Вы тут

Ці будзе ўдасканалена дапрызыўная падрыхтоўка школьнікаў?


На V Усебеларускім народным сходзе начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей БОБРЫКАЎ прапанаваў удасканаліць дапрызыўную падрыхтоўку школьнікаў.


— Сяргей Валянцінавіч, чаму ўзнікла неабходнасць узняць гэтае пытанне на такім высокім узроўні?

— Мы даўно вывучаем сітуацыю. Бачым, якія да нас прыходзяць выпускнікі школ. Нас цікавіць, як яны падрыхтаваны да воінскай службы. Паглядзелі, што ёсць праблемы, і пачалі шукаць іх карані. Раней у школах былі выкладчыкі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. За імі значыліся свой кабінет, класнае кіраўніцтва, памяшканне для захоўвання зброі, цір. Гэтыя людзі прадметна займаліся падрыхтоўкай і юнакоў, і дзяўчат: адных — да ваеннай службы, іншых навучалі асновам медыцыны. Цяпер сітуацыя некалькі іншая. У Беларусі налічваецца больш як 2,5 тысячы школ, на якія прыпадае прыкладна 560 выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Гэта вельмі мала. І нават цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі (9 у Мінску, адзін у Магілёве і 20 у Гомельскай вобласці) не вырашаюць гэтую праблему.

— І каб вырашыць гэтую праблему, вы прапануеце звярнуцца да мінулага вопыту. Нездарма кажуць: усё новае — добра забытае старое...

— Мы паглядзелі, якім чынам уводзілася пачатковая ваенная падрыхтоўка ў Савецкім Саюзе. Гэта пачыналася ў далёкім 1968 годзе. Было рашэнне ўрада, пастаўлены задачы перад Міністэрствам абароны, перад ДТСААФ, іншымі сілавымі ведамствамі. І пасля апрабавання гэтага пытання на пэўных школах і сярэдніх спецыяльных установах да 1972 года была выбудавана вельмі дакладная сістэма. Кіраўнік дзяржавы, выступаючы на сходзе, вельмі добра выказаўся наконт сістэмы адукацыі. Сапраўды, не трэба ламаць тое, што было зроблена раней. Мы вярнуліся да гэтага добрага вопыту і паглядзелі, што ў гэтым нічога дрэннага няма.

— Вы звяртаеце ўвагу на недастатковую колькасць спецыялістаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Як будзе вырашацца пытанне кадраў?

— Спецыяліст, які цяпер рыхтуе дзяцей да вайсковай службы, не зусім адпавядае тым патрабаванням, якія былі раней. У асноўным, гэта людзі не ваенныя. Больш за тое, каб дабраць патрэбныя да стаўкі гадзіны, яны вымушаны выкладаць працоўнае навучанне, асновы бяспекі жыццядзейнасці, фізічнае выхаванне... А мы хацелі б, аб чым і казалі на сходзе, каб яны займаліся менавіта пытаннямі дапрызыўнай падрыхтоўкі. І гэта здольная зрабіць вялікая колькасць афіцэраў запасу, якія падрыхтаваныя і скіраваныя на гэтую работу, чым раней і займаліся.

— А наколькі мэтазгодна сёння адводзіць частку навучальнага працэсу на дапрызыўную падрыхтоўку?

— Нам трэба займацца не толькі ваеннай падрыхтоўкай. Мы бачым, якія ёсць праблемы. Узяць хоць бы сітуацыю, калі падчас адпачынку ў расійскім лагеры загінулі падлеткі. Магчыма, каб яны мелі першасныя навыкі выратавання людзей на вадзе, умелі правільна аказваць медыцынскую дапамогу, трагедыі не адбылося б.

Трэба, каб маладыя людзі былі падрыхтаванымі да любых сітуацый. У Гомелі, напрыклад, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях створаны цэнтр па выжыванні ў экстрэмальных умовах. Але гэтага недастаткова. Мы хочам выйсці на дзяржаўную праграму грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

— Пра патрыятычнае выхаванне даволі шмат гаварылася і на V Усебеларускім народным сходзе...

— Вялікіх праблем у гэтым плане ў нас, вядома, няма. Моладзь у нас нядрэнная. Яна проста іншая. Калі мы трапілі ў гэтую сур'ёзную дэмаграфічную яму, то перанакіравалі сваю работу на кадэцкія вучылішчы. Аб'ездзілі ўсе вучылішчы Беларусі і ўбачылі, што там вядзецца якасная мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы да паступлення не толькі ў Ваенную акадэмію, а і ў навучальныя ўстановы іншых сілавых структур.

Безумоўна, вядзецца барацьба за абітурыента. Але мы адносімся да гэтага пытання па-дзяржаўнаму: калі выхаванец кадэцкага вучылішча аддасць перавагу іншаму сілавому ведамству — гэта добра. Усе мы — патрыёты сваёй Радзімы.

І вельмі правільна адзначыў падчас сходу кіраўнік дзяржавы, што задачы па выхаванні патрыятызму стаяць зараз высока і такія словы, як суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць і незалежнасць — для нашай краіны вельмі важныя паняцці. Мы часам забываем, што ўжо шмат гадоў жывём без вайны. Можа, дзесьці мы не атрымліваем так шмат, як хацелася б. Але ў нас — мірнае неба, не ляцяць кулі над галавой і не гінуць людзі. Вось гэта важна. І ніяк не павінна стаяць далёка ад патрыятызму.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Урокі патрыятызму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».