Вядомы футбольны спецыяліст расказаў пра тое, якая каманда здзівіла яго больш за ўсё і наколькі якасную гульню паказвалі ўдзельнікі чэмпіянату Еўропы. А таксама прыгадаў самыя яркія моманты ў сваёй кар'еры і расказаў пра свае мары.
— Анатоль Мікалаевіч, якое ўражанне засталося ад Еўра-2016?
— Гэты чэмпіянат далёка не лепшы па ўсіх паказчыках. У мяне атрымалася асабіста пабываць толькі на адной гульні — Расія — Англія, але шмат што бачыў па тэлевізары.
З пункту гледжання арганізацыі дысцыпліны, бяспекі — усё гэта было не на высокім узроўні. Калі б у Расіі так правялі чэмпіянат свету, я думаю, шмат бруду вылілі б на краіну, а тут усё ціха.
— Атрымліваецца, вы прысутнічалі на адным з самых скандальных матчаў. Беспарадкі на свае вочы бачылі?
— У порце Марселя былі адны англічане, неймаверная колькасць, паводзілі яны сябе там, як свінні. Усё было брудна, пакінулі гару смецця. Рускіх не бачыў наогул, не ведаю, дзе там адбылася бойка. Перад стадыёнам таксама мы ішлі вольна, а пасля гульні адразу з'ехалі, можа недзе ў начных барах і былі беспарадкі.
— Што скажаце пра якасць футбола на чэмпіянаце?
— Для мяне, як для трэнера, гэты турнір нічога новага не прыўнёс. Два папярэднія еўрапейскія першынствы выйгравала зборная Іспаніі, і дамінаваў атакуючы футбол, гэты чэмпіянат выйграла Партугалія, якая прапагандавала абарончую гульню. Такая сістэма не дае прагрэсу. Увесь футбол спрадвеку пабудаваны на проціборстве нападзення і абароны. Сёлета Еўра нагадаў мне чэмпіянат свету 2004 года, калі выйграла зборная Грэцыі. Яны ўвесь час закрываліся, абы забіць адзін гол, партугальцы рабілі тое ж самае.
З іншага боку, гэты чэмпіянат паказаў важнасць трэнера ў камандзе. Партугальскі настаўнік, напрыклад, маючы пэўны набор гульцоў і ведаючы магчымасць сваёй каманды, правільна выбудаваў і тактыку, і стратэгію і так дамогся выніку. Тое самае можна сказаць пра трэнераў Ісландыі і Уэльса, яны па максімуме выкарыстоўвалі магчымасці сваёй каманды.
Мне асабіста найбольш імпанавала гульня зборнай Германіі, я лічу, што лёс адвярнуўся ад іх, недзе ім не пашанцавала. З пункту гледжання зместу гульні, немцы былі найбольш цікавыя, наогул паўфінальны матч Францыя — Германія, я лічу, быў самым яскравым на чэмпіянаце.
— Думаю, у балельшчыкаў магло ўзнікнуць пытанне: ці вартыя партугальцы звання чэмпіёнаў?
— Калі людзі выйгралі, значыць, яны вартыя. Яны перамаглі не ў адным выпадковым матчы. Зборная Партугаліі прайшла ўвесь турнір разам з усімі, а як яны гэтага дамагліся і якія сродкі выкарыстоўвалі... гэта проста выдатная праца трэнера.
— Ці былі для вас сюрпрызы на Еўра?
— Усе кажуць пра Ісландыю. Так, зразумела, што гэта сюрпрыз. Але кажуць вельмі няправільна, маўляў, каманда афіцыянтаў і цырульнікаў. У гэтай краіне вельмі добра выбудавана сістэма развіцця футбола, яны проста рэальна ацанілі свае магчымасці. Пабудавалі шмат закрытых стадыёнаў і футбольных палёў. Практычна ўся краіна ў іх гуляе ў футбол, а самых таленавітых адпраўляюць за мяжу, дзе яны праходзяць добрую падрыхтоўку, а потым прыязджаюць з задавальненнем гуляць за сваю краіну. Кажуць пра тое, што трэнер Ісландыі — дантыст. Такога не бывае. У іх цудоўны настаўнік, добры спецыяліст.
— Што стала галоўным расчараваннем?
