Вы тут

Навошта беларусы едуць працаваць за мяжу?


Будаўнікі, сядзелкі, танцоўшчыцы... На якія яшчэ вакансіі беларусы ўладкоўваюцца за мяжой? Куды часцей з'язджаюць працаваць? І як сярод фірмаў, што прапануюць работу ў Ізраілі ці Галандыі, вылічыць махляроў?


Большасць — на рабочых спецыяльнасцях

За студзень—сакавік гэтага года 1120 беларусаў паехалі працаваць за мяжу. Такую лічбу дае Міністэрства ўнутраных спраў на падставе падпісаных кантрактаў. Але гэта статыстыка не ўлічвае тых, хто ўладковаецца ў іншых краінах самастойна. Напрыклад, па ацэнках Федэральнай міграцыйнай службы Расіі, штогод каля ста тысяч нашых грамадзян прыязджае да іх на работу.

Шукаць прыбытак за мяжой выпраўляюцца ў асноўным мужчыны. Сярод працоўных мігрантаў іх — 89 працэнтаў.

Большасць (65 працэнтаў) традыцыйна едзе ў Расію: усё ж такі не трэба вучыць мову. На другім і трэцім месцы па папулярнасці — Польшча і Літва. Гэтыя краіны выбралі 15 і 11 працэнтаў працоўных мігрантаў адпаведна. Часта ездзяць таксама ў ЗША. Відаць, вобраз краіны вялікіх магчымасцяў дагэтуль застаецца прыцягальным для нашых людзей.

Іншая справа, што «выбіцца» за мяжой удаецца далёка не ўсім. 86 працэнтаў тых, хто едзе працаваць у іншыя краіны, уладкоўваюцца на рабочыя спецыяльнасці. Многія знаходзяць вакансіі ў сельскай гаспадарцы і сферы абслугоўвання. А вось месцы кваліфікаваных спецыялістаў займаюць адзінкі: за студзень—сакавік такіх — толькі чатыры чалавекі (яны цяпер працуюць у Германіі і Саудаўскай Аравіі).

У пошуках прыгожага жыцця

Кіраўнік інфалініі 113 па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой «Ла Страда» Ірына ВАРВАРЫНА заўважае, што самы мабільны ўзрост — ад 18 да 40 гадоў.

— Калі казаць пра мужчын, то гэта часцей за ўсё жанатыя. Яны шукаюць прыбытак большы, чым тут, каб утрымліваць сваю сям'ю, — дзеліцца назіраннямі Ірына Варварына. — Што да жанчын, то гэта хутчэй бяздзетныя, незамужнія, больш маладога ўзросту — да 25 гадоў. Дзяўчаты едуць па прыгожае жыццё. Ім таксама патрэбны грошы, каб багата апранацца, набыць сваю кватэру, машыну, калі вернуцца дадому. І, вядома, усе хочуць уладкаваць свой лёс. Ёсць нейкая фантазія пра тое, што там сустрэнуць «прынца».

Тое, што большасць беларусаў за мяжой уладкоўваюцца на некваліфікаваную працу і ў сферу паслуг, на думку кіраўніка інфалініі, цалкам лагічна. З беларускім дыпломам і дрэнным веданнем замежнай мовы на прэстыжную прафесію прэтэндаваць складана. Таму мужчыны ў асноўным едуць працаваць будаўнікамі і кіроўцамі, дзяўчаты — адміністратарамі, танцоўшчыцамі, аніматарамі. Вакансіямі нянек, медсёстраў і сядзелак цікавяцца жанчыны за 55.

— А навошта дамам у такім узросце з'язджаць? Якія ў іх матывы?

— Магу меркаваць, што гэта жанчыны з малых гарадоў, дзе працы не так шмат. Хто там будзе наймаць няньку з ліку суседак? Гэта фантастыка для нашай краіны. Нянек запрашаюць дастаткова багатыя людзі. Прасцей знайсці работу на Захадзе, дзе гэтыя паслугі больш распаўсюджаны. У Амерыцы, напрыклад, падлеткі ў 15 гадоў зарабляюць кішэнныя грошы, прыглядваючы за чужымі дзецьмі.

Сайты-падманкі і нерэальныя абяцанні

Прапановы ад замежных наймальнікаў многія знаходзяць у інтэрнэце.

Праўда, правяраюць іх не заўсёды ўважліва.

— Дзяўчат часта праз сацыяльныя сеткі запрашаюць працаваць танцоўшчыцамі. Абяцаюць залатыя горы. Пытаемся ў іх: «А адкуль наймальнік даведаўся, што вы добра рухаецеся? Можа, відэа прасілі прадаставіць, ці ў вас харэаграфічная адукацыя ёсць?» — «Не, — кажуць, — але ў мяне фота на старонцы прыгожае, там я танцую». Гэта рэальныя адказы, — не разумее такой наіўнасці Ірына Варварына.

Сярод сайтаў, якія прапануюць работу ў іншых краінах, таксама хапае падманак. Вылічыць іх нескладана. Старонкі зроблены як пад капірку. Паўтараецца нават юрыдычны адрас фірмаў — мяняюцца толькі нумары ліцэнзій. Схема ўладкавання там прыведзена вельмі простая: вы прадастаўляеце копію пашпарта, два фотаздымкі, яшчэ шэраг дакументаў і пераводзіце на рахунак «Вэбмані» 60 еўра.

— Адзінае, што насцярожвае ўсіх, — гэта 60 еўра. А тое, што вы копію пашпарта даяце? Гэтыя даныя махляры могуць выкарыстоўваць як заўгодна, — кажа спецыяліст.

На сайтах-падманках абяцаюць знайсці любую работу. Але ў Беларусі працаўладкоўваць за мяжу могуць толькі фірмы, якія валодаюць спецыяльнай ліцэнзіяй. У ёй прапісана, якую краіну і па якой спецыяльнасці гэта кантора прадстаўляе. Фірма мусіць наладзіць кантакты з канкрэтнымі наймальнікамі, каб атрымаць ліцэнзію, таму прапановы «ўсё і ўсюды» ад адной кампаніі павінны насцярожваць.

Дый самі вакансіі часам не адпавядаюць рэальнасці. Так, на адным з сайтаў шукалі прыбіральшчыцу ў Канаду на заробак пад тры тысячы долараў. Пражыванне і харчаванне — за кошт працадаўцы. Але сярэдняя заработная плата некваліфікаваных работнікаў у Канадзе складае 1400 долараў. Дзіўна, што ніхто з мясцовых не прэтэндуе на гэта месца.

Набор на плантацыі, лайнеры і ў гатэлі

Мы паглядзелі, якія вакансіі прапануюць фірмы па працаўладкаванні за мяжу. Большасць з іх, натуральна, арыентуецца на расійскі рынак і гатовы забяспечыць вас месцамі будаўнікоў, прадаўцоў, сельскагаспадарчых работнікаў, кіроўцаў.

Кіроўцам можна паехаць і ў Еўропу, напрыклад у Літву. З патрабаванняў — міжнародны стаж, вопыт і катэгорыя С, Е. Заробак залежыць ад фірмы, на якую працуеш. Але ў сярэднім абяцаюць 1300-1400 еўра ў месяц.

Для тых, хто гатовы да цяжкай працы ў палях, ёсць вакансія ў Фінляндыі. На лета туды запрашаюць збіраць ягады. Ні ведання мовы, ні пэўных навыкаў не патрабуюць. Толькі вынослівасць і працавітасць. Рабочы дзень пачынаецца ў 6-7 гадзін раніцы, на тыдні толькі адзін выхадны. Заробак каля 1300 еўра.

Моладзі прапануюць далучыцца да персаналу амерыканскіх круізных лайнераў. Бяруць мінімум на паўгода.

— Самыя папулярныя спецыяльнасці — афіцыянты і іх памочнікі, бармены, пакаёўкі. Радзей патрабуюцца адміністратары і фатографы, — расказалі нам у сталічнай фірме, якая дапамагае ўладкавацца за мяжой. — Умовы для працы на лайнеры — узрост ад 21 да 30 гадоў, адсутнасць праблем са здароўем, добрае веданне англійскай мовы. Атрымліваць будзеце ад 900 долараў за месяц.

Абслуговы персанал патрэбен у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Бахрэйне, Катары. Напрыклад, у шыкоўны пяцізоркавы гатэль Манамы шукаюць адміністратараў, якія будуць сустракаць гасцей. Чакаюць дзяўчат прэзентабельнай знешнасці да 30 гадоў і з добрай англійскай мовай. У дубайскі гатэль на ўзбярэжжы Персідскага заліва набіраюць афіцыянтаў і барменаў. Умовы — і для дзяўчат, і для хлопцаў — тыя ж. Заробак залежыць ад таго, наколькі добра валодаеце мовай і ці шчодрыя кліенты на чаявыя. У сярэднім плацяць ад 1200 долараў.

Што да высокакваліфікаваных спецыялістаў, то канторы-пасярэднікі прапануюць месцы ў Саудаўскай Аравіі для ўрачоў. Вопыт каля пяці гадоў і добрая англійскай мова забяспечаць беларускіх медыкаў работай у прыватнай клініцы на Усходзе і штомесячным прыбыткам да чатырох тысяч долараў.

А хто едзе да нас?

За першыя тры месяцы гэтага года ў Беларусь прыбылі на работу з іншых краін 5170 чалавек. Большасць — з Украіны (35 працэнтаў) і Кітая (32 працэнты). Расіян крыху менш за 10 працэнтаў. Палова замежнікаў уладкаваліся звычайнымі рабочымі. Месца кваліфікаванага спецыяліста заняў кожны пяты. У сферы абслугоўвання, гандлі і сельскай гаспадарцы працуе дзевяць працэнтаў. Яшчэ 296 чалавек запрасілі на пасады кіраўнікоў: у асноўным грамадзян Літвы, Украіны, Латвіі, Турцыі і Кітая.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мужчыны — па грошы, дзяўчаты — па жаніхоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.