Вы тут

На словах і па факце


Несумненна, што галоўнай геапалітычнай падзеяй мінулага тыдня быў саміт НАТА, які прайшоў у Варшаве. Найбольшую цікавасць уяўляла пазіцыя ЗША, чый лідар прысутнічаў на саміце. У артыкуле, апублікаваным у газеце Fіnancіal Tіmes, тэрміновымі выклікамі для НАТА Барак Абама назваў тэрарыстычную групоўку Ісламская дзяржава, Расію, а таксама канфлікты ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і Brexіt. Самым сур'ёзным наступствам саміту для Беларусі стала зацвярджэнне папярэдне адобранага рашэння, у адпаведнасці з якім у Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію дашлюць па батальёне для ўзмацнення сіл НАТА на ўсходнім напрамку. У складзе кожнага батальёна будзе да тысячы ваеннаслужачых, фарміравацца яны будуць галоўным чынам за кошт кадраў з ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Канады. Узмацненне НАТА на межах Беларусі і Расіі суправаджалася традыцыйнай рыторыкай пра нежаданне рэалізацыі сцэнарыя халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў, але па факце з'яўляецца элементам новай халоднай вайны, якая ўжо вядзецца. Хоць, як адзначыў беларускі міністр замежных спраў, Беларусь не будзе разглядаць такое размяшчэнне як прамую пагрозу для нашай бяспекі, наша краіна не можа адобрыць падобнае рашэнне. Уладзімір Макей заклікаў да прамога і шчырага дыялогу паміж усімі зацікаўленымі бакамі, каб зняць недавер і своечасова адрэагаваць на нейкія непрадбачаныя негатыўныя сітуацыі, звязаныя з пытаннямі бяспекі.

Цікава адзначыць, што падчас саміту прэзідэнт ЗША правёў перамовы з польскім прэзідэнтам, па выніках якіх на прэс-канферэнцыі выказаў крытыку з нагоды нядаўніх змяненняў у польскім заканадаўстве, якія тычацца абмежавання паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда. На думку Абамы, ад прынятых крокаў трэба адмовіцца. Польскі прэзідэнт ніяк не пракаментаваў крытыку з боку лідара ЗША.


КНДР працягвае, насуперак санкцыям з боку сусветнай супольнасці, развіваць свае магчымасці па дастаўцы боегаловак на вялікія адлегласці з дапамогай балістычных ракет. 9 ліпеня быў ажыццёўлены пуск ракеты з падводнай лодкі, які завяршыўся няўдала. Папярэдні запуск балістычнай ракеты з падводнай лодкі быў ажыццёўлены 24 красавіка і таксама скончыўся няўдачай. Акрамя гэтага, пастаянна праводзяцца запускі балістычных ракет наземнага базіравання. Усё гэта служыць для ЗША добрым апраўданнем, каб узмацняць сваю ваенную прысутнасць у рэгіёне, накіраваную галоўным чынам не супраць КНДР, а супраць Кітая. У прыватнасці, на мінулым тыдні было ўзгоднена рашэнне аб размяшчэнні ў 2017 годзе на тэрыторыі Паўднёвай Карэі амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны, што ўключае ў сябе радар, з дапамогай якога можна адсочваць практычна ўсю тэрыторыю Кітая.


На тэрыторыі ЗША прайшоў новы маштабны тэракт у Даласе. У ходзе пратэстаў супраць жорсткіх дзеянняў амерыканскай паліцыі ў адносінах афраамерыканцаў у папярэднія тыдні, адзін з дэманстрантаў адкрыў агонь па паліцэйскіх. Забіта пяць, паранена шэсць афіцэраў паліцыі. Тэрарыст-афраамерыканец, які аказаўся былым удзельнікам ваенных дзеянняў у Афганістане, быў ліквідаваны бомбай, дастаўленай робатам на падземную паркоўку, дзе ён хаваўся. Тэракт выклікаў такі рэзананс у СМІ ЗША, што амерыканскі прэзідэнт прыняў рашэнне скараціць сваю еўрапейскую паездку на адзін дзень, каб раней вярнуцца ў ЗША.


Тэрарыстычная групоўка Ісламская дзяржава перажывае нялёгкія часы. Тэрыторыя пад яе кантролем няўхільна скарачаецца, прыток новых членаў арганізацыі рэзка запаволіўся, усё большы негатыўны ўплыў на фінансы групоўкі аказваюць шматлікія меры, якія прымаюцца па ўсім свеце супраць спонсараў, і антытэрарыстычныя аперацыі на акупаванай тэрыторыі Сірыі і Ірака. Пачашчаюцца выпадкі дэзерцірства з поля бою, што прымушае арганізацыю прымаць новыя меры дзеля спынення гэтай тэндэнцыі. У прыватнасці, на мінулым тыдні сем дэзерціраў былі зажыва звараныя.


Прэзідэнцкая кампанія ў ЗША набірае абароты. Тым часам робяцца ўсё новыя і новыя спробы скампраметаваць вядучых кандыдатаў гонкі за пасаду прэзідэнта — Хілары Клінтан і Дональда Трампа. Так, пятага ліпеня Дональд Трамп быў абвінавачаны ў антысемітызме, на падставе фатаграфіі ў Twіtter, на якой была намаляваная шасціканцовая зорка. Каманда Трампа зрабіла ход у адказ — зяць кандыдата ў прэзідэнты Джарэд Кушнер апублікаваў артыкул, у якім расказаў, што з'яўляецца нашчадкам яўрэяў з Беларусі, якія цудам выжылі падчас нацысцкага генацыду. Збегшы з гета ў Навагрудку, яго бабуля ўступіла ў атрад партызан Бельскіх, дзе і пазнаёмілася з яго дзедам.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.