— Гульня зборнай Іспаніі. Там добры падбор футбалістаў, але чамусьці яны прайграюць. Думаю, шмат залежыць ад таго, што іспанскія каманды фактычна выйграюць усё на клубным узроўні. І там яны гуляюць да самага апошняга дня. Псіхалагічна футбалісты стаміліся. Калі фізічна штосьці можна пастарацца падцягнуць, то псіхалогію вельмі складана.
— Як вам новы фармат турніру — 24 каманды?
— У мяне склалася ўражанне, што чэмпіянат быў занадта доўгім. 16 камандаў для Еўропы — гэта аптымальны варыянт. Больш за дваццаць «размываюць» чэмпіянат, думаю, і гледачы пачынаюць губляць цікавасць.
— Прыклад і вопыт такіх маленькіх краін, як Ісландыя і Уэльс можа быць карысны для нас?
— Кожная краіна павінна наладж-ваць сваю сістэму, зыходзячы з магчымасцяў, мэт і задач. Мы, вядома, можам паглядзець на кагосьці, але выбудоўваць свой футбол. Да таго ж, у Беларусі ён быў на добрым узроўні. Мінскае «Дынама» — чэмпіён СССР, а першынство Саюза, калі хто не памятае, уваходзіла ў тройку наймацнейшых чэмпіянатаў Еўропы, а можа, было і наймацнейшым. Таму ў нас ёсць уласны прыклад, лепш вярнуцца да яго, а мы ж усё каштоўнае любім забываць.
Колькі цяпер бруду ліецца на зборную Расіі, тое самае было пасля папярэдняга чэмпіянату Еўропы, і пасля чэмпіянату свету, але трэба ж нешта рабіць, а яны толькі пару спусцяць, і ўсё стане на свае месцы, нічога не зменіцца, вось гэта самае страшнае.
— Раз ужо ўспомнілі пра Расію, як вам іх выступленне?
— Я думаў, што гуляць горш, чым яны гулялі пры Капэла нельга, аказваецца — можна. У зборнай Расіі вельмі добрыя футбалісты, яны не слабейшыя за тых, хто гуляе ў зборнай Ісландыі або Уэльса, але такое адчуванне, што расіяне не былі зараджаныя нейкай ідэяй, былі не падрыхтаваныя, дзейнічалі разрознена. Я не магу папракнуць іх у тым, што яны не хацелі перамагаць, няма такога футбаліста, які прыедзе на чэмпіянат Еўропы і не хоча выйграць. Але яны не змаглі рэалізаваць свае магчымасці, таму, думаю, гэта горшае выступленне расіян.
А той бруд, які ліецца на футбалістаў цяпер, я гэта ўсё праходзіў і адчуваў на сваёй шкуры.
Пасля фіналу чэмпіянату Еўропы 1972 года, мне было 19 гадоў, за другое месца нас прапаноўвалі адправіць у Сібір.
У правалах трэба спакойна разбірацца, футбол — гэта гульня, не трэба лічыць людзей здраднікамі, не трэба лічыць грошы ў чужой кішэні, на што ён там іх выдаткаваў, на шампанскае ці яшчэ на штосьці. Хоць я на 250% упэўнены, што Какорын і Мамаеў не ладзілі банкет, хутчэй за ўсё гэта рабілі багатыя заўзятары. Хлопцы сталі ахвярамі інтэрнэту.
— Расіян часта абвінавачваюць у адсутнасці патрыятызму...
— У мой час патрыятызм быў у нас у крыві, побач жылі людзі, якія прайшлі вайну, усё гэта ўплывала. А ў пакалення, якое нарадзілася, калі разваліўся Савецкі Саюз, з гэтым узніклі праблемы. Я не думаю, што ў футбалістаў зборнай Расіі адсутнічае патрыятызм. Мяне дзівіць, калі пра гэта кажуць людзі, якія, хутка забыўшыся пра тое, што туркі збілі іх лётчыкаў, ужо паехалі адпачываць у Турцыю. Таму тут трэба глядзець перш за ўсё на сябе.
— Які турнір, з чэмпіянатаў Еўропы, стаў для вас самым запамінальным?
— Вельмі спадабаўся чэмпіянат 88-га, калі зборная СССР зноў заваявала «серабро». Якасць гульні была вельмі высокая, у фінале тады прайгралі галандцам, гэта была лепшая каманда свету. Тое напружанне, якое было тады, вельмі мне спадабалася.
— За беларускім футболам зараз сочыце?
— Больш за месяц быў у Іспаніі, таму нічога не магу сказаць з нагоды сёлетняга чэмпіянату, а так, вядома, цікаўлюся.
За апошнія гады ў беларускім футболе не вырасла ніводнага таленавітага гульца. Глеб быў апошнім.
Гэта сведчыць пра структуру, як дзіцячага футбола, выхавання таленавітых гульцоў, так і пра клубы, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце краіны. Па-першае, у клуба не павінна быць вялікіх грошай, у нас і краіна не супербагатая, але ў клубе павінна быць выбудавана добрая сістэма знізу даверху. Сістэма падрыхтоўкі і выхавання гульца, асобы як чалавека і футбаліста. Па-другое, роля трэнера сёння адышла на далёкія планы, галоўнае — грошы, пра трэніровачны працэс наогул забыліся — гэта няправільна. Па-трэцяе, трэнер, які не гуляў у футбол, не можа выхаваць гульца, стварыць каманду. Гэтак жа, як чалавек, які не ўмее маляваць, не можа навучыць гэтаму іншага.
— Чым займаецеся цяпер?
— Езджу, гляджу, аналізую. Кожны дзень дзве гадзіны аддаю зарадцы і прагулцы, хочацца выглядаць добра. Чым больш займаешся, тым больш з'яўляецца рэальных сіл. Цяпер я ў такім перыядзе, калі асабліва ўжо нічога і не трэба, да таго ж усё ёсць: і сям'я, і ўнукі, але пры гэтым думаеш, як бы дапамагчы, хочацца зрабіць штосьці добрае. Пісаць кнігу не вельмі хачу, мне шмат разоў прапаноўвалі, але лічу, што я не тая велічыня. Часам закрадваюцца думкі і жаданне вярнуцца ў футбол, можа атрымаецца яшчэ вырасціць добрага гульца.
— Часта ўспамінаеце моманты з сваёй кар'еры?
— Вядома! Успамінаю, калі гуляў фінал Кубка ўладальнікаў кубкаў у Барселоне, вельмі драматычны матч быў. Успамінаю і чэмпіянат Еўропы, калі мы гулялі супраць немцаў. У нас не было ніводнага шанцу выйграць. Акрамя таго, што гэта была самая моцная каманда за ўсю гісторыю нямецкага футбола, праз 2 гады яны сталі чэмпіёнамі свету. 68 тысяч немцаў было на стадыёне ў гэтай гульні, а нашых было — 4 чалавекі з пасольства. Успамінаю, калі толькі пачынаў трэнерскую кар'еру, як мы з магілёўскім «Дняпром» з апошняга месца за 3 гады выйшлі ў першую лігу саюзнага чэмпіянату. Тады прасцей было ў космас паляцець, чым туды патрапіць. Мне, як маладому трэнеру, было вельмі цікава назіраць за тым, як хлопцы раслі, як потым у вышэйшай лізе гулялі. Той перыяд вызначыў для мяне, што трэба быць трэнерам.
Вось цяпер у Сірыі ідзе вайна, а я ўспамінаю, як мы сталі чэмпіёнамі Азіі (у ролі трэнера). Які там цудоўны народ, як людзі да мяне ставіліся, праз 15 гадоў прыехаў, а мяне там пазнавалі на вуліцах. Я асабіста размаўляў з Башарам Асадам, з яго бацькам, таму зараз з болем успрымаю падзеі, якія там адбываюцца.
Біяграфічная даведка
Анатоль Мікалаевіч Байдачны нарадзіўся 1 кастрычніка 1952 года ў Маскве.
З 1969 па 1974 год гуляў за маскоўскае «Дынама». Выступаў за зборную СССР, у складзе якой на чэмпіянаце Еўропы 1972 года заваяваў сярэбраныя медалі. З-за канфлікту з кіраўніцтвам маскоўскага «Дынама» вымушаны быў сысці ў мінскае «Дынама». У 1979 годзе падчас матчу з маскоўскім «Спартаком» атрымаў сур'ёзную траўму нагі, праз што быў вымушаны рана скончыць кар'еру гульца. Ужо з наступнага сезона прыступіў да работы галоўным трэнерам.
Трэніраваў зборную Беларусі, мінскае «Дынама» і «Дарыду» (Ждановічы), быў галоўным трэнерам клубаў у Расіі — «Церак» (Грозны), «Факел» (Варонеж) і «Растоў».
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Каментары