Вы тут

Мегаполісы, аб стварэнні якіх марылі яшчэ зусім нядаўна


Горад-атракцыён, горад-карабель, горад-воблака... Здавалася б, чыстая фантастыка. Але ўсё гэта магло быць пабудавана на самай справе, раз і назаўсёды змяніўшы аблічча звыклага для нас свету. Давайце паглядзім на самыя дзіўныя нерэалізаваныя праекты.


Цуд-горад Дыснея

Калі б вялікі мультыплікатар ажыццявіў сваю задуму, то цяпер на карце Фларыды замест парку забаў Dіsney World значыўся б горад-унікум з дзіўнай назвай EPCOT. Гэта абрэвіятура, за якой хаваецца «Эксперыментальны прататып супольнасці будучыні» (Experіmental Prototype Communіty of Tomorrow).

«Гэта будзе ідэальны горад з надзейным грамадскім транспартам і высокаразвітым адміністрацыйным цэнтрам, накрыты ў любое надвор'е купалам, устойлівым да атмасферных уздзеянняў звонку, — марыў Дысней. — Пасярод пышнай зеляніны размесцяцца ўзорныя прадпрыемствы, лёгкадаступныя для супрацоўнікаў, якія будуць жыць паблізу ў ідылічных прыгарадных сектарах».

Як бачыце, Дысней мысліў вельмі маштабна. Яго горад-утопія задумваўся як поўная супрацьлегласць далёка не ідэальнага Лос-Анджэлеса 1950-х. Для яго пабудовы вялікі мультыплікатар хуценька прыкупіў у Фларыдзе ўчастак балоцістай мясцовасці плошчай 112 кв. кіламетраў: па яго перакананні, гэтага цалкам хапіла б, каб увасобіць любыя неверагодныя планы. EPCOT, разлічаны на 20 000 жыхароў, меў радыяльную планіроўку. У цэнтры — гатэль у 30 паверхаў і бізнес-парк, вакол іх — грамадскія будынкі, школы і забаўляльныя комплексы, па перыметры — спальныя раёны. Практычна ўвесь горад — суцэльная пешаходная зона, а аўтамабілі імчацца па падземных трасах. Ездзіць па версе можна на монарэйцы, больш падобнай на атракцыён, чым на грамадскі транспарт. Зямлю ў EPCOT людзі б не куплялі, а бралі ў арэнду за сціплую плату. У ідэальным горадзе не было б ні беднасці, ні беспрацоўя — кожны яго жыхар меў бы годную працу, якая дазваляла б утопіі функцыянаваць як адзіны самастойны механізм. Чым не горад-рай?

Цудоўна, але... Дысней так і не паспеў толкам ўзяцца за будаўніцтва, а пасля яго смерці ў 1966 годзе кампанія Walt Dіsney вырашыла адмовіцца ад праекта. У выніку EPCOT стаў проста адным з тэматычных паркаў «Сусветнага цэнтра адпачынку Уолта Дыснея».

Горад вегетарыянцаў

Уявіце сабе, у Амерыцы, у штаце Канзас, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі мог з'явіцца хай і невялікі, але паўнавартасны горад, населены аднымі «траваеднымі»! У праекце 1856 года ён, праўда, зваўся Горад-васьмісценнік, што выдавала яго планіроўку, але гэта ўжо дэталі.

Ад цэнтральнай плошчы правільнай васьмівугольнай формы павінны былі разыходзіцца 8 галоўных вуліц, прастору паміж якімі запоўнілі б дамы, таксама васьмівугольнікі, і той жа формы свірны і фермерскія двары. Васьмівугольная архітэктура чамусьці была папулярная ў Амерыцы сярэдзіны XІX стагоддзя. У захапленні марамі пра вялікую вегетарыянскую будучыню на месца прыехала першая сотня пасяленцаў-добраахвотнікаў. Але замест «квітнеючага мястэчка з млынам і лесапілкай» перад імі паўсталі адзіная хацінка з бярвення і дзясяткі палатак — па адной на сям'ю. Харчы здабывалі з цяжкасцю, таму што бліжэйшыя населеныя пункты былі далёка, у дадатак людзей мучылі маскіты, а частыя навальніцы пазбаўлялі магчымасці ідылічнага жыцця на прыродзе.

Увогуле, не прайшло і года, як усе пасяленцы, акрамя бацькоў-заснавальнікаў, адтуль радасна збеглі. Цяпер ад гэтага прывіднага мястэчка не засталося нічога, толькі названая ў памяць аб ім мясцовая рачулка Веджытэрыан-крык.

Трытон-сіці

У 1960-я гады амерыканскі інжынер-вынаходнік Бакмінстар Фулер прапанаваў пабудаваць горад на вадзе ў форме чатырохгранніка, дзе маглі б пастаянна жыць 6 000 чалавек. Ён быў бы цалкам аўтаномным, апрасняў бы ваду на ўласных устаноўках, і быў устойлівым да штормаў і нават цунамі.

Такі плывучы горад быў бы выратаваннем для краін з дэфіцытам зямлі і высокай шчыльнасцю насельніцтва. І сапраўды, ідэяй адразу загарэўся адзін багаты японскі бізнесмен: ён нават даручыў Фулеру спраектаваць Трытон-сіці ў Такійскім заліве, але памёр раней, чым што-небудзь паспела рэалізавацца. Потым цікавасць праявілі самі амерыканцы, у прыватнасці, улады Балтымара лабіравалі праект будаўніцтва Трытона ў Чэсапікскім заліве. У іх варыянце горад не абавязкова нагадваў бы гіганцкі карабель, а мог быць, напрыклад, такім:

Аднак далей планаў справа так і не пайшла — магчыма, з-за кошту ў 670 мільёнаў долараў. Але хто ведае, можа, такія гарады яшчэ з'явяцца ў будучыні. Як адзначаў сам Фулер, наша планета на 70% пакрытая акіянам, а значыць, плывучыя гарады павінны быць для яе цалкам натуральныя.

Горад здаровай будучыні

Экалагічны рай у Кітаі, на адным з астравоў у вусці ракі Янцзы, павінен быў стаць цудоўным узорам для сучаснага свету. Ніякай перанаселенасці, ніякіх машын са шкоднымі выхлапамі — толькі электра- і вадародны транспарт. Перапрацаваныя адходы выкарыстоўваліся б у якасці ўгнаенняў для арганічных фермаў, а крыніцамі энергіі служылі б толькі сонца, вецер і біяпаліва.

У 2005 годзе грандыёзны план быў узгоднены і нават падпісаны тагачаснымі кіраўнікамі Кітая і Вялікабрытаніі Ху Цзіньтаа і Тоні Блэрам. Экагорад павінен быў прыняць жыхароў ужо ў 2020 годзе, але стварыць утопію зноў не атрымалася. У 2006-м праект быў спынены на нявызначаны тэрмін праз фінансавыя праблемы і карупцыйныя скандалы.

Горад, які лунае ў аблоках

Яшчэ адна фантастычная ідэя вынаходніка Бакмінстара Фулера, які прыдумаў плывучы горад. Гэтым разам ён прапанаваў пасяліць людзей у лятучых міні-гарадах з агульнай назвай Cloud Nіne (літаральна «Воблака Дзевяць»). Але няхай вас не падманвае прыстаўка «міні»: гаворка ішла аб гіганцкіх сферах, населеных тысячамі чалавек.

Інжынер меркаваў, што такія сферы змогуць стаяць на прывязі, свабодна лунаць або перамяшчацца ў залежнасці ад кліматычных умоў. Калі б разлікі выявіліся дакладнымі і праект атрымалася рэалізаваць, то праблема перанаселенасці Токіа была б вырашана яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Пакуль жа самы вядомы горад, які лунае, можна ўбачыць толькі ў японскім поўнаметражным мультфільме «Нябесны замак Лапута».

Сталіца свету

У адрозненне ад папярэдніх, наўрад ці хто захацеў бы ўбачыць гэты горад-гігант на карце і тым больш у ім апынуцца. Задуманы Гітлерам, ён павінен быў разрасціся на месцы цяперашняга Берліна і сапраўды стаць сталіцай яго «сусветнай імперыі».

Ён быў бы нашпігаваны манументамі, якія  праслаўлялі б Трэці рэйх, і наогул стаў бы ўзорам гігантаманіі з найбуйнейшым у свеце Алімпійскім стадыёнам і Трыумфальнай аркай накшталт парыжскай, але значна большай. Проста за ёй размяшчалася б алея, «упрыгожаная» радамі трафейных гармат. Перабудоўваць Берлін пад гэтыя мэты пачалі яшчэ ў 1937 годзе. Да дня нараджэння Гітлера ў 1939-м ужо было пракладзена 20 км Восі Усход-Захад — адной з дзвюх шырокіх транспартных магістраляў, якія павінны былі перасякаць горад «крыжам» праз цэнтр. Акрамя таго, на новае месца была перанесена Калона перамогі, якую заадно павялічылі ў вышыню на 7,5 метра. Акрамя таго, абноўлены горад прадугледжваў падземную магістраль, і тунэль таксама пачалі капаць. Але работы спыніліся, калі пачалася вайна.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Там быў бы горад-сад...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».