Вы тут

У музеі Петруся Броўкі адкрылася выстаўка, прысвечаная Алаізе Пашкевіч


У межах экспазіцыі «Апосталка беларускага адраджэння», прымеркаванай да 140-годдзя Алаізы Пашкевіч, якая ў пачатку ХХ стагоддзя ўвайшла ў беларускую паэзію, прозу, публіцыстыку пад псеўданімам Цётка, прадстаўлены кнігі, дакументы, рэчы і фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Большая іх частка паступіла ў музей у канцы 1990-х гадоў дзякуючы Лідзіі Арабей, даследчыцы і пісьменніцы, якая шмат гадоў займалася вывучэннем жыцця і творчасці Цёткі.


Свят­ла­на Ку­ра­ко­ва рас­каз­вае пра ўні­каль­ны га­бе­лен кан­ца ХІХ ст. з до­ма Па­шке­ві­чаў.

— Экспазіцыю можна ўмоўна падзяліць на тры часткі, — распавядае куратарка выстаўкі, навуковая супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры Святлана Куракова. — Першая — біграфічная, праз дакументы і фотаздымкі расказвае пра Алаізу Пашкевіч, станаўленне яе асобы. Тут ёсць копія дакумента з касцёла, дзе яна была хрышчаная; лісты з Львоўскага ўніверсітэта, дзе вучылася; пасведчанне пра тое, што будучая пісьменніца скончыла курсы па польскай літаратуры; фотаздымкі маці і сястры Алаізы Пашкевіч.

На выстаўцы можна пабачыць і своеасаблівы сямейны альбом Цёткі — ён некалі быў складзены Лідзіяй Арабей. Тут прадстаўленыя фотаздымкі родных пісьменніцы. Адзін з найкаштоўнейшых рарытэтаў экспазіцыі — габелен канца ХІХ ст., што некалі вісеў у доме сям'і Пашкевічаў.

Другая частка выстаўкі распавядае пра літаратурную працу Цёткі. Можна пабачыць арыгінальныя выданні зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», выдадзеныя ў 1906 годзе, а таксама «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Ёсць і кнігі выбраных твораў паэткі, выдадзеныя ўжо пасля яе смерці.

У экс­па­зі­цыі мож­на па­ба­чыць ся­мей­ны аль­бом Цёт­кі.

Трэцяя частка прысвечана сучаснай інтэрпрэтацыі жыццёвага і творчага шляху Цёткі: тут размясціліся матэрыялы Лідзіі Арабей і Валянціны Коўтун, якія займаліся даследаваннем творчасці пісьменніцы, рукапісы вершаў-прысвячэнняў ёй. Гэта аўтографы твораў Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Дануты Бічэль. Тут таксама змешчаны ілюстрацыі да твораў Цёткі, выкананыя Міколам Купавам і Анатолем Волкавым.

Адметна, што на базе выстаўкі «Апосталка беларускага адраджэння» праходзяць заняткі для дзяцей. Музейныя супрацоўнікі расказваюць пра жыццё і творчасць Цёткі, знаёмяць з яе дзіцячымі творамі, а таксама прапануюць маленькім наведвальнікам выступіць у ролі акцёраў і ілюстратараў — прачытаць казку «Чапля і журавель» з «Першага чытання для дзетак беларусаў» і намаляваць да яе ілюстрацыі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Класік з правінцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».