Вы тут

Суразмернасць знешняй і ўнутранай прыгажосці Відзаўскага касцёла


Адной з галоўных асаблівасцяў мястэчка Відзы (што знаходзіцца на паўночным захадзе краіны, якраз на славутых Браслаўскіх азёрах) звычайна была шматканфесійнасць. У пачатку XІX стагоддзя ў лік амаль шасці тысяч жыхароў уваходзілі католікі, стараверы, лютэране, яўрэі (абсалютная большасць, прыкладна 4300 чалавек), мусульмане і некалькі караімаў. Заўважце: у спісе няма праваслаўных хрысціян, што сёння, вядома, змянілася: канфесійная разнастайнасць Відзаў вызначаецца наяўнасцю трох храмаў — царквы старавераў, праваслаўнай царквы і аднаго з самых прыгожых будынкаў краіны — 59-метровага неагатычнага касцёла ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.


Шантаж дзеля захавання храма

Трохнефная базіліка з чырвонай цэглы з дзвюма вежамі, якія завяршаюцца пяціметровымі крыжамі, у 2014 годзе адзначыла свой стагадовы юбілей, а гэта значыць, касцёл перажыў Першую і Другую сусветныя войны, час антырэлігійнай камуністычнай ідэалогіі, гады заняпаду і выбітых вокнаў.

Да сёння жыхары ўспамінаюць жудаснае відовішча, калі ў 1989 годзе касцёл пасля амаль саракагадовага выкарыстання не па прызначэнні нарэшце адчынілі для вернікаў. Унутры беспарадак і заняпад: моцна прагнілы дах, праз які ў будынак трапляла вада, сцены амаль без тынкоўкі, пашкоджаная падлога, выбітыя шыбы, знішчаны алтар, між велічнымі калонамі горы смецця і друзу. Вачам людзей адкрылася і ў пэўным сэнсе сімвалічная карціна: у гэтай амаль варварскай занядбанасці на падлозе ляжала скульптура Іісуса Хрыста без галавы, якая, як казалі, нібыта была выкінутая на вуліцу.

Парадокс у тым, што страты архітэктурнага помніка ў мірны час можна параўноўваць з пашкоджаннямі ў гады вайны. На момант пачатку Першай сусветнай храм быў зусім «свежым». Планы яго будоўлі з'явіліся ў канцы XІX стагоддзя, калі невялічкага драўлянага касцёла стала не хапаць для каталіцкай парафіі колькасцю каля дванаццаці тысяч чалавек. (Ужо першая згадка пра Відзы, зробленая ў XV стагоддзі, указвае на тое, што частка зямлі паміж Дзіснай і Дрысвятай належала епіскапам з Вільнюса. У сувязі з гэтай тэрыторыяй згадваюцца саноўнікі бернардынцаў, дамініканцаў, лютэран, езуітаў і іншых рэлігійных кірункаў. У сваю чаргу апублікаванае ў 1912 годзе даследаванне ксяндза Яна Курчэўскага «Епіскапства Вільнюса» ўказвае на тое, што ўжо ў 1481 годзе ў Відзах быў пабудаваны касцёл, пры якім працавалі бальніца і школа).

Пасля атрымання дазволу на будаўніцтва новай святыні работы пачаліся ў 1904 годзе. Касцёл узводзіўся па праекце скульптара Вацлава Міхневіча; грошы ахвяравалі парафіяне, а таксама выдаткоўвалі спонсары, у тым ліку з Германіі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Дарэчы, чырвоная цэгла, не апошні складнік прыгажосці храма, рабілася па асаблівай рэцэптуры: у састаў кожнай цагліны дадавалася гусінае яйка, што павінна было забяспечыць незвычайную трываласць матэрыялу.

Першую святую імшу ў касцёле правялі ўжо ў 1913 годзе, але будаўніцтва прадоўжылася і ў 1914-м перапынілася Першай сусветнай вайной. Ужо хутка, у 1915-м, да мястэчка дайшла франтавая гарачыня (лінія фронту праходзіла побач з Відзамі).

У вежах храма ў выгаднай для сябе пазіцыі заселі немцы. Каб ім супрацьстаяць, можна было альбо выкарыстоўваць магутную зброю ў напрамку самога касцёла, альбо браць «крэпасць» штурмам. Гэта значыць, альбо моцна пашкодзіць новы касцёл (а тут ужо нават унікальная рэцэптура цэглы не змагла б дапамагчы), альбо рызыкаваць большымі людскімі стратамі. Пра гэтую дылему дазналіся жыхары Відзаў і накіравалі Мікалаю ІІ ліст, у якім быццам між іншым нагадалі пра рэвалюцыйныя настроі на акупаванай тэрыторыі і запэўнілі ў сваёй лаяльнасці манархіі, і да таго папрасілі гарантаваць сродкі на рэстаўрацыю святыні, якая мусіць быць пашкоджанай. Нявінны шантаж спрацаваў: адказ прыйшоў хутка і быў станоўчым. Храм бралі штурмам і нарэшце ўзялі.

