі ўручаны кветкі.
Спакон веку вышываная сарочка лічылася не толькі адзеннем, але і абярэгам — сімвалам шчасця, здароўя, прыгажосці і родавай памяці. І сёння ў Мінскай вобласці і ва ўсіх рэгіёнах краіны традыцыі вырабу вышыванак не страчаны. Болей за тое, яны беражліва захоўваюцца.
— Няхай гэтыя невялікія падарункі саграваюць вас цеплынёй, — сказаў Дзмітрый Варанюк. — Я рады, што мы можам падзяліцца з маладымі мамамі і іх малымі часцінкай свайго сэрца.
Дадам, дабрачынная акцыя «Падары нованароджанаму вышыванку» з поспехам прайшла ў многіх гарадах Міншчыны.
— Гэта вельмі міла і патрыятычна. Мой сынок нарадзіўся 26 чэрвеня, у Дзень моладзі, што таксама сімвалічна. Распашонку мы абавязкова будзем надзяваць на ўсе значныя святы, — падзялілася ўражаннямі Вольга. — Дзякуй за такі цудоўны падарунак.
У 2015 годзе ў Дзяржынскім радзільным доме на свет з'явіліся 825 дзяцей. Як сцвярджаюць спецыялісты, сёлета іх будзе больш.
Ларыса КОРШУН
Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту.
Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.