Вы тут

Жыццёвы і навуковы шлях Віктара Пятровіча Краснея


Калі б мора было чарнілам, то хутчэй вычарпалася б мора, чым слова. Гэта ўсходняя мудрасць як мага лепш адлюстроўвае жыццёвы і навуковы шлях Віктара Пятровіча Краснея — выдатнага беларускага мовазнаўца, лексікографа, педагога, прафесара, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Віктар Красней нарадзіўся 20 ліпеня 1936 года ў вёсцы Хамічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1969 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце паспяхова абараніў дысертацыю «Беларуская філалагічная тэрміналогія пачатку ХХ стагоддзя». Віктару Пятровічу належаць грунтоўныя распрацоўкі ў галіне беларускай тэрмінасістэмы, стылістыкі мастацкіх і навуковых тэкстаў. Навукова-педагагічная спадчына вучонага налічвае больш за 200 публікацый, сярод якіх каля 40 кніг.

Вучыць іншых — вялікі гонар і вялікая адказнасць. Не аднаму пакаленню беларусаў Віктар Пятровіч вядомы як удумлівы і руплівы педагог, аўтар серыі падручнікаў па беларускай мове для школ (разам з Я.М. Лаўрэлем, С.Р. Рачэўскім і інш.): «Беларуская мова» для 4 класа (1988, 2001), 5 класа (2008, 2014), 6 класа (2009, 2015). Гэта далёка не поўны спіс падручнікаў, кожны з якіх — сапраўдная крыніца ведаў для тых, хто спасцігае таямніцы і хараство роднага слова.

Гэты чалавек увасабляе партрэт сапраўднага беларуса — мудрага, памяркоўнага, сціплага, працавітага і ў той жа час узнёслага, рамантычнага і няўрымслівага. Беларуса, які штодня адчувае бязмежны клопат аб роднай мове, праз якую, па словах Віктара Пятровіча, кожны народ стварае сваю «мадэль» свету. Ён і сам з'яўляецца часткай гэтай «мадэлі», прыкладам шчырага служэння беларускаму слову — невычарпальнаму і натхняльнаму.

Калегі, аднадумцы, сябры Віктара Пятровіча шчыра віншуюць яго з юбілеем і дзеляцца сваімі ўспамінамі.

Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ: «Кожная новая сустрэча з прафесарам прыадкрывае ў яго асобе нешта раней незаўважанае...»

— Віктар Пятровіч Красней для мяне найперш узор сапраўднага патрыёта-беларуса, шчырага і бескарыслівага дарадцы-навукоўца, удумлівага і разважлівага метадыста, аднаго з найбольш аўтарытэтных мовазнаўцаў краіны. А яшчэ ён надзвычай адказны чалавек, які інтарэсы іншага заўсёды ставіць вышэй за свае, імкнецца падтрымаць, знайсці правільнае выйсце ў складаных сітуацыях.

За больш як 30 гадоў сумеснай працы на філалагічным факультэце БДУ, здавалася б, ужо ўсё пра яго ведаеш. Але не. Кожная новая сустрэча з прафесарам прыадкрывае ў яго асобе нешта раней незаўважанае, што да пэўнага часу не выяўлялася: жыццёвае асэнсаванне складаных і супярэчлівых праблем функцыянавання беларускай мовы як мовы дзяржаўнай і нацыяўтваральнай, непрыхаваны неспакой за лёс беларускага маўлення ў дзіцячым садку і сярэдняй школе. З ім па-ранейшаму прыемна абмеркаваць выдавецкія і чыста навуковыя праблемы, хоць і выпадаюць такія хвіліны не так часта, як хацелася б.

Магчыма, не кожны ведае пра незвычайную методыку напісання вучоным сваіх прац. У Віктара Пятровіча фактычна няма чарнавікоў — кожны тэкст у яго атрымліваецца як чыставік, бо ён даўно адшліфаваўся ў думках, колькі разоў вусна сфармуляваўся і зафіксаваўся ў памяці. У многіх працах лінгвіста лёгка заўважаецца рамантычна-ўзнёслы стыль аповеду, публіцыстычнае напаўненне думкі выразным словам, ёмкімі фразеалагізмамі, дарэчнымі прыказкамі і прымаўкамі, цытатамі з разнастайных вершаў, сотні якіх ён ведае на памяць.

Няхай жа не перапыняецца высокі палёт навуковага пошуку вучонага!

Алена Мікалаеўна Лапкоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы: «Я да сённяшняга дня захоўваю ўсе чарнавікі нашай работы».

— Маё першае знаёмства з Віктарам Пятровічам было «завочным». Адна з маіх студэнцкіх сябровак наведвала семінар, які ён праводзіў. Яна прыходзіла пасля заняткаў і так натхнёна і цікава расказвала пра выкладчыка, што я не вытрымала і ўжо практычна напрыканцы 3 курса папрасілася да Віктара Пятровіча на семінар, а затым «угаварыла» быць навуковым кіраўніком дыпломнай работы.

Работа над дыпломам была настолькі цікавай (безумоўна, у першую чаргу для мяне), што, калі на стол леглі 162 ад рукі напісаныя старонкі, я зразумела — на гэтым спыняцца не хачу. І толькі цяпер, адпрацаваўшы 20 гадоў ва ўніверсітэце, разумею, што дзякуючы Віктару Пятровічу, які, з аднаго боку, душэўна, тонка і далікатна падыходзіў да нявопытнага студэнта, а з другога боку, цвёрда, напорыста і з веданнем справы «зацягваў» у свет навукі, з'явілася гэта жаданне. Таму, закончыўшы ўніверсітэт, я добра ведала, што хачу працягваць гэтую справу і не хачу развітвацца з Віктарам Пятровічам.

Не ведаю, як адчуваюць сябе сучасныя студэнты, якія паступілі ў аспірантуру, магу толькі сказаць, што асабіста я была шчаслівая і задаволеная, бо наперадзе мяне чакалі 3 гады цудоўных сустрэч з навуковым кіраўніком, і таму я дакладна ведала, што і як мне трэба рабіць. Я да сённяшняга дня захоўваю ўсе чарнавікі нашай работы, бо там ёсць праўкі, напісаныя акуратным почыркам Віктара Пятровіча.

Сёння мы гаворым, што Віктар Пятровіч — гэта навуковец з душой паэта. Так! Але мне здаецца, што гэта яшчэ і выдатны музы́ка, і таленавіты дырыжор. Бо як музычнаму інструменту для таго, каб ён загучаў, каб раскрылася сапраўдная сутнасць твора, неабходны віртуозны выканаўца, так і для маладога даследчыка важна трапіць у чуллівыя рукі майстра.

Дарагі Віктар Пятровіч, я ўдзячна лёсу за тое, што Вы ёсць у маім жыцці! Я жадаю Вам моцнага здароўя, шчасця і буду маліць Бога, каб анёл-ахоўнік заўсёды быў з Вамі з шырока раскрытымі крыламі!

Вячаслаў Пятровіч Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ: «...Старастам ён быў адменным...»

— З цяперашнім юбілярам, прафесарам, а тады — дэмабілізаваным сяржантам Віцем Краснеем (Чырванеем — як за вочы і нават у вочы многія называлі яго) — я пазнаёміўся ў далёкім ужо верасні 1958 года. Тады мы адначасова паступілі на беларускае, дакладней — беларуска-рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ імя