Вы тут

Вецер, падобны на тарнада, калечыў жывёлу і людзей


 

Надвор'е, што прыйшло ў Беларусь на пачатку гэтага тыдня, ужо ў панядзелак нанесла нямала шкоды. Як паведамляе прадпрыемства «Белэнерга», толькі 11 ліпеня без святла застаўся 301 населены пункт па ўсёй краіне. Па стане на 9 гадзін раніцы 12 ліпеня без энергазабеспячэння заставаліся 29 населеных пунктаў. Асабліва цяжка прыйшлося паўночна-заходнім рэгіёнам Беларусі: шквалісты вецер і смерч выдзіраў з зямлі дрэвы, пераварочваў машыны і нават разбураў будынкі...


Раз­бу­ра­ны ганд­лё­вы па­віль­ён у Шар­каў­шчы­не.

Эпіцэнтрам стыхіі стала Шаркаўшчына — над райцэнтрам пранёсся сапраўдны тарнада, шматлікія здымкі якога выкладвалі ў інтэрнэт відавочцы. Па аператыўнай інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у 16:30 на запасных пуцях чыгуначнай станцыі ў гарадскім пасёлку былі сарваны два казлавыя краны. Ад інцыдэнту ніхто не пацярпеў, затрымкі ў руху цягнікоў не было. У гэты ж час зусім непадалёк, у вёсцы Маркі Шаркаўшчынскага раёна абваліліся тры цялятнікі 1960 года пабудовы, якія належалі мясцовай малочна-таварнай ферме. Пацярпелыя — 35 гадавалых цялят. На аўтадарозе побач з пасёлкам гарадскога тыпу перавярнуўся грузавы аўтамабіль ІVECO.

На жаль, не абышлося ў Шаркаўшчыне і без пацярпелых сярод людзей. З траўмамі рознай ступені цяжкасці, атрыманымі на тэрыторыі прыватных дамоў, шпіталізаваны грамадзянкі. На вуліцы Маладзёжнай вецер перавярнуў цэлы гандлёвы павільён, які належаў мясцовай індывідуальнай прадпрымальніцы. У выніку прадаўшчыца атрымала рэзаныя раны абодвух перадплеччаў і пералом шыйкі бядра. Жанчыну даставілі ў бальніцу для аказання дапамогі.

Былі праблемы і ў іншых рэгіёнах. У Скідзелі без электраэнергіі амаль на гадзіну застаўся мясцовы хлебазавод. Усяго, як паведамляюць у прэс-службе МНС, ад стыхіі пацярпелі Гродна і сем населеных пунктаў Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Лік пашкоджаных будынкаў ідзе на дзясяткі: 26 жылых дамоў, адзін аб'ект сацкультбыту, адна вытворчая і тры сельскагаспадарчыя пабудовы. Вецер паваліў паўсотні дрэў, у выніку чаго былі пашкоджаны дзве легкавыя машыны.

Нямала шкоды прынесла і маланка. Толькі ў Гродзенскай вобласці ад удараў бліскавіцы загарэліся тры пабудовы: адміністрацыйны будынак свінагадоўчага комплексу ў вёсцы Фарны Канец Шчучынскага раёна, а таксама гаспадарчыя пабудовы ў Гальшанах Ашмянскага раёна і вёсцы Балічы таксама пад Шчучынам.

Як паведамляюць сіноптыкі, надвор'е ў Беларусі працягне заставацца нестабільным. Пры дастаткова высокай тэмпературы (у паўднёвых раёнах да 36 градусаў) па ўсёй тэрыторыі краіны на працягу тыдня чакаюцца дажджы і навальніцы з парывамі ветру да 15—20 метраў за секунду. Таму цалкам верагодна, што непагадзь яшчэ паспее нашкодзіць.

Што рабіць, калі вас заспела навальніца?

Парады ад МНС

• Найбольшую небяспеку для чалавека падчас навальніцы ўяўляе маланка. Таму ў непагадзь не варта знаходзіцца паблізу ад жалезабетоннага палатна, вадаёмаў, высокіх аб'ектаў без маланкаадвода. Нельга дакранацца да ствалоў дрэў, металічных канструкцый. Непажадана знаходзіцца побач з уключанымі электрапрыборамі, праводкай, металічнымі прадметамі.

• Калі непагадзь заспела вас дома, адключыце ад сілкавання ўсе электрапрыборы, выцягніце з тэлевізара штэкер знешняй антэны, спыніце тэлефонныя размовы. Зачыніце дзверы і дымаходы. Не знаходзьцеся каля акна, печы, коміна, масіўных металічных прадметаў, на даху і на гарышчы.

• Знаходзячыся на вуліцы, пакіньце адкрытую прастору і схавайцеся ў любым будынку ці пад'ездзе. Не дакранайцеся да сцен пабудовы, калі ўкрываецеся пад «казырком». Не карыстайцеся мабільным тэлефонам (лепш яго выключыць). Не стойце побач са слупамі і рэкламнымі шчытамі.

• Машыну падчас навальніцы варта спыніць і перачакаць разгул стыхіі ў салоне. Трэба зачыніць вокны, апусціць антэну і заглушыць рухавік. Не варта браць у рукі мабільны тэлефон, кранаць металічныя прадметы, ручкі дзвярэй.

• У лесе пажадана трымацца далей ад адзіночных высокіх дрэў, нельга знаходзіцца каля вогнішча, бо цёплае паветра лепш праводзіць ток. Схавацца можна пад нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Варта звярнуць увагу на наваколле — калі бачыце недалёка расшчэпленыя маланкай дрэвы, змяніце месца, бо гэта паказчык добрай электраправоднасці грунту.

• На адкрытай мясцовасці трэба сысці ад ліній электраперадачы і правадоў. Схавацца можна ў лагчыне ці рове. Калі нізін побач няма, можна прыгнуцца да зямлі ці нават легчы на яе. Нельга хавацца каля стагоў сена, у адзіночных бараках ці хлявах. Нельга хадзіць басанож і падымаць над галавой прадметы з высокай электраправоднасцю: лапаты, матыкі, косы.

• Тэрыторыю вадаёма падчас навальніцы варта пакінуць, знайсці сховішча трэба на беразе. Калі гэта немагчыма, асушыце лодку, пры наяўнасці тэнта падыміце яго. Апраніце на сябе сухое, сядзьце далей ад мачтаў і падкладзіце пад сябе гумавыя боты ці ратавальную камізэльку. Рыбалку варта спыніць, бо снасці могуць праводзіць ток.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нарабіла бяды непагадзь

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.