Вы тут

Дзяржаўтаінспекцыя адзначыла 80-гадовы юбілей


Свой 80-гадовы юбілей Дзяржаўтаінспекцыя адзначыла парадам рэтра- і сучаснай аўтатэхнікі, выступленнем матацыклістаў.


Гэта хоць і быў звычайны будны дзень, але людзей на Кастрычніцкай плошчы сталіцы сабралася шмат. Перад вачамі мінакоў з'явіліся матацыклы і аўтамабілі, па якіх можна вывучаць гісторыю беларускай ДАІ! Тут і «Масквічы», «Жыгулі», «Волга» з розных эпох, і, безумоўна, сучасныя «Крайслеры», на якіх сёння працуюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

Калі ў 2000 годзе Андрэй Гурыновіч, супрацоўнік спецпадраздзялення «Страла» МУС, прыйшоў працаваць у ДАІ, такіх рэтра-аўтамабіляў у гаражы ўжо не было. Былі іншыя. Больш магутныя і камфортныя. Але і за той час, пакуль ён працуе ў праваахоўных органах, аўтапарк Дзяржаўтаінспекцыі паспеў значна абнавіцца.

— Тады яшчэ былі УАЗ-2108, якія ў народзе называлі «васьмёркамі», але неўзабаве мы пачалі ездзіць на машынах маркі «Опель», — кажа Андрэй, які на парадзе выконваў ролю вадзіцеля аднаго з рэтрамабіляў. — А зараз мы працуем на сучасных, больш магутных аўтамабілях.

— Памятаеце, якую самую вялікую хуткасць выціскалі на службовым аўто?

— Звычайна на спідометр не глядзіш. Аднак максімальная хуткасць на «Опелі Вектра» складала 260 км/г. Гэта было чатыры гады таму, калі праследавалі «Мерсэдэс». Скончылася ўсё паспяхова. Машыну спынілі. За рулём аказаўся нецвярозы кіроўца.

Акрамя аўтавыставы госці пабачылі экспазіцыю формы супрацоўнікаў ДАІ розных перыядаў, выставу дзіцячай творчасці на тэму бяспекі дарожнага руху. А завяршылася свята канцэртам з удзелам беларускіх выканаўцаў. Кіраўніцтва Дзяржаўтаінспекцыі вырашыла адзначыць юбілейную дату з размахам і запрасіла 600 ветэранаў, дзейных супрацоўнікаў. Самаму пажылому ўдзельніку мерапрыемстваў — 91 год.

Дзмітрый Карзюк, начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС, у размове з журналістамі адзначыў, што рэвалюцыйных зменаў у структуры дарожнай міліцыі не будзе, але ён паставіў чатыры задачы для развіцця ДАІ.

— Першая — гэта прафесійная падрыхтоўка: ад вядзення адміністрацыйнага працэсу да контраварыйнай падрыхтоўкі, — кажа начальнік Дзяржаўтаінспекцыі. — Наступная — стварэнне камфортных умоў, каб кіроўца мог ехаць і не парушаць правілы дарожнага руху. Трэцяя задача — арганізацыя правільнага тэхнічнага кантролю за выкананнем ПДР. Сёння адна камера можа замяніць многіх інспектараў. Але ўсе сродкі кантролю павінны правільна ўжывацца. А сэнс чацвёртай задачы — у стварэнні пазітыўнага іміджу супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі.

У сваю чаргу Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў, падчас канцэрта заўважыў, што асноўнай задачай ДАІ з'яўляецца ўстанаўленне партнёрскіх адносін удзельнікаў дарожнага руху і аўтаінспектараў. Сёння ў Беларусі налічваецца больш за 4 мільёны транспартных сродкаў, аднак Дзяржаўтаінспекцыі ўдаецца стрымліваць аварыйнасць на дарогах.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Рух па правілах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».