Вы тут

Разгул стыхіі працягваецца


Спіс наступстваў непагадзі, што ўсталявалася ў Беларусі на гэтым тыдні, працягвае папаўняцца. Пасля таго, як па паўночным захадзе краіны прайшлі навальніцы са смерчамі, надышла чарга іншых рэгіёнаў і сталіцы. Паваленыя дрэвы, дзясяткі пашкоджаных аўтамабіляў, затапленні на шматлікіх вуліцах — з усім гэтым сутыкнуўся Мінск 13 ліпеня.


Пакуль супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях працягвалі працаваць у Шаркаўшчынскім раёне, дзе ў панядзелак прайшла магутная бура (па рашэнні ўрада ў гэты рэгіён ужо накіраваны дадатковыя сродкі з дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву), непагадзь бушавала ў іншых месцах. Па інфармацыі МНС, у аўторак ад стыхіі пацярпелі 15 населеных пунктаў у 11 раёнах Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Пашкоджаны дахі 78 жылых дамоў, 3 аб'екты сацкультбыту, 1 вытворчае і 38 сельскагаспадарчых збудаванняў. На шчасце, ад стыхіі ніхто не пацярпеў. Аварыйныя брыгады праводзяць аднаўленчыя работы.

Калі эпіцэнтрам катаклізму ў панядзелак стала Шаркаўшчына, то ў аўторак найбольш пацярпеў Дзяржынск. Так, на чыгуначным перагоне Негарэлае — Койданава — Фаніпаль вецер паваліў на рэйкі дрэвы. Цягнікам давялося рухацца ў абодвух кірунках па адным пуці, затрымка ў руху склала ад 8 да 55 хвілін. Увечары нармальны рух быў адноўлены. Яшчэ адно дрэва, на гэты раз у самім горадзе, упала на газаправод высокага ціску. Без забеспячэння палівам застаўся мясцовы завод лакафарбавых вырабаў, але вытворчасць не спынілася. Са 111 зафіксаваных па краіне выпадкаў падзення дрэў 95 адбылося менавіта на Дзяржыншчыне.

Не нашмат лепшай была сітуацыя і ў іншых рэгіёнах. У аварыйным парадку адключылася падстанцыя «Хойнікі-1», пакінуўшы без электраэнергіі сем населеных пунктаў і сам райцэнтр. Як паведамляе «Белэнерга», агульная колькасць абясточаных населеных пунктаў у аўторак зноў узрасла да амаль трох соцень. Раніцай серады без электраэнергіі заставалася 10 населеных пунктаў, 1 сельскагаспадарчы будынак і 34 трансфарматарныя падстанцыі на Магілёўшчыне і Міншчыне.

У сераду ж са стыхіяй сутыкнуліся жыхары сталіцы. Магутная бура і залева на некаторы час літаральна паралізавалі жыццё горада. Бачнасць на дарогах падчас навальніцы знізілася амаль да нуля. Асобныя раёны традыцыйна сутыкнуліся з падтапленнямі. Вуліцы Няміга, Гурскага, Лабанка, Каліноўскага, Кірава, Фрунзэ, праспект Ракасоўскага і многія іншыя апынуліся пад вадой. Усяго было зафіксавана каля 50 затопленых месцаў. Па інфармацыі прэс-сакратара Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталя ДЭМБОЎСКАГА, у горадзе быў уведзены план «Пасейдон», а на месцы падтапленняў была напраўлена тэхніка міністэрства і прадпрыемства «Гаррэмаўтадар».

Па стане на 16 гадзін 13 ліпеня ў сталіцы было павалена не менш за 100 дрэў, пашкоджаны шматлікія аўтамабілі, у некаторых дамах выбіты шыбы. Усяго ў горадзе працавала 30 машын МНС, 140 ратаўнікоў. Як мінімум адзін пацярпелы быў шпіталізаваны.

Аранжавы ўзровень небяспекі захаваецца па ўсёй тэрыторыі краіны і сёння. Удзень сіноптыкі прагназуюць пераменную воблачнасць, а ўночы — дажджы і навальніцы, у асобных раёнах град. На захадзе краіны чакаюцца моцныя залевы.

Непрыемнае здарэнне адбылося ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Быў затрыманы прылёт рэйсаў з Масквы і Амстэрдама. Самалёты авіякампаніі «Белавія», што ляцелі з Тэль-Авіва і Ларнакі, сышлі на запасны аэрапорт у Гомель. Акрамя гэтага, два судны сутыкнуліся на тэрыторыі аэрапорта, адно з іх належыць беларускаму перавозчыку. Як паведамляюць у «Белавія», у выніку інцыдэнту ахвяр і параненых няма. На сайце аэрапорта гаворыцца, што ён працуе ў штатным рэжыме, а ў выніку непагадзі ніхто з супрацоўнікаў, пасажыраў і наведнікаў не пацярпеў. Разам з тым павалены дрэвы і асобныя рэкламныя канструкцыі. У будынку аэравакзала выбіта некалькі вокнаў і дэфармавана пакрыццё столі каля іх. Праводзіцца ліквідацыя выяўленых пашкоджанняў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.