Вы тут

Ігар Ягораў: "Кітайская літаратура — неабсяжны акіян аўтараў і твораў"


Кітай і нават кітайская літаратура становяцца ўсё бліжэй да Беларусі. І нам ужо вядома не толькі класіка прыгожага пісьменства Паднябеснай, але і сучасныя проза і паэзія. Некалі, у 1950—1960-я гады, цэлая кагорта беларускіх пісьменнікаў спрычынілася да пераўвасаблення кітайскай літаратуры на мову Янкі Купалы: Васіль Вітка, Янка Брыль, Сяргей Дзяргай, Лідзія Арабей, Мікола Татур, пазней — Анэля Тулупава, Рыгор Барадулін, Валянціна Коўтун... Яшчэ пазней — Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Рагнед Малахоўскі. Усе яны карысталіся тэкстамі на рускай мове, зазіраючы ў кітайскі свет дзякуючы слынным перакладчыкам М. Басманаву, А. Гітовічу... Сёння на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі з'яўляюцца перакладчыкі, якія працуюць з арыгіналам. Найперш гэта Алена Раманоўская, Дар'я Нечыпарук, Кацярына Гардзей, Ганна Холева...

Можа, якраз хтосьці з іх адолее новыя вяршыні і прапануе беларускаму чытачу прачытаць на роднай мове раманы Мо Яня ці каго яшчэ з вялікіх кітайскіх пісьменнікаў сучаснасці. А пакуль — наша гутарка з Ігарам Ягоравым, рускім перакладчыкам лаўрэата Нобелеўскай прэміі Мо Яня.


— Вы пачалі перакладаць Мо Яня яшчэ да таго, як ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Што прымусіла вас звярнуць увагу на раман «Краіна віна»?

— Творы аўтараў, якія з'явіліся ў Кітаі ў пачатку 1980-х гадоў з пачаткам палітыкі «рэформаў і адкрытасці», сярод якіх быў і Мо Янь, былі абсалютна не падобныя на творы кітайскай літаратуры мінулых гадоў, якія цалкам вынікалі з палітыкі, адпаведнай агучанаму яшчэ Маа Цзэдунам у 1941 годзе «творчаму метаду спалучэння рэвалюцыйнага рэалізму і рэвалюцыйнага рамантызму». Для чытача, які знаёмы з палітычнымі агіткамі таго часу, ідэалізаванымі героямі і прыдуманым аповедам, гэтыя новыя кнігі былі падобныя глытку свежага паветра. Гэта была сапраўдная літаратура, хоць на ёй і адчуваўся ўплыў перакладаў літаратуры сусветнай, якія хлынулі ў той час у Кітай. «Краіна віна» адносіцца да эксперыментальных твораў Мо Яня, ён тады яшчэ шукаў свой стыль, і ў рамане аддадзена істотная даніна ўвагі постмадэрнізму. Менавіта гэта, па маіх уяўленнях, лепей за ўсё падыходзіла для знаёмства рускага чытача з яго творчасцю, нягледзячы на мноства кітайскіх рэалій, алюзій, ідыяматычных выразаў і традыцыйны кітайскі рэалізм, які часам пераходзіць у натуралізм. Тады Мо Яня ў нас ніхто не ведаў, і я спадзяваўся, што пасля прачытання такога рамана, дзе змешаны фантастыка і рэальнасць і на галаву чытача нясецца лавіна самай рознай інфармацыі, імя аўтара запомніцца незалежна ад зробленага ўражання — станоўчага ці адмоўнага. Так, уласна кажучы, і здарылася: думкі чытачоў падзяліліся 50 на 50.

— Раман «Вялікія грудзі, шырокі зад» шакіраваў чытача, асабліва кансерватыўнага, сваёй назвай. Вы можаце з пэўнай доляй дакладнасці сцвярджаць, што ў гэтым творы адлюстраваны твар кітайскай цывілізацыі ці хаця б твар сучаснага Кітая?

— Мяне выдаўцы непрыемна ўразілі вокладкай для рамана, які быў выдадзены рэдкім для нашага часу дванаццацітысячным накладам. А назву для рамана, па прызнанні самога аўтара, падказала яму старажытная жаночая статуэтка з буйнымі формамі, падобная на нашых каменных баб у скіфскіх стэпах. Галоўная гераіня рамана, простая сялянка, выкарміла вялікімі грудзьмі сваіх і чужых дзяцей і выстаяла на працягу амаль цэлага стагоддзя драматычнай і крывавай кітайскай гісторыі. Мо Янь лічыць гэты твор цэнтральным і гаворыць, што можна не чытаць іншых раманаў, але для разумення яго творчасці «Вялікія грудзі...» трэба абавязкова прачытаць. Гэта раман пра жыццё простага люду, якому любая ўлада не прыносіць нічога, акрамя новых нягод, пра народ-працаўнік, захавальнік шматвекавых традыцый і народнай культуры. Ён знаёміць з многімі асаблівасцямі кітайцаў, прывабнымі і не вельмі, насычаны звесткамі пра традыцыйныя звычаі, у прыватнасці дае яркае ўяўленне пра адносіны кітайцаў да чужаземцаў. У гэтым сэнсе раман часткова адлюстроўвае асаблівасці кітайскай цывілізацыі. І ў нейкай ступені і сённяшні дзень Кітая, таму што традыцыі працягваюць жыць, нягледзячы на велізарны ўплыў цывілізацыі еўрапейскай.