Тым не менш збудаванне было значна пашкоджана за гады Першай сусветнай — разбурылася адна з вежаў, абвалілася адна сцяна і дах. Рэстаўрацыю вернікі ажыццяўлялі ўласнымі намаганнямі (завяршылася яна толькі ў 1926 годзе) — Мікалай ІІ пасля Першай сусветнай вайны, вядома ж, не мог выканаць свайго абяцання. У памяць аб вайне ў сцены ўмуравалі два снарады (іх можна знайсці і сёння) — гэта, бадай, самая вядомая «фішка», звязаная з касцёлам у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Цьмяны час

1940-я гады аказаліся таксама няўдалым часам для храма. Другая сусветная вайна не проста прынесла касцёлу значныя пашкоджанні, яна стала пачаткам яго працяглага забыцця. Гэты перыяд аж да 1989 года для святыні можна назваць цьмяным часам. Пасля вайны цярплівыя вернікі знайшлі сілы, жаданне і сродкі, каб зноў узяцца за рэстаўрацыю, але ўмовы для гэтага аказаліся неспрыяльнымі — рамонтныя работы прыйшлося прыпыніць.

Камунізм карыстаўся сваімі правамі, дзяржава не бачыла неабходнасці ў аднаўленні касцёла як храма. Таму ў 1950 годзе ўлада ўзяла будынак на сваё карыстанне, забараніла заходзіць усярэдзіну, замяніла замкі на дзвярах. Першай функцыяй будынка стала захоўванне ўраджаю льну і збожжа. «Калі я хадзіў у школу ў 1950-х гадах, мы гулялі каля касцёла ў валейбол, — расказвае жыхар Відзаў Станіслаў Адамковіч. — Шыбы ў ім былі павыбіваныя, таму некаторыя лазілі і ўнутр. У той час у храме складвалі льновалакно мясцовага завода, пасля ліквідацыі якога на яго месцы запрацавала майстэрня па рамонце трактароў, таму касцёл стаў складам сельгастэхнікі. У 1962 годзе я стаў працаваць майстрам у вучылішчы, якому ў гэты час перадалі касцёл у якасці складскога памяшкання. Неяк на падсобнай гаспадарцы быў добры ўраджай, мы вазілі збожжа ў касцёл, і я сам заязджаў на машыне ў храм».

І праўда, залезці ў касцёл было нескладана, тым больш для асабліва цікаўных хлапчукоў. Існуе нават легенда: калі адзін з мясцовых хлопцаў стаў бурыць абсталяванне ўнутры касцёла і дзёрзка сябе паводзіць, нешта знянацку ўдарыла яму ў вока, пасля чаго хлопец застаўся напалову сляпым.

Калі пабудавалі асобны сушыльны комплекс для збожжа, касцёл стаў спартыўнай залай: валейбольная пляцоўка, месца для тэніса, на клірасе размясцілі пнеўматычны цір. У выніку для вучылішча пабудавалі адміністрацыйны комплекс і ўласны спортзал, а касцёл у гэты час праз паступовы заняпад стаў непрыдатным нават для такіх прыкладных функцый, таму ў 1970-х яго проста замкнулі.

Парафіяне, пакуль відзаўская святыня не працавала, ездзілі маліцца ў суседнія гарады і мястэчкі, але і гэта ўскладнялася ідэалогіяй, у якой выхоўваліся дзеці ў школах, якая навязвалася на прадпрыемствах. Казалі, напрыклад, што настаўнікі знарок ездзілі ў найбліжэйшыя касцёлы, каб правяраць, ці не наведвае імшу нехта з вучняў.

«Эпоха адраджэння»

У больш спакойных 1980-х гадах вернікі сталі дамагацца вяртання відзаўскаму касцёлу яго прамога прызначэння. У 1989 годзе ўжо апісаная карціна заняпаду адкрылася іх вачам. Наперадзе былі доўгія гады рамонтных работ, збору грошай, суботнікаў і нядзельнікаў. Жыхары ўспамінаюць, як адразу пасля адкрыцця касцёла яны збіраліся разам, каб прыбіраць смецце, а потым удзельнічаць у рамонце святыні. Мужчыны разбіралі гнілыя дошкі падлогі, жанчыны выносілі іх вонкі.

Асноўныя работы вяліся да 2001 года: за гэты час быў адноўлены дах, устаўлены вокны, зроблены новы алтар (ён стаіць і сёння), вернутая галава фігуры Іісуса Хрыста. Але напачатку для набажэнстваў замест алтара быў пастаўлены звычайны стол, парафіяне прыносілі ўласныя крэслы, бо сядзець не было на чым, праз вокны без шыб падчас імшы ў касцёл заляталі птушкі. Парафіян тады было зусім мала: людзі адвыклі ад набажэнстваў, ад веры, ад рэлігіі, моладзі гэта стала чужым.

Спатрэбіўся час, але агульнымі намаганнямі храм ва ўсіх сэнсах прывялі ў боскі выгляд. Рамонтныя работы працягваюцца і дагэтуль. Касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі лічыцца адным з самых высокіх і прыгожых храмаў краіны. Парафія сёння налічвае 1400 католікаў, што, безумоўна, далёка ад тых 12 тысяч, дзеля якіх святыня калісьці будавалася. І ўсё ж як добра, што некалі ўзнікла неабходнасць стварыць гэты неагатычны помнік архітэктуры. Нават грандыёзна размаляваныя сцены іншых храмаў для мяне ніколі не перасягнуць халодную, амаль аскетычную велічнасць відзаўскага касцёла. Яго ўжо больш як стагадовая гісторыя — гэта аповед не толькі пра архітэктурную адзінку, гэта гісторыя людзей і іх душ. Касцёл і сёння, калі ты застаешся на адзіноце ў яго высакароднай цішыні, піша тваю ўласную гісторыю.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мы ў гэтай велічнасці, як у зямным раі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.