Вы тут

Навошта патрэбны вакцыны?


Імунная сістэма здольная абараніць дзіця ад антыгенаў і мікраарганізмаў, якія пастаянна з намі — банальнай кішэчнай палачкі, стрэптакокаў, але яна бяссільная перад узбуджальнікамі дыфтэрыі, віруснага гепатыту В, слупняку, коклюшу... І тут на дапамогу прыходзяць вакцыны. Яны «знаёмяць» арганізм з узбуджальнікамі інфекцый і «навучаюць» метадам барацьбы.


Большасць прышчэпак, атрыманых у дзяцінстве, стварае аснову імунітэту на ўсё жыццё. Дзеянне некаторых прышчэпак з цягам часу слабее, а таму вакцынацыю паўтараюць.

Паводле слоў медыцынскай сястры 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіны РАКОЎСКАЙ, у некаторых дзяцей пасля прышчэпкі можа быць і павышэнне тэмпературы, і пачырваненне або ўшчыльненне ў месцы ўвядзення вакцыны, але гэта заканамерная рэакцыя, яна кароткачасовая і не патрабуе лячэння. Верагоднасць развіцця ўскладненняў пасля перанесенага інфекцыйнага захворвання ў тысячы разоў большая за рызыку ўзнікнення ўскладнення пасля прышчэпкі.

* Прышчэпкі не праводзяць у час абвастрэння хранічнага захворвання. Праўда, калі рызыка заражэння надта высокая (пасля кантакту з хворым), шэраг вакцын можна ўвесці на фоне нязначных сімптомаў.

* Дзецям, якія часта хварэюць або маюць хранічныя захворванні, прышчэпкі неабходны ў першую чаргу — інфекцыі ў іх працякаюць значна цяжэй і нярэдка з ускладненнямі.

* Дзецям з хранічнымі захворваннямі пажадана стварыць дадатковую абарону з дапамогай прышчэпак ад пнеўмакокавай і менінгакокавай інфекцый, хіб-інфекцыі (выклікае гемафільная палачка), віруснага гепатыту А.

У кожнай краіне існуе свой нацыянальны каляндар прышчэпак, які ўлічвае эпідэмічную сітуацыю ў канкрэтным рэгіёне. У Мінску дзецям дадаткова праводзіцца імунізацыя супраць віруснага гепатыту А і з 2007 года — супраць хіб-інфекцыі.

Імунная сістэма шматфункцыянальная і здольна апрацоўваць некалькі задач адначасова, таму правядзенне некалькіх прышчэпак у адзін дзень дазваляецца.

Ці можа захварэць прышчэпленае дзіця?

Ніводная вакцына не дае 100% гарантыі, што дзіця не захварэе, аднак гэта бывае вельмі рэдка. Калі прышчэпленае дзіця ўсё ж такі захварэе, то ў лёгкай форме, без ускладненняў, а галоўнае, не загіне.

Непрышчэпленае дзіця будзе мець шэраг абмежаванняў пры наведванні калектыву, таму што мае высокую рызыку захварэць і стаць крыніцай інфекцыі для іншых дзяцей. Калі дзіцяці не праведзена прышчэпка без прычыны, то такая сітуацыя расцэньваецца як парушэнне правоў дзіцяці на здароўе і жыццё.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».