Вы тут

Хто мае права на дапамогу па доглядзе за інвалідам


У нашу рэдакцыю напісаў Мікалай Мікалаевіч Ляшчанка з Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Ён расказаў, што яго жонка інвалід 2 групы пажыццёва і за ёй патрабуецца пастаянны догляд. Калі наш чытач звярнуўся ў органы сацыяльнай абароны, каб аформіць гэта і атрымліваць дапамогу па доглядзе, яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што дапамога прызначаецца пры доглядзе за інвалідам 1 групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. Мікалай Мікалаевіч папрасіў дапамагчы разабрацца ў яго сітуацыі газету.


Мы звярнуліся да намесніка старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Тамары Трубчык, каб яна патлумачыла, на якую дапамогу ад дзяржавы можа разлічваць наш чытач.

«Дапамога па доглядзе за інвалідам прызначаецца пры выкананні пэўных патрабаванняў. Палажэнне аб парадку прызначэння і выплаты гэтай дапамогі было зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе, каб падтрымаць, сацыяльна абараніць тых людзей, якія былі вымушаныя звольніцца, страціўшы пры гэтым крыніцу даходу, каб даглядаць за цяжкахворым або састарэлым сваяком.

Такая дапамога прызначаецца пры доглядзе за інвалідам 1 групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. Ваша жонка Ляшчанка Ганна Аляксандраўна з'яўляецца інвалідам 2 групы і не адносіцца да катэгорыі непрацаздольных грамадзян, вызначаных Палажэннем. Пытанне аб прызначэнні дапамогі па доглядзе можа быць разгледжана толькі ў выпадку ўстанаўлення ёй 1 групы інваліднасці. Па гэтым пытанні неабходна звярнуцца ў паліклініку да ўчастковага ўрача.

Аднак нават у выпадку ўстанаўлення вашай жонцы інваліднасці 1 групы права на дапамогу па доглядзе вы, Мікалай Мікалаевіч, мець не будзеце, паколькі атрымліваеце пенсію. Да таго ж, тут ужо паўстаюць маральна-этычныя пытанні: гэта ваша жонка, з якой вы пражылі жыццё. Але права на дапамогу па доглядзе можа з'явіцца ў вашага сына альбо любой іншай асобы, якая будзе ажыццяўляць фактычны догляд за вашай жонкай (пры выкананні пэўных патрабаванняў).

Разам з тым, каб палегчыць вашу жыццёвую сітуацыю, спецыялісты раяць вам звярнуцца ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання па месцы жыхарства. Там за вашай жонкай могуць замацаваць сацыяльнага работніка або, калі будзе медыцынскае заключэнне, што яна мае патрэбу ў паслугах сядзелкі, могуць прапанаваць такія паслугі.

Калі вы знаходзіцеся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, можаце звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне Бярэзінскага райвыканкама з заявай аб аказанні вам матэрыяльнай дапамогі».

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».