— Сёння шмат гавораць пра іншыя кітайскія раманы — пра «Татэм ваўка» Цзян Жуна, «Апошняга імператара» Су Туна... Наколькі Мо Янь мацнейшы ў сваіх мастацкіх і, можа быць, ідэйных памкненнях?

— Параўноўваць гэтых аўтараў, відаць, няправільна, дужа яны розныя. Цзян Жун увогуле не прафесійны пісьменнік, хоць «Татэм ваўка», безумоўна, цікавы і сюжэтам, і тэмай экалогіі, і гісторыяй ваўкоў, і супрацьпастаўленнем манголаў і кітайцаў. І «Апошні імператар» (гэтую назву дало выдавецтва, увогуле раман называецца «Мая царская доля») заслугоўвае ўвагі як вытанчаная, хоць і страшная, карціна-развага па матывах старажытнай кітайскай гісторыі. Але Су Тун — пісьменнік больш камерны, ён цураецца эпічнага і звяртаецца да філігранных псіхалагічных партрэтаў герояў, іх думак і сумненняў. Ён вядомы як вялікі знаўца жаночай душы. У Мо Яня падыход больш маштабны і шматгранны. У сваіх творах ён не баіцца закранаць самыя адчувальныя тэмы кітайскай гісторыі. Напрыклад, раман «Кабы» (2009) прысвечаны такой балючай для кітайцаў тэме, як абмежаванне нараджальнасці. Яго тэксты вельмі насычаныя, ён быццам спяшаецца выказацца. Тонкі стыліст, ён нярэдка апавядае не ад адной асобы.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы працытавалі наступныя словы, прысвечаныя Мо Яню: «Па сваім духоўным настроі творы Мо Яня больш кітайскія, чым у якога іншага пісьменніка, ён валодае... сілай, якая мае глыбокае карэнне ў зямлі Кітая». Што ўсё ж такі гэта за сіла?

— «Кітаізм» Мо Яня, пэўна, заключаецца ў тым, што ён чалавек з народа, просты кітаец з моцнай сялянскай закваскай. Яму не трэба «хадзіць у народ», вучыцца ў яго, ён з дзяцінства ўвабраў народную культуру, традыцыі, слухаў папулярных казачнікаў шашуды, захоплена чытаў класічныя кітайскія раманы: яго любімы раман — «Рачныя затокі». Ён ведае, што такое галоднае дзяцінства, на сабе выпрабаваў палітычныя рэпрэсіі. Са сваім «няправільным» паходжаннем (ён з сям'і заможнага селяніна, па-нашаму — кулака) прайшоў праз гарніла палітычных кампаній. Таму яго творы напісаны з пункту гледжання чалавека з народа. У гэтым, пэўна, і ёсць яго сіла. Той самы вядомы крытык Лі Цзінцзэ, словы якога вы прывялі, адзначаў, што за трыццаць гадоў Мо Янь зрабіў для кітайскай літаратуры болей, чым любы іншы кітайскі пісьменнік. Заўважым, праўда, што ў Кітаі не любяць гаварыць «самы лепшы», а выкарыстоўваюць формулу «адзін з лепшых».

— Ацэнка ці фармулёўка Нобелеўскага камітэта ў дачыненні да Мо Яня наступная: «Галюцынатарны рэалізм аб'ядноўвае народныя казкі з гісторыяй і сучаснасцю». Дык ад чаго, ад каго ў прозе Мо Яня болей — ад рэаліста ці ад казачніка?

— Па праўдзе кажучы, я быў досыць здзіўлены, калі даведаўся аб прысуджэнні Мо Яню Нобелеўскай прэміі, хоць ён, несумненна, варты гэтай высокай узнагароды. Здзіўлены таму, што дужа часта ў апошнія гады гэтая прэмія ўручаецца больш па палітычных матывах, а не за вышыні літаратурнай творчасці. У сваёй нобелеўскай лекцыі Мо Янь заявіў: «Я — казачнік». Там жа ён дае і азначэнне ролі пісьменніка, якая дазваляе зразумець яго пазіцыю. Дазволю сабе шырокую цытату: «Як член грамадства пісьменнік, зразумела, мае сваю пазіцыю і свой пункт гледжання, але пры стварэнні твора ён павінен выступаць як гуманіст, і людзі ў яго павінны заставацца людзьмі. Хіба тады літаратура зможа не толькі адштурхоўвацца ад нейкай падзеі, але і ісці далей яе, не толькі цікавіцца палітыкай, але і пераўзыходзіць яе. Доўгі час маё жыццё было напоўнена нягодамі, і, магчыма, дзякуючы гэтаму я набыў даволі глыбокае разуменне чалавечай прыроды. Я ведаю, што такое сапраўдная смеласць, разумею, што такое сапраўднае спачуванне. Я ведаю, што ў душы кожнага чалавека ёсць нейкая туманная частка, дзе цяжка сказаць, што правільна і што няправільна, што ёсць дабро і што ёсць зло. Якраз у гэтай частцы і ёсць дзе разгарнуцца таленту пісьменніка. І калі ў творы дакладна і па-жывому апісваецца гэтая поўная супярэчнасцяў туманная частка, ён абавязкова выходзіць за межы палітыкі і абумоўлівае высокі ўзровень літаратурнага майстэрства».

— А што за гісторыя з забароненым раманам Мо Яня — «Часночныя напевы»?..

— Раман «Часночныя напевы», які выйшаў у 1988 годзе, заснаваны на рэальных падзеях у павеце Гаомі, родным павеце Мо Яня, так званым «часночным інцыдэнце», калі сяляне пратэставалі супраць палітыкі ўлад. Мо Янь адгукнуўся на гэту падзею і за трыццаць пяць дзён напісаў амаль трохсотстаронкавы раман. А забаранілі раман, наколькі мне вядома, праз год у сувязі з падзеямі на плошчы Цяньаньмэнь. «Часночныя напевы» быў не адзіным раманам Мо Яня, забароненым цэнзурай. Астракізму была падвергнута і першая рэдакцыя рамана «Краіна віна» (1993): дужа яркай атрымалася гэтая вострая сатыра на норавы чыноўнікаў і партыйных функцыянераў. Дасталося ад крытыкаў і раману «Вялікія грудзі, шырокі зад» (1996): аўтара называлі ледзьве не фашыстам, які ачарняе айчынную гісторыю. Мо Янь жа адным з першых звярнуўся ў рамане да тэмы жорсткай братазабойчай грамадзянскай вайны 1945—1949 гадоў паміж нацыяналістамі і камуністамі, а таксама паказаў у рамане жахлівы голад у Кітаі ў 1958—1960-х гадах.

— Псеўданім Мо Янь (сапраўднае імя — Гуань Моі) значыць «маўчы». Ці ўсё паспеў сказаць пра Кітай нобелеўскі лаўрэат Мо Янь?

— На сённяшні дзень Мо Янь надрукаваў 11 раманаў, больш за 60 аповесцяў і мноства апавяданняў. Але, па ўласным прызнанні, у яго ў галаве яшчэ тэм на тры сотні раманаў. Як мне здаецца, гэты найталенавіцейшы сялянскі самародак можа яшчэ шмат чаго расказаць свайму народу і свету.

— Вы неяк назвалі сярод кітайскіх пісьменнікаў, таксама вартых Нобеля, Су Тун, Бі Фэйюй, Юй Хуа. Чым менавіта яны вызначаюцца ў акіяне вялікай айчыннай літаратуры?

— Вышэйназваныя пісьменнікі, безумоўна, цікавыя і таленавітыя, але яны названы ў першую чаргу таму, што найбольш вядомыя на Захадзе, асабліва Юй Хуа. А кітайская літаратура — гэта сапраўды неабсяжны акіян аўтараў і твораў, сярод якіх, пэўна ж, ёсць пакуль невядомыя будучыя нобелеўскія лаўрэаты.

— Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2015 годзе атрымала Святлана Алексіевіч. Амаль усе яе творы яшчэ да рашэння Нобелеўскага камітэта ўжо былі перакладзены на кітайскую мову. У іх — Алексіевіч і Мо Яня — ёсць нешта агульнае?

— Кітайцы вельмі пільна сочаць за літаратурай на рускай мове і вельмі шмат перакладаюць. Таму не дзіўна, што яны даўно пераклалі творы Святланы Алексіевіч. Не магу сказаць, што добра знаёмы з яе творчасцю, чытаў толькі «У вайны не жаночае аблічча». І знайсці нешта агульнае ў яе з Мо Янем не змагу. Тым больш што яна піша не мастацкую прозу, як цяпер гавораць, а — нон-фікшн, і матывы прысуджэння ёй Нобелеўскай прэміі, як мне ўяўляецца, крыху іншыя.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Загаловак у газеце: Мо Янь. Пісьменнік з народа

Каментары

Напишите, как в Беларуси обстоят дела с переводами Мо Яня. Спасибо!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?