Вы тут

З банкаматамі і інфакіёскамі трэба «размаўляць» на мове новых грошай


Намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава лічыць, што праведзеная дэнамінацыя спросціць разлікі ў паўсядзённым жыцці як звычайных жыхароў краіны, так і тых, хто непасрэдна ў працы сутыкаецца з лічбамі. На яе погляд, ніякага павышанага ажыятажу ў краіне няма абсалютна. «Не ўзнікае цяжкасцяў і пры разліках у гандлёвых аб'ектах. Тут старыя і новыя цэннікі былі выстаўлены загадзя», — падкрэсліла яна нядаўна, каментуючы першыя вынікі дэнамінацыі.


Гэта сапраўды так, але на першым этапе мы павінны індывідуальна перайсці на новы фармат грошай і навучыцца беспраблемна карыстацца паслугамі банкаўскіх прылад самаабслугоўвання. А тут сёння ёсць нюансы...

Нагадаю, што да 1 ліпеня абазначэнне нашай валюты пры электронных разліках значылася як BYR, а пасля дэнамінацыі стала BYN. Гэта, калі ў BYR мы раней плацілі, напрыклад, 61400 рублёў, то ў BYN будзе 6,14 рубля. Так, цяпер усе банкаматы, інфакіёскі і банкаўскія тэрміналы дзейнічаюць у сістэме новых грошай, дзе побач з рублямі прысутнічаюць ужо і капейкі. Тут пакуль усё зразумела.

Усе мы хутка атрымаем (ці ўжо атрымалі) заробленыя за чэрвень грошы на пластыкавыя карткі і, магчыма, пойдзем іх часткова здымаць. Пасля таго як картка трапляе ў банкамат, яго праграма прапануе нам зняць на выбар 5, 10, 20 ці 50 рублёў або іншую суму. Калі вам хопіць паказаных на экране грошай, то вы ціскаеце на выбраны намінал і атрымліваеце неабходную купюру. Крыху іншы алгарытм карыстальніка «пластыкам» будзе пасля выбару опцыі «іншая сума». Тут вам прапануецца самастойна набраць неабходную суму ў асобным пустым радку. Праўда, цяпер гэты радок не зусім пусты, бо там узнікае стартавая лічба 0,00. Калі цяпер мы проста націснем на лічбу 5, то на экране з'явіцца 0,05, што адпавядае 5 новым капейкам. Такім чынам, для таго каб кліент зняў з банкамата, напрыклад, 500 рублёў, яму трэба на клавіятуры набраць лічбу 5 і плюс чатыры нулі. У гэтым выпадку 50 000 капеек машына аўтаматычна перавядзе ў рублі, калі на экране банкамата будзе 500,00.

Такі ж алгарытм набору нам неабходна будзе выконваць пры аплаце «пластыкам» паслуг мабільных аператараў, а крыху пазней і камунальных паслуг у інфакіёсках. Напрыклад, мой аператар Velcom прадугледжвае мінімальны плацеж у памеры 0,15 новымі, ці 1500 рублёў старымі, а наконт максімальнай сумы там інфармацыя адсутнічала.

Навошта я вам гэта падрабязна так тлумачу? Справа ў тым, што ў першыя дні пасля дэнамінацыі банкаматамі і інфакіёскамі для выконвання больш складаных аперацый карысталіся выключна сапраўды смелыя кліенты. І нават яны часам не адразу разумелі, што трэба рабіць. А праз адзін-два тыдні банкаўскімі прыладамі пачне карыстацца масавы спажывец. Яму трэба загадзя падрыхтавацца, каб разбірацца з гэтымі нулямі-капейкамі і не заблытацца.

Але, галоўнае, я бы параіў ужо цяпер дакладна сабе ўсвядоміць максімальную суму грошай, якую вы збіраецеся пакласці на тэлефон. У свой час мая дачка прасіла мяне пакласці на яе тэлефон 50, тады яна мела на ўвазе 50 тысяч. Днямі чуў ад знаёмага, што той па аналогіі паклаў на свой смартфон 70 рублёў новымі, а гэта было на парадак больш ад запланаванага (700 тысяч на старыя грошы!).

Жыроўкі — у BYN і BYR

Кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі параіла падначаленым арганізацыям пасля дэнамінацыі друкаваць рахункі за камунальныя паслугі з указаннем новых і старых цэн, паведамляе прэс-служба ведамства.

Плануецца, што ў жыроўках, якія прыйдуць у ліпені (за чэрвень), кошт паслуг будзе паказаны ў новых цэнах. А побач будуць публікавацца цэны ў старых грашах у якасці даведачнай інфармацыі.

Падобны фармат інфармацыі ў жыроўках захаваецца да канца года, паколькі, паводле ўказа Прэзідэнта аб дэнамінацыі, у перыяд паралельнага хаджэння старых і новых грошай (з 1 ліпеня па 31 снежня) усе, хто прадае тавары, аказвае паслугі або выконвае работы, павінны паказваць цэны ў двух варыянтах — з нулямі і без іх.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Лік пачынаецца з капейкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».