07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Новая практыка перадабортнага кансультавання дае станоўчы вынік


Яна дазваляе  ў апошнія гадыпрыкладна 20 працэнтам цяжарных жанчын адмяніць паспешлівае рашэнне і ўсё ж нарадзіць.


 

Пераможцы рэспубліканскага конкурсу «За жыццё» падзяліліся нядаўна з іншымі калегамі асаблівасцямі правядзення нялёгкай работы. Лепшы вопыт складзе аснову сістэмы ажыццяўлення перадабортнага кансультавання ва ўсёй краіне, што прадугледжана адпаведным раздзелам праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». «У нашай краіне, нягледзячы на няпростую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, ніводная дапамога, звязаная з выплатамі па цяжарнасці, нараджэнні дзяцей, забеспячэнні лекамі не тое што не зніжана, а нават пашыраны пералік па некаторых пазіцыях, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена БОГДАН. — А з 2017 года плануецца ажыццяўляць дзяржаўную падтрымку дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Усё гэта робіцца для таго, каб як мага больш сем'яў маглі мець і выхоўваць дзяцей».

Сучаснай сям'і наогул даводзіцца сёння нялёгка. Супраць яе, традыцыйнай — з зарэгістраванымі адносінамі, вялікай колькасцю дзяцей — шмат выклікаў сучаснасці: грамадзянскі шлюб (а правільней сказаць, сужыццё), выпадкі бясплоднасці, арыентацыя на сям'ю з адным дзіцем, адкладанне нараджэння першынца на больш позні тэрмін, пашырэнне практыкі аднаполых шлюбаў... Тыя ж аборты забараняць, зразумела, ніхто не збіраецца — такая практыка прыводзіць толькі да росту крымінальных аперацый і рызыкі гібелі жанчыны, а Беларусь якраз толькі дасягнула самай нізкай у свеце мацярынскай смяротнасці. Аднак кідаць справу на самацёк таксама немагчыма. Асноўнымі захадамі ў галіне папярэджвання непажаданай цяжарнасці і абортаў сталі перадабортнае кансультаванне, дадзеная ўрачу магчымасць адмовіцца ад выканання аборту, а два гады таму быў скарочаны і пералік сацыяльных паказанняў для перарывання цяжарнасці — у ім засталіся толькі згвалтаванне і пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Гэта прывяло да таго, што колькасць перарыванняў цяжарнасці па сацыяльных паказаннях скарацілася фактычна ў дзесяць разоў (летась зарэгістравана 44 выпадкі, а было каля 400).

Паводле слоў загадчыцы жаночай кансультацыі №2 Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Святланы КУПРАШЭВІЧ, для аказання комплекснай дапамогі жанчыне ў снежні 2015 года быў афіцыйна адкрыты кабінет «За нараджэнне». Спецыялісты працавалі з больш як 180 пацыенткамі, з якіх 40 у выніку нарадзілі дзіця. Прыкладна такі расклад і ў іншых кансультацыйных кабінетах.

— Сярод прычын, па якіх жанчыны імкнуцца пазбавіцца цяжарнасці, часта называюцца матэрыяльна-бытавыя цяжкасці — нізкі даход, адсутнасць жылля, пражыванне з бацькамі, незакончаная вучоба, адсутнасць работы, — расказвае загадчыца жаночай кансультацыі Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы Святлана ПРАКАПЕНКА. — У такіх выпадках выяўляюцца праблемы сэнсу жыцця, міжасабовых стасункаў з мужам і старэйшымі дзецьмі, негатыўны вобраз будучыні: «Я не бачу сэнсу нараджаць яшчэ», «Мне і з адным цяжка, стамляюся», «Хочацца і для сябе пажыць, свет паглядзець». Побач з жанчынай аказваюцца блізкія, якія не толькі не падтрымліваюць, а дазваляюць перарваць цяжарнасць. Мужчыны ў лепшым выпадку кажуць: як ты вырашыш, так і будзе. Наогул мужчынам патрабуецца больш часу для ўсведамлення сітуацыі, аднак праблема ва ўзаемаадносінах навідавоку...

Каб скіраваць жанчыну на іншыя развагі, псіхолагі ідуць на хітрасць — прапануюць нарадзіць і... пакінуць у радзільні. Зразумела, сто працэнтаў цяжарных заяўляюць: я не кіну сваё дзіця. Не кіне, але... заб'е? З аднаго боку пацыенткам прадастаўляецца інфармацыя аб тым, што такое аборт, а з другога, яны слухаюць расказы пра тое, што і як адбываецца з плодам — вось дзіця смокча пальчык, цяпер у яго ўжо б'ецца сэрцайка, плод адчувае боль...

— У глыбіні душы любая жанчына разумее, што аборт — гэта дрэнна, — кажа псіхолаг Барысаўскага радзільнага дома Кацярына РУСАНАВА.
Аднак ні ў якім разе нельга даць ёй зразумець, што яна робіць дрэнна і няправільна. Жанчына, якая ўпершыню перарывае цяжарнасць, не думае пра дзіця як пра асобу. Таму падчас кансультацый неабходна засяродзіць на гэтым увагу: ёсць спецыяльныя макеты з выявай дзіцяці, наглядныя сродкі, якія дапамогуць падумаць пра дзіця як пра чалавека. Але гэта не ціск на жанчыну. Гэта не для таго, каб жанчына прыняла рашэнне, правільнае з пункту гледжання ўрача. Работа скіраваная на тое, каб жанчына атрымала магчымасць адшукаць у сабе тыя рэсурсы, якія дапамогуць прыняць мудрае рашэнне, а яно, вядома, у тым, каб захаваць жыццё...

Мяркуючы па апытаннях, значная доля пацыентак не адмаўляецца ад нараджэння наогул — даволі значная колькасць разважае прыкладна так: «Можа, пазней, але не цяпер». Заўважана, што нават калі жанчына пасля перадабортнага кансультавання ўсё роўна прымае рашэнне пазбавіцца цяжарнасці, практыка сведчыць, што верагоднасць паўтарэння сітуацыі ў будучыні зніжаецца.

Даследаванні паказваюць, што на аборт часцей за ўсё ідуць не маладыя незамужнія, а наадварот, замужнія, дарослыя, якія ўжо маюць адно-дваіх дзяцей. Наогул для правядзення падобнай работы няма адзінага рэцэпта, але самым важным з'яўляецца, як кажуць псіхолагі, разгойдванне на пазітыў. Жанчына можа ісці на аборт толькі таму, што ёй ужо 40, адно дзіця ўжо ёсць... Фактычна ёй хацелася б, каб нехта аўтарытэтны, кшталту доктара, проста пазбавіў яе комплексу «Я надта старая, каб нараджаць». Усяго крыху падтрымкі, і праз дзевяць месяцаў у кабінеце ўрача плачуць ад шчасця і сама матуля, і «малады» тата. Або вось іншая сітуацыя. Непаўналетняя дзяўчынка жадае пакінуць цяжарнасць, а яе бацька, які адзін выхоўвае дачку — катэгарычна і нават агрэсіўна супраць. Але ўсяго адна кароткая гутарка са святаром, і цяпер гэта — шчаслівы дзядуля

Хваробы будучых мам

З развіццём службы дзіцячай гінекалогіі ахоп падлеткаў медаглядамі вырас з 65% у 2007-м да 99,2 у 2012-м і летась склаў 99,7%, паведамляе галоўны пазаштатны дзіцячы акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Аксана КУДЗІНА.

Гінекалагічная захваральнасць дзяўчат-падлеткаў няўхільна расце. У структуры гінекалагічнай захваральнасці дзяўчат ва ўзросце 0-18 гадоў 85 працэнтаў складаюць хваробы мочапалавой сістэмы, 8 працэнтаў — парушэнні менструальнага цыкла, 4 працэнты — запаленчыя інфекцыйныя захворванні і паталогія шыйкі маткі, 2 працэнты — траўмы, 1 працэнт — эндакрынная паталогія, 0,3 працэнта — новаўтварэнні.

Найбольшая колькасць абортаў прыпадае на ўзроставую групу 20—29 гадоў, а ва ўзроставай групе да 18 гадоў рэгіструецца ў сярэднім 1,2-1,9 выпадкі на тысячу дзяўчат. Колькасць абортаў у 15-17-гадовых зніжалася ў апошнія гады.

Вакуум-аспірацыі летась былі праведзены ў 18% выпадкаў. У 70% выпадкаў цяжарнасць перарывалася да 12 тыдняў, да 21 тыдня — у 12% выпадкаў, па генетычных паказаннях — у 5%. Колькасць медыкаментозных абортаў складае ў цэлым не больш за 7 працэнтаў, але тут трэба ўлічваць, што яны праводзяцца платна, а меддапамога тым жа непаўналетнім аказваецца толькі на бюджэтнай аснове.

Першая ў краіне акцыя па папярэджванні абортаў «Падары мне жыццё» была праведзена ў 2011 годзе. У 2013-м у асобных рэгіёнах пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы, абласных выканкамаў на базе тэрытарыяльных гарадскіх паліклінік, жаночых кансультацый адкрыліся кабінеты псіхалагічных кансультацый і падрыхтоўкі да мацярынства «За нараджэнне». Па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя, БПЦ, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, аблвыканкамаў і грамадскіх арганізацый у 2014-м акцыя «Разам у абарону жыцця» зрабіла магчымым правядзенне тыдня, калі штучныя перарыванні цяжарнасці не праводзіліся наогул. Летась праводзілася актыўнае навучанне спецыялістаў па правядзенні перадабортнага псіхалагічнага кансультавання. Сёлета работа працягваецца, а налета запланаваны конкурс на найлепшае сямейнае перадабортнае кансультаванне — каб рашэнне аб захаванні дзіцяці прымалі ўсё ж такі абое.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: А сэрцайка стукае

Каментары

- Сёння я шчаслівая бабуля, а шмат гадоў таму… Прыехала з радзільні дачка з унучкам. Раптам тэмпература ў яе падскочыла да 40 - мастыт. Раней не гаварылі, не навучалі грудному кармленню, а таму мы мала ведалі, і амаль кожная сутыкалася з такой непрыемнасцю. Прыехала "хуткая". Доктар пытаецца: якая цяжарнасць па ліку? Дачка прамаўляе: другая… Як другая? Ногі ў мяне сталі ватнымі, рукі непаслухмянымі, язык знямеў -- і дагэтуль памятаю той стан. Маё дзіця прайшло "пекла", а я нічога пра гэта не ведала! Я выдатна разумею, пра што кажу, бо і сама нарадзіла толькі адно дзіця, але цяжарнасці ў мяне было тры. І мая маці таксама нічога пра гэта не ведала. Так вось мы і хаваем адна ад адной такія жудасныя ўчынкі, так і жывём з велізарным цяжарам на душы… Нарадзіць непажаданае дзіця, тым больш, кінуць яго на дзяржаву -- гэта жах, і такога быць не павінна наогул. Аднак колькі жанчын вось так, як мы з дачкой, моўчкі, не гаворачы нікому з самых блізкіх людзей, ішлі на гэту жудасную працэдуру -- рызыкуючы сваім здароўем, сваім шансам калі-небудзь зацяжараць яшчэ… Звычайна жанчыны паведамляюць аб такім кроку свайму мужчыну, але што яны? Пакажыце мне мужчыну, які б угаворваў пакінуць дзіця, ногі цалаваў і прасіў: малю, не рабі гэтага! Як жа хочацца вырасціць унука такім, каб ён не дазволіў сваёй каханай прайсці праз такія фізічныя пакуты, праз псіхічныя пакуты -- барацьбу з самой сабой, прымірэннем з самой сабой, здольнасць прымаць такое рашэнне і жыць з гэтым пасля. Бо насамрэч для жанчыны, якая перарвала цяжарнасць, пакуты пачынаюцца нават не ў момант фізічнага болю, а крыху пазней, калі нараджаецца спустошанасць, страх, адчай, пакаянне. Так што гэта проста выдатна, Святлана, што вы напісалі пра магчымасць паразмаўляць з урачамі, падумаць, зноў паразмаўляць і параіцца. Няхай з чужым чалавекам -- калі ўжо ў нашым грамадстве не заведзены падобныя размовы са сваякамі. І самае важнае, што налета, як вы напісалі, будзе магчымасць сямейнага кансультавання. Нашых мужчын трэба выхоўваць інакш, далучаць да такіх важных рэчаў.

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.