Сёлета пад Баранавічамі пітбуль напаў на цяжарную жанчыну — у выніку пацярпелай давялося ампутаваць абедзве рукі. Некалькі гадоў назад стафардшырскі тэр'ер загрыз пяцімесячную дзяўчынку. У Мінску шчанюк хаскі адгрыз руку васьмімесячнаму дзіцяці. Трагічныя выпадкі з удзелам чатырохногіх сяброў чалавека здараюцца ўсё часцей. У выніку адны пачынаюць баяцца любых вялікіх сабак, якіх бачаць на вуліцы. Іншыя заступаюцца за сабак, вінавацячы безадказных гаспадароў. Пра галоўныя міфы аб чатырохногіх сябрах чалавека расказвае інструктар-кінолаг Андрэй ШКЛЯЕЎ.
Міф 1. Сабакі-забойцы?
Скажу адразу — генетычных сабак-забойцаў у прыродзе не бывае!
Як правіла, чалавек набывае сабаку канкрэтнай пароды, папярэдне не вывучыўшы гісторыю яе з'яўлення, мэту стварэння пароды, асаблівасці паводзінаў. У працэсе вырошчвання шчаняці ўласнік можа не ўдзяляць патрэбнай увагі яго выхаванню і дапускаць памылкі ў выхаванні і ўтрыманні. На жаль, сёння сустракаецца даволі шмат безадказных уласнікаў сабак, якія мала ведаюць аб кіналагічнай і агульначалавечай культуры. Магу сказаць дакладна: вынікам няправільнага абыходжання чалавека з сабакам любой пароды стане як мінімум няшчасны выпадак, ад якога могуць пацярпець іншыя гаспадары сабак, іх выхаванцы і іншыя людзі. Сабака не нараджаецца забойцам іншых сабак альбо чалавека. Гэтаму спрыяе маса фактараў: схільнасць жывёлы да праяўлення агрэсіі, няздольнасць уласніка ўплываць на яго паводзіны, парушэнні ў псіхіцы сабакі і гаспадара, адсутнасць выхавання і адукацыйных заняткаў з выхаванцам, няправільныя ўмовы яго вырошчвання, утрымання.
Усе байкі пра сабак-забойцаў нараджаюцца з-за таго, што людзі часта ачалавечваюць жывёл альбо, наадварот, ставяцца да іх як да неадушаўлёных механізмаў.
Міф 2. Пра небяспечнасць байцовых парод
Што такое байцовая парода? Гэта парода, якая выводзілася для ўдзелу ў сабачых баях. Калі ўважліва пачытаць гісторыю ўзнікнення і развіцця многіх парод, выявіцца, што толькі для ўдзелу ў баях сабак ніхто практычна не выводзіў. Сабачыя баі прыйшлі пазней. Многія «булі» і тэр'еры (з рознымі прыстаўкамі і абрэвіятурамі ў назвах) першапачаткова выводзіліся як паляўнічыя сабакі і толькі праз некаторы час сталі выкарыстоўвацца ў «баявых дзеяннях». Яны мусілі спыніць буйнога звера (напрыклад, дзіка) і ўтрымаць яго да падыходу паляўнічых. Натуральна, па прыродзе такім сабакам неабходна здольнасць самастойнага прыняцця рашэнняў і пэўная незалежнасць у паводзінах. Менавіта гэтыя якасці ў далейшым прывялі да таго, што такіх сабак сталі выкарыстоўваць на рынгах.
Да байцовых сабак часта адносяць тоса-іну, філа бразілейра і аргенцінскіх догаў. Гэтыя пароды ствараліся для аховы, таму яны таксама здольны працаваць аўтаномна, не азіраючыся на гаспадара: менавіта гэтая якасць была ўзята на ўзбраенне аматарамі сабачых баёў. Тым не менш многія пароды сабак, прадстаўнікі якіх прымаюць удзел у такіх баях, да байцовых не адносяцца, напрыклад, сярэднеазіяцкая аўчарка. Няма адзінага меркавання аб тым, якіх сабак лічыць байцовымі. У ЗША да іх адносяць доберман-пінчараў і ратвейлераў, у некаторых краінах Еўропы — паўднёваафрыканскага бурбуля. У Англіі
ў падпольных сабачых баях прымалі ўдзел скотчтэр'еры і фокстэр'еры, але чамусьці ніхто не залічвае іх да байцовых. Верагодна, у працэсе падрыхтоўкі сабак да баёў чалавек праводзіў спецыяльны адбор, у выніку чаго рэзка вырасла агрэсіўнасць асобных прадстаўнікоў розных парод. Аднак гэтая якасць падвяргалася вельмі жорсткаму кантролю: агрэсіўнасць да іншых сабак заахвочвалася, а тыя асобіны, якія дэманстравалі яе ў адносінах да чалавека, адбракоўваліся (бо менавіта людзі разнімаюць сабак на рынгу і аглядаюць іх перад боем, таму жывёла павінна даць чалавеку магчымасць дакрануцца да сябе). А цяпер успомнім сучасных пекінесаў і балонак — ці дазваляюць яны зрабіць такое і застацца без пакарання? Можа і іх назавём байцовымі?
Усе міфы аб агрэсіўнасці байцовых сабак да чалавека ўзнікаюць, як правіла, пры сустрэчах з асобнымі прадстаўнікамі розных парод, якія з'явіліся ў выніку непрафесіянальнага развядзення, няправільна ўтрымліваліся, выхоўваліся (а можа, і ўвогуле не выхоўваліся).
Міф 3. Пра сабак-наркаманаў
Кажуць, што сабак, якія займаюцца пошукамі наркотыкаў, для больш эфектыўнай работы літаральна накачваюць наркатычнымі рэчывамі. Уявіце сабе, колькі такі сабака можа пражыць і што за гэты час адбудзецца з яго арганізмам? Як хутка і дакладна сабака будзе рэагаваць на каманды ўласніка па-за сваёй «рабочай» пошукавай дзейнасцю? Прафесіяналы ў працэсе падрыхтоўкі сабак да пошуку наркатычных рэчываў выкарыстоўваюць шэраг спецыяльных методык, ні адна з якіх не дапускае ўжыванне наркотыкаў у якасці заахвочвання ці стымулявання сабакі.
Больш чым за 30 гадоў работы з сабакамі я ні разу не сутыкаўся з праявай «сабачай наркаманіі».
Міф 4. Пра сабак-нянек
Правільна выхаваны сабака не праявіць агрэсіі да дзіцяці ні пры якіх умовах, якія б дзеянні ў дачыненні да яе той ні рабіў. Такія якасці ўласцівы практычна любой пародзе сабак. Але вопытны сабакавод заўжды папярэдзіць, што лепш не пакідаць сабаку з маленькімі дзецьмі без нагляду! Існуе міф, што сабака... ніколі не кране дзіця. Для любога сабакі дзіця — гэта перш за ўсё «шчаня». Але дзеці не могуць рабіць тыя ж позы і дзеянні шчанюкоў, а сабака з першага разу не можа разабрацца, хто перад ім.
Як сабака выхоўвае шчанят? Каб малы зразумеў, што ім незадаволены, маці гыркае, калі шчаня не слухаецца — хапае за карак і трасе альбо проста прыкусвае. Яна не наносіць траўм шчаняці, хоць яно пры гэтым можа скавытаць і вішчаць. А што, калі сабака вырашыць так зрабіць з дзіцем?
Сабака не пусціць малога ў небяспечнае месца? Хоць некаторыя сабакі сапраўды перакрываюць шлях малым дзецям, гэта не гарантуе абароны ад магчымай небяспекі. Для абароны малога сабака мусіць уяўляць сабе, дзе можа знаходзіцца крыніца небяспекі. І ў кватэры, і на вуліцы існуе маса месцаў, спалучаных з рызыкай для дзіцяці, якія сабака наўрад ці адчуе і ўспрыме як небяспечныя.
Сабака не можа быць адэкватным вартаўніком для дзіцяці.
Сабака можа бяспечна гуляць з малым? Сабакі бываюць розныя. Уявіце сабе асобіну буйной пароды, якая падчас гульні незнарок зачэпіць яго ці вырашыць скокнуць, а пасля гулліва прыкусіць. У лепшым выпадку дзіцяці будзе непрыемна. У сваю чаргу, сабаку можа раздражняць назойлівая ўвага, якая выражаецца ў спробах пакалупацца ў носе, патузаць за хвост. Але ў большасці выпадкаў сабака з'яўляецца клапатлівым і адданым сябрам для дзіцяці, калі ён добра
выхаваны, а гаспадары ў момант яго гульні з малым знаходзяцца побач.
Андрэй ШКЛЯЕЎ, Інструктар-кінолаг
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Каментары