Вы тут

Лідзія Ярмошына: пададзена 396 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп


За поўную якасную інфармацыю Цэнтрвыбаркаму дзякуюць нават апазіцыянеры.

Учора адбыўся семінар-вучоба членаў акруговых выбарчых камісій Мінскай вобласці па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. У ім прыняла ўдзел старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Перад пачаткам мерапрыемства яна адказала на пытанні журналістаў.


Ініцыятыўныя групы ўжо распачалі працу па зборы подпісаў.

Лідзія Міхайлаўна, у прыватнасці, адзначыла, што такія семінары сталі ўжо традыцыйнымі з пачатку 1990-х гадоў, з таго часу, як стварылася Цэнтральная выбарчая камісія. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, гэтыя непасрэдныя сустрэчы з арганізатарамі выбараў яны цэняць, для іх гэта магчымасць зразумець атмасферу, у якой павінна праходзіць выбарчая кампанія. Што тычыцца метадычных дапаможнікаў, то імі ўжо забяспечаны ўсе. «Мы стварылі добрыя падручнікі, метадычныя рэкамендацыі для ўчастковых, тэрытарыяльных, акруговых выбарчых камісій, а таксама брашуры з нашымі фінансавымі дакументамі. Для Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу падрыхтаваны асобны матэрыял. З гэтым усім можна азнаёміцца на інфармацыйным партале Цэнтральнай выбарчай камісіі. Мне прыемна, што гэта заўважаюць і тыя, хто адносіць сябе да апазіцыі. Сёння я з задавальненнем прачытала пісьмо ад пана Стэфановіча, які падзякаваў Цэнтральнай камісіі за якасны сайт, які дазваляе ўдзельнікам, скажам так, разбірацца ва ўсіх перыпетыях выбарчай кампаніі. Для мяне гэта дарагога каштуе, таму што шэраг нашых палітыкаў часцяком проста бачаць толькі дрэннае, не заўважаючы пазітыўнага», — канстатавала Лідзія Ярмошына.

Акруговыя абласныя выбарчыя камісіі і Мінская гарадская створаны ўпершыню. І, па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, будуць адыгрываць вельмі важную ролю. Па сутнасці, яны ў сваіх рэгіёнах падменяць функцыі Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Раней усе адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ад ініцыятыўных груп ішлі прама ў Цэнтральную камісію. Цяпер гэта ўсё будзе разглядаць адпаведная тэрытарыяльная камісія, а далей скаргі, прэтэнзіі будуць накіроўвацца ў абласныя суды або Мінскі гарадскі суд.

У адказ на пытанне, каму адкрываць дзверы падчас збору подпісаў за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, каб не нарвацца на махляра, Лідзія Ярмошына сказала, што ўсё павінна быць пабудавана на даверы і прыстойнасці ініцыятыўных груп. Выбаршчыкі перш за ўсё павінны ведаць, што члены ініцыятыўных груп маюць адпаведнае пасведчанне, праўда, без фатаграфіі. Яно не сапраўднае без прад'яўлення дакумента з фота. Інакш кажучы, яны павінны паказаць свой пашпарт, службовае, пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, абавязкова — з фатаграфіяй. «Можна таксама запісаць прозвішча таго, хто ў вас быў. Магчыма, у далейшым гэта спатрэбіцца ў выпадку праверак подпісаў, прадстаўленых кандыдатамі, калі вам патэлефануюць», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама падкрэсліла, што будзе разглядацца пытанне па стварэнні безбар'ернага асяроддзя для асоб, у якіх ёсць праблемы са здароўем, з апорна-рухальным апаратам.

Яна адзначыла, што па стане на 7 ліпеня пададзена 396 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Пакуль зарэгістравана 256, але гэта не азначае, што астатнім будзе адмоўлена. Проста ўсё яшчэ ў рабоце. Большасць груп зарэгістравана беспартыйнымі грамадзянамі. Тым не менш ёсць і 91 партыец.

Да таго, што ў парламенце, магчыма, будуць медыйныя асобы, як, напрыклад, спявачка Ірына Дарафеева, Лідзія Ярмошына адносіцца станоўча: «Па сутнасці, мы капіруем расійскі вопыт. Ірына — чалавек малады, і пры гэтым сталы. Прычым папулярны. Не трэба ніякага піяру, адмысловых тэхналогій. Думаю, у прынцыпе такія людзі проста ў натуральна выйгрышным становішчы. Між іншым, галіна культуры ў парламенце была мала прадстаўлена. Таму добра, калі чалавек з сферы культуры будзе дэпутатам».

* * *

Акруговыя выбарчыя камісіі Мінскай вобласці зарэгістравалі 31 ініцыятыўную групу па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, якія прапаноўваюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Усяго было пададзена 49 заяў на рэгістрацыю. Адной ініцыятыўнай групе адмоўлена ў рэгістрацыі ў сувязі з парушэннем дзеючага выбарчага заканадаўства. Пра гэта 6 ліпеня паведаміў старшыня Мінскай абласной выбарчай камісіі Вадзім БАНДАРЭНКА.

Подпісы прадстаўнікі ініцыятыўных груп у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты збіраюць шляхам арганізацыі пікетаў або падворнага абходу грамадзян. На Міншчыне рашэннем раённых і гарадскіх уладаў вызначаны месцы, дзе забараняюцца пікеты. Гэта чыгуначныя вакзалы, аўтавакзалы, тэрыторыі прыблізна ў радыусе 50 метраў ад будынкаў органаў выканаўчай улады, судоў, пракуратуры, воінскіх частак. З дакладнай інфармацыяй на гэты конт можна азнаёміцца на афіцыйных сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

Вадзім Бандарэнка таксама паведаміў, што акруговыя выбарчыя камісіі Мінскай вобласці акрэдытавалі 27 нацыянальных назіральнікаў за ходам выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Найбольшую актыўнасць па вылучэнні назіральнікаў праявілі Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Падручнікі па выбарах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».