Вы тут

Каля 155 тысяч кватэр засталіся непрыватызаванымі


У жніўні арэнду за ліпень заплацяць і тыя, хто пачаў афармляць прыватызацыю ў чэрвені.

Усё, адбылося. З 1 ліпеня ўсе непрыватызаваныя кватэры аўтаматычна перайшлі ў разрад камерцыйнага жылля. Цяпер за квадратныя метры трэба будзе плаціць арэндную плату. Спецыялісты ЖКГ падлічылі, што ў жніўні за арэнду такога жылля прыйдзецца плаціць не менш як 155 тысячам карыстальнікаў непрыватызаваных кватэр. Частка з іх будзе плаціць за арэнду толькі часова. Гэта тычыцца тых, хто ў чэрвені яшчэ паспеў падаць дакументы на прыватызацыю жылля і цяпер чакае, калі завершыцца працэс афармлення.


Каля 140 тысяч кватэр будуць арэнднымі

Адразу нагадаем, што па стане на сярэдзіну чэрвеня ў краіне налічвалася каля 160 тысяч непрыватызаваных кватэр з агульнага абёму жыллёвага фонду, які падлягае прыватызацыі. Атрымлівалася, што прыкладна 93% існуючага жыллёвага фонду знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян. Аднак астатнія 7% застаюцца даволі ўнушальнай лічбай, таму спецыялісты камунальнага сектара вырашылі з другой дэкады чэрвеня пісьмова інфармаваць аб гэтым тых жыхароў жылля, якія за ліпень пачнуць плаціць не толькі па стаўцы камунальных тарыфаў, але і за арэнду дзяржаўнага фонду.

Аднак нейкай сур'ёзнай актыўнасці з боку будучых уласнікаў нерухомасці спецыялісты не назіралі нават у трэцяй дэкадзе чэрвеня. Аказалася, што большасць прынцыповых карыстальнікаў дзяржаўнага жылля пачалі масава несці адпаведныя заявы менавіта ў апошнія дні чэрвеня. Таму Мінжылкамгас прапанаваў сваім арганізацыям забяспечыць прыём дакументаў у будні і выхадныя дні да 20.00, а ў апошнія дні месяца, з 27 па 30 чэрвеня ўключна — з 6.00 да 24.00. Такім чынам, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла запэўніў, што ў гэты дзень іх службы будуць працаваць да апошняга кліента, які вырашыць скарыстацца сваім правам па прыватызацыі жылля.

Праўда, гэтым правам скарысталіся далёка не ўсе. Сёння мы маем папярэднюю інфармацыю па такіх кватэрах толькі па двух рэгіёнах: па Мінску і Гомельскай вобласці. Паводле апошніх звестак кіраўніка прэс-службы міністэрства ЖКГ Генадзя Аксціловіча, за апошнія два тыдні чэрвеня апошнім шанцам у сталіцы скарысталіся 4100 чалавек, а на Гомельшчыне — 1625 грамадзян, якія падалі адпаведныя заявы на прыватызацыю ў службы «аднаго акна» мясцовай адміністрацыі. Нагадаю, што да гэтага часу ў Мінску заставаліся непрыватызаванымі каля 19 тысяч кватэр. Пра астатнія рэгіёны сёння казаць пакуль зарана, але папярэдняя інфармацыя сведчыць аб тым, што ў краіне застануцца непрыватызаванымі не менш як 140 тысяч кватэр дзяржаўнага жыллёвага фонду.

Такім чынам, пакуль, менавіта ў «час тэхнічнай часткі прыватызацыі» — ад рашэння аб перадачы жылога памяшкання ва ўласнасць грамадзяніну да натарыяльнага афармлення дагавора куплі-продажу (прыватызацыі) — плаціць арэнду за пражыванне вымушаны будуць жыхары прыкладна 155 тысяч кватэр.

Мясцовыя каэфіцыенты — ад 1,5 да 0,1

Варта адзначыць, што арандаваць жыллё ў дзяржавы тым, хто пражыў у ім не адзін дзясятак гадоў, будзе значна танней, чым здымаць падобную кватэру па поўнай камерцыйнай цане. Давайце разбяромся, як будзе налічвацца плата за арэнднае жыллё?

Самая дарагая арэнда будзе ў Мінску, дзе прадугледжана сістэма каэфіцыентаў у залежнасці ад планава-эканамічных зон. У першай зоне (Цэнтральны раён) ён складае 1,5, а ў пятай (Калядзічы, Шабаны, Сосны, Сокал і Сцяпянка) — 0,5. Гэты каэфіцыент ужываецца да базавай стаўкі (4 рублі 20 капеек за квадратны метр), а да кошту найму прадугледжаны паніжальны каэфіцыент 0,2. Такім чынам, максімальная стаўка арэнды двухпакаёвай кватэры (48 квадратных метраў) у Цэнтральным раёне складзе 60 рублёў 48 капеек (604 800 рублёў старымі), а мінімальная — 20 рублёў 16 капеек у пятай планава-эканамічнай зоне.

У рэгіёнах мясцовыя каэфіцыенты да базавай стаўкі вагаюцца ад 0,6—0,8 у абласных цэнтрах да 0,1 у населеных пунктах з насельніцтвам да 1 тысячы чалавек. Акрамя таго, тут на агульную суму арэнды дзейнічае паніжальны каэфіцыент 0,1, а не 0,2 — як у Мінску. Напрыклад, у Магілёве і Бабруйску арэнда двухпакаёвай кватэры (48 «квадратаў») складзе 16 рублёў 13 капеек (161 280 старых рублёў), а ў маленькім пасёлку гэтага рэгіёна — 2 рублі 16 капеек.

Умовы растэрміноўкі — абавязковыя для выканання

Калі людзі напісалі заяву на прыватызацыю кватэры, то павінны разумець, што далейшая працэдура каштуе грошай. Ёсць варыянт, калі можна ўнесці першапачатковы ўзнос у памеры 10% ад кошту жылля, а астатняе пагашаць часткамі на працягу 40 гадоў, паведамляюць эксперты міністэрства ЖКГ. Разам з тым, яны нагадваюць, што да пагашэння растэрміноўкі распарадзіцца кватэрай нельга, а ў выпадку нявыплаты ўзносаў дагавор прыватызацыі будзе скасаваны. А вось пасля канчатковага разліку гэтыя абмежаванні будуць знятыя.

З арэндай лепш не жартаваць

Спецыялісты ЖКГ нагадваюць нам, што арэнднае жыллё так і застанецца арэндным нават праз 40 гадоў. Такую нерухомасць нельга прадаць, перадаць па спадчыне, здаць у паднаём.

Дарэчы, адмова ад заключэння дагавора не вызваляе ад платы за карыстанне жылым памяшканнем. Мясцовыя органы ўлады абавязаны пасля 1 ліпеня прапанаваць грамадзяніну афіцыйна аформіць новыя эканамічныя адносіны, і нават у выпадку яго нязгоды рахунак за пражыванне выстаўляецца ва ўстаноўленым парадку. А алгарытм працы з неплацельшчыкамі вядомы. Праўда, у адрозненне ад прыватызаваных кватэр санкцыі да іх значна больш жорсткія. Арэнднага жылля можна пазбавіцца ўжо пры запазычанасці тэрмінам у два месяцы. Прычым наймальнік можа быць выселены без прадастаўлення іншага памяшкання. А гэта ўжо сапраўды сур'ёзна.

Каму можна і не плаціць

А вось маламаёмасным грамадзянам, хто вырашыць перавесці ў ліпені арэндную кватэру ў сацыяльную, плаціць дзяржаве не давядзецца. Гэтай магчымасцю, напрыклад, магуць скарыстацца адзінокія пенсіянеры, ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, інваліды І і ІІ групы, шматдзетныя сем'і, а таксама маці, якім прысвоена званне «Маці-гераіня», і іншыя. Больш падрабязна пра гэтыя катэгорыі гаворыцца ва Указе кіраўніка дзяржавы №563.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Цягнік пайшоў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.