Вы тут

«Маёмасць павінна прыносіць даход»


У Магілёве паспрабавалі знайсці новыя падыходы ў пытаннях больш эфектыўнага выкарыстоўвання гарадской маёмасці.


Гэтая тэма стала галоўнай падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Перад тым як абмеркаваць работу мясцовых органаў улады па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў, якія недастаткова эфектыўна выкарыстоўваліся былымі ўласнікамі, удзельнікі азнаёміліся з практычным бокам гэтай справы. Яны наведалі прадпрыемствы «Протас», «СТЛ Экструзія». Адно размясцілася на тэрыторыі былога вайсковага гарадка, другое — на базе незавершанага будаўніцтва. На абодвух створаны новыя працоўныя месцы, выпускаецца запатрабаваная прадукцыя. Напрыклад, прадпрыемства «СТЛ Экструзія» сёння ўваходзіць у пяцёрку наймацнейшых на постсавецкай прасторы, працуе як для ўнутранага рынку, так і на экспарт. Гэтыя прыклады радуюць, але ёсць яшчэ рэзервы.

— Пакуль мы гаворым аб уцягванні ў гаспадарчы абарот тых аб'ектаў, якія маюць адасобленае назначэнне — недабудаваныя, казармы, склады і гэтак далей, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Мы ж павінны глядзець не толькі на гэтыя адасобленыя аб'екты, але і на тое, што знаходзіцца ва ўласнасці ўнітарных прадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў. Іншымі словамі, на дзейных прадпрыемствах — прамысловых, сельскагаспадарчых і іншых вельмі шмат вытворчых магутнасцяў і плошчаў, якія невыкарыстоўваюцца. Іх можна перадаць новым уласнікам, аптымізаваць пад існуючыя праграмы. Неабходна ў большай ступені разбірацца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія працуюць са стратай або з нізкай рэнтабельнасцю.

На пасяджэнні абмеркавалі праблемы, якія перашкаджаюць больш эфектыўнаму выкарыстанню дзяржаўнай маёмасці, разам шукалі новыя падыходы. Сумесна з Міністэрствам юстыцыі і Дзяржкаммаёмасці будуць прапрацоўвацца адпаведныя законапраекты для таго, каб павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні акцыянерных таварыстваў і ўнітарных прадпрыемстваў.

— Я лічу, нам ёсць што запазычыць і паглядзець у расіян, асабліва тое, што датычыцца адказнасці акцыянераў за эфектыўнае выкарыстанне маёмасці, якая знаходзіцца ў іх падпарадкаванні, і стабільнай працы калектыву, — выказаў думку Міхаіл Мясніковіч.

Удзельнікі пасяджэння таксама абмеркавалі пытанне аб актывізацыі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў па пашырэнні супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу на тое, каб гэтыя сувязі не абмяжоўваліся аднымі культурнымі праектамі, але былі і камерцыйныя кантракты.

— У гэтым сэнсе мяне радуе актыўная работа Магілёўскага аблсавета па наладжванні прамых кантактаў і паглыбленні эканамічнага і сацыяльна-культурнага супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю. Гэты вопыт можна рэкамендаваць іншым аблсаветам. Ужо ў першай дэкадзе жніўня плануецца правядзенне рэгіянальнага вялікага форуму Магілёўскай і Бранскай абласцей.

— Якія ўражанні засталіся ў вас ад наведвання Магілёўскай вобласці? — пацікавілася напрыканцы пасяджэння карэспандэнт «Звязды».

— Калі я ехаў сюды, у мяне было прадчуванне, што тут збавілі тэмпы, і вельмі рады, што памыляўся. Тут сапраўды дагледжаныя вуліцы, выдатныя палеткі, узорны парадак, а галоўнае — ёсць імкненне кіраўнікоў гарадскіх і раённых Саветаў, выканкамаў выканаць не толькі тое, што даручана, а ініцыяваць новыя цікавыя праекты па развіцці прамысловасці, уключэнні ў гаспадарчы абарот недзяржаўнага сектара, стварэнні працоўных месцаў.

«Наступнае дастаткова важнае пытанне, якое патрабуе ўвагі з боку Савета па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага кіравання і самакіравання — гэта ўдасканаленне зямельных адносін, — дадаў спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».