Вы тут

Старшыня сельскага Савета апраўдвае давер землякоў


Да аўтавакзала ў Мядзеле ліха падрульвае «Волга».

— Сядайце, калі ласка, — гучыць запрашэнне. — Я Вера Хацяновіч, старшыня Сваткаўскага сельскага Савета, вы ўчора мне тэлефанавалі...

У салоне аўтамабіля яшчэ адна жанчына — Валянціна Анатолеўна Стрэж, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў.


— Сваткаўскі — наш лепшы сельсавет. Нездарма Вера Уладзіміраўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яе ўклад у развіццё мясцовага самакіравання сапраўды нельга пераацаніць. Яна ўжо 15 гадоў на сваёй пасадзе. Такія работнікі на вагу золата.

— Ой, не трэба мяне так хваліць, — усміхаецца Вера Уладзіміраўна. — Пагадзілася на гэтую пасаду часова. Думала папрацую крыху — ды сыду.

Але... адразу закруцілася на новай рабоце. Людзі, клопаты, праблемы... Канешне, цяжка было. Ды сумленне не дазволіла, так бы мовіць, дэзерціраваць.

— Здаецца, такіх добрых, сумленных, шчырых і працавітых людзей, як у нас, нідзе больш няма. Ёсць цэлыя дынастыі жывёлаводаў, трактарыстаў, хлебаробаў. Канешне ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Сваткі» рады і прыезджым, але толькі тым, хто адказна ставіцца да работы, — расказвае Вера Уладзіміраўна.

Сваткаўскі сельсавет у параўнанні з іншымі невялікі: 26 населеных пунктаў, дзе жыве 1160 чалавек, налічваецца 540 двароў. Але пытанняў, з якімі звяртаюцца сяльчане, як і ўсюды, шмат. Бывае і так, што няма магчымасці вырашыць канкрэтную праблему. Калі яна не пад сілу, то старшыня так і кажа. Магчыма, камусьці гэта не падабаецца. Ды лепш праўда, чым пустыя абяцанкі. «Калі не стрымаеш слова, то людзі зусім па-іншаму будуць да цябе адносіцца», — упэўнена Вера Хацяновіч.

Сёлета з раённага бюджэту выдзелілі 40 млн рублёў на добраўпарадкаванне. За гэтыя грошы і могілкі трэба прывесці ў парадак, і агароджы паставіць, і абкасіць, і нешта падрамантаваць. Вядома, на ўсё не хапае. Паблізу вялікіх гарадоў сельвыканкамы зарабляюць шляхам продажу зямельных участкаў, аб'ектаў нерухомасці. У Сватках, якія знаходзяцца далёка ад бойкіх шляхоў, такой магчымасці няма. Праўда, у 2013 годзе прадалі ўчастак у вёсцы Наўры за 17 млн рублёў. Сёлета 15 ліпеня запланавалі яшчэ адзін аўкцыён па продажы зямельнага надзела. У фінансавым аддзеле райвыканкама паабяцалі, што ўсе грошы пакінуць сельсавету на добраўпарадкаванне. «Думаю, ахвотныя на гэтую зямлю будуць», — спадзяецца мая суразмоўца.

— Работа сама знаходзіць Веру Уладзіміраўну, — жартуе Валянціна Стрэж. — Каза залезла ў агарод — бягуць скардзіцца ў сельвыканкам, святло прапала — таксама да яе. Па кожнай дробязі. Некага трэба памірыць з суседам, іншага проста суцешыць...

— Часам вельмі стамляюся. Думаю, дапрацую да канца гэтага склікання — і ўсё. Кажу сваім землякам: маўляў, пабуду год дома, а там знайду іншую работу. Дык яны смяюцца ў адказ: не вытрымаеш. Сапраўды, з іншага боку, як без зносін з людзьмі, я жыву іх праблемамі, зраслася з імі каранямі, — разважае Вера Хацяновіч. — Хоць без работы і дома не застанешся. На падворку куры, карова, бык. Летась хацелі збыць рагулю, але.

Як жа ў вёсцы без каровы? Людзі скажуць: яна нас агітуе за падсобную гаспадарку, а сама пазбавілася ад карміліцы.

— Дарэчы, у нашым раёне з 9 старшынь сельскіх Саветаў толькі Вера Уладзіміраўна трымае вялікую гаспадарку, — удакладняе Валянціна Анатолеўна. — Яна наша, мясцовая, з дзяцінства да працы прывучаная. Яна тут усіх ведае, і яе ведаюць таксама.

У суседніх Альсевічах, дзе Вера нарадзілася, жыве яе старэнькая матуля, якую дачка забірае на зіму да сябе, а вясной адвозіць у родную хаціну. Добра, што ў жанчыны ёсць клапатлівая дачка, зяць, двое ўнукаў, якія падтрымліваюць, дапамагаюць. Не нарадуецца яна і праўнукам. Але ў вёсках сельсавета нямала адзінокіх, адзінока пражываючых пенсіянераў. Вера Уладзіміраўна часта іх наведвае, цікавіцца, якая дапамога ім патрэбна. Бывае, што чалавеку нічога не трэба. Галоўнае, каб яго выслухалі. Выгаварыцца — і лягчэй становіцца: адзінота — цяжкая ноша. У вёсцы Узла, напрыклад, працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якое прытуліла і некаторых сваткаўскіх жыхароў. Валянціна Уладзіміраўна пры нагодзе ніколі не абміне гэты дом, дзе загадчыцай дэпутат сельскага Савета Бернарда Макоска.

А наогул, працаваць заўсёды лягчэй, калі работнікі не дзеляць абавязкі на «свае» і «чужыя». Невялікі калектыў Сваткаўскага сельскага Савета — дружная каманда: кіраўнік спраў Наталля Калбун, бухгалтар Алена Раскова. Жанчыны падстрахоўваюць адна адну, замяняюць, разам працуюць на суботніках, дзяжураць падчас свят, могуць прыйсці на работу раней і затрымацца дапазна. Бадай, таму і няма скаргаў ад вяскоўцаў на арганізацыю гандлю, пошты, транспарту. На кантролі мясцовай улады — работа аўтакрамаў, стан дарог, якасць вулічнага асвятлення.

— Мне здаецца жыццё ў горадзе робіць чалавека больш жорсткім, нястрыманым. Усе спяшаюцца, бягуць, часта не саступаюць адно аднаму дарогу. Калі бываю ў сталіцы на курсах, семінарах, то ледзь вытрымліваю тыдзень, — кажа Вера Хацяновіч. — І сэрца баліць, і галава... А вернешся назад — зноў здаровы, адпачываеш душой сярод сваіх людзей.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Наша Вера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?