Вы тут

Што адбываецца на Філіпінах?


Прыведзены да прысягі новы прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ. 71-гадовы юрыст шырока вядомым стаў у якасці мэра горада Даваа на востраве Мінданаа (дарэчы, аднаго з найбуйнейшых мегаполісаў у краіне). Гэтую пасаду ён займаў амаль чвэрць стагоддзя — 22 гады. Палітык праславіўся дзякуючы сваім «нефармальным» метадам барацьбы са злачыннасцю. У прыватнасці, Дутэртэ часцяком заклікаў да пазасудовых распраў з бандамі рабаўнікоў і наркагандляроў.

7107 астравоў Філіпін фарміруюць другі па велічыні (пасля Інданезіі) архіпелаг на планеце. Яго працягласць з поўначы на поўдзень складае каля 2000 кіламетраў, а з захаду на ўсход — 900 км. Уяўляеце сабе тэрыторыю? Між тым гэта адна з краін, якая цяпер развіваецца найбольш хуткімі тэмпамі ў свеце. Якім чынам філіпінцам удалося здзейсніць амаль немагчымае і што за перспектывы ў астраўной дзяржавы?


Паміж Іспаніяй і ЗША

Крыху лічбаў для самага агульнага ўяўлення. Філіпінскія астравы — частка Малайскага архіпелага. Даўжыня берагавой лініі перавышае 36,3 тыс. км. Агульная плошча астравоў — 299,7 тыс. км2. Рэльеф складаюць галоўным чынам горы, самы высокі пункт — вулкан Апа (2954 метры над узроўнем мора). Горныя хрыбты маюць вулканічнае паходжанне, паколькі архіпелаг знаходзіцца на стыку мацерыковай і акіянічнай літасферных пліт і ўваходзіць у так званае Ціхаакіянскае вогненнае кольца, якое вылучаецца павышанай сейсмічнасцю. Глыбакаводныя жолабы і вулканічныя астравы — насамрэч адметная рыса Філіпін. Каля ўзбярэжжа вострава Мінданаа праходзіць Філіпінскі жолаб глыбінёй звыш 10 км(!) — адзін з найглыбейшых у сусветным акіяне.

Першыя людзі, як мяркуюць даследчыкі, прыйшлі на Філіпіны па сухапутных прыродных «мастах», якія калісьці звязвалі будучы архіпелаг з Тайванем і Барнэа, у познім плейстацэне (каля 200.000 да н.э.). Знойдзены стаянкі, якія адносяцца да 50 тысячагоддзя да н.э. Пачынаючы з V стагоддзя, на тэрыторыі сучасных Філіпін сфарміравалася цывілізацыя, заснаваная на змешванні розных культур і народнасцяў.

У 1521 годзе тут высаджваецца іспанская экспедыцыя на чале з Фернанам Магеланам. З 1543-га астравы пачалі звацца Філіпінамі ў гонар іспанскага прынца, а пазней караля Філіпа ІІ. Тэрыторыя падпарадкоўвалася віцэ-каралю Новай Іспаніі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі іспанская мова і каталіцызм, за выключэннем паўднёвых мяцежных астравоў, населеных мусульманамі. У 1898 годзе, пасля Іспанска-амерыканскай вайны, Іспанія перадала Філіпіны, Кубу, Гуам і Пуэрта-Рыка Злучаным Штатам Амерыкі за 20 мільёнаў долараў у адпаведнасці з Парыжскім мірным дагаворам.

Падчас Другой сусветнай вайны Філіпіны былі акупаваны японцамі. Фактычна толькі 4 ліпеня 1946 года была абвешчана незалежнасць краіны. У знешняй палітыцы Філіпіны традыцыйна арыентаваліся на ЗША, з якімі ў 1952-м быў заключаны ваенны дагавор. Але з 1980-х улады краіны імкнуліся прытрымлівацца больш незалежнага курсу ў міжнародных справах і дыверсіфікаваць двухбаковыя сувязі ў рэгіёне. Краіна — член ААН і яе спецыялізаваных арганізацый, а таксама міжнародных рэгіянальных аб'яднанняў і органаў, сярод якіх АСЕАН, Азіяцкі банк, Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная канферэнцыя.

Пункты росту

Гаспадарка краіны, цалкам разбураная вайной, было адноўлена да 1951—1953 гадоў. Тэмп прыросту нацыянальнага прадукту ў 1949—1953 гг. быў вельмі высокім — у сярэднім па 13,3% за год, затым паступова знізіўся да 4,6% у 1960—1965 гг. У канцы ХХ стагоддзя Філіпіны перажывалі эканамічны рост, звязаны перш за ўсё з развіццём інфармацыйных тэхналогій і наяўнасцю таннай працоўнай сілы. Дзякуючы развіццю сектара паслуг, павелічэнню прамысловай вытворчасці і заахвочванню экспарту, ВУП вырас на 4,4% у 2002-м і на 4,5% у 2003-м. Сур'ёзнымі праблемамі для філіпінскай эканомікі застаюцца нераўнамернае размеркаванне даходаў, высокі ўзровень беднасці (у 2001-м каля 40% насельніцтва жыло ніжэй за рысу беднасці) і буйная запазычанасць (аб'ём дзяржаўнага доўгу дасягаў 77% ВУП). У 2003-м ВУП складаў, па ацэнцы, 390,7 млрд долараў — $4600 на душу насельніцтва.

Рэзкае павелічэнне долі прадукцыі апрацоўчай прамысловасці ў экспарце — з менш чым 10% у 1970-м да 75% у 1993-м — зрабіла гэтую галіну гаспадаркі галоўнай крыніцай валютных даходаў Філіпін. Асабліва важнае месца ў вывазе занялі электроннае абсталяванне і адзенне. Філіпіны ўваходзяць у дзясятку найбуйнейшых сусветных вытворцаў хрому. З рудных мінералаў сустракаюцца золата, медзь, нікель, жалеза, свінец, марганец, серабро, цынк і кобальт. Запасы нафты былі выяўлены ля ўзбярэжжа вострава Палаван.

Філіпіны актыўна імкнуцца да самазабеспячэння электраэнергіяй. Гарачая пара з нетраў зямлі ўпершыню была выкарыстана ў якасці крыніцы энергіі ў 1980-м, а цяпер краіна займае другое месца ў свеце пасля ЗША па маштабе развіцця геатэрмальнай электраэнергетыкі. У 1996-м 63% электраэнергіі было выраблена цеплавымі станцыямі (у тым ліку 42% працуюць на вадкім паліве), 15% — ГЭС і 23% — геатэрмальнымі станцыямі.

Слова і справа

Паводле прагнозу МВФ, да 2020 года валавы ўнутраны прадукт Філіпін павялічыцца да $510 млрд. Чакаецца, што гэта будуць самыя высокія тэмпы развіцця сярод усіх буйных эканомік Усходняй і Паўднёвай Азіі. У выніку да канца гэтага дзесяцігоддзя Філіпіны па аб'ёме ВУП абгоняць Сінгапур і Тайланд і амаль зраўняюцца з Малайзіяй. Прагнозы на больш аддаленую перспектыву — да 2050 года — малююць перад гэтай астраўной краінай яшчэ больш глабальныя перспектывы.

У 2014 годзе, паводле звестак нацыянальнай статслужбы PSA, на долю сельскай гаспадаркі прыпала толькі 11,3% філіпінскага ВУП, на долю прамысловасці — 31,4%, а 57,3% забяспечыла сфера паслуг. У прамысловасці заўважную ролю адыграюць суднабудаванне (Філіпіны ў гэтай галіне займаюць чацвёртае месца ў свеце пасля Кітая, Паўднёвай Карэі і Японіі), вытворчасць электронікі і іншых высокатэхналагічных кампанентаў.

Палітычная сітуацыя ў краіне стабільная і спакойная. Адсутнасць пагрозы тэрактаў і войнаў спрыяе развіццю турызму на Філіпінах. Выбар філіпінцаў абумоўлены не настальгіяй па аўтарытарызме, а хутчэй абурэннем у адрас эліты. Дарэчы, такая тэндэнцыя цяпер назіраецца па ўсім свеце. Філіпінская палітыка заўсёды была больш зарыентавана на асобу, чым на стратэгіі. Дутэртэ апеляваў да тых праблем, якія ўяўляліся большасці філіпінцаў найбольш істотнымі (высокі ўзровень злачыннасці, эканамічныя праблемы, карупцыя). Акрамя таго, ён аўтсайдар адносна таго закрытага кола эліты, з якога пераважна фарміравалася філіпінская ўлада, і гэта толькі дабавіла яму прывабнасці ў вачах выбаршчыкаў.

За Дутэртэ, якога падтрымалі левыя партыі, аддалі галасы больш як 16,5 мільёна філіпінцаў — 39 працэнтаў выбаршчыкаў паверылі ў яго абяцанні пакончыць са злачыннасцю і наркагандлем у краіне за паўгода. Дутэртэ заяўляў, што будзе дабівацца ад парламента аднаўлення смяротнага пакарання праз павешанне, адмененага ў краіне ў 2006 годзе, забароніць гандаль алкаголем і тытунём і ўвядзе каменданцкі час для дзяцей.

У Радрыга Дутэртэ словы са справай не разыходзяцца. Дастаткова прывесці адзін прыклад. Летась нейкі турыст у адной з кавярняў Даваа адмовіўся патушыць цыгарэту, парушаючы тым самым гарадскі антытытунёвы закон. Уладальнік установы патэлефанаваў мэру. Дутэртэ асабіста прыбыў у бар і прымусіў турыста... з'есці недакурак. Мяркуючы па гэтым эпізодзе, цяперашні філіпінскі прэзідэнт насамрэч добра ведае, як трэба рабіць. І што б ні казалі, факт застаецца фактам: пры Дутэртэ ўзровень злачыннасці ў Даваа рэзка знізіўся, а ўзровень жыцця павысіўся. Паглядзім, ці атрымаецца ў яго так зрабіць у маштабе 7107 астравоў.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У краіне сямі тысяч астравоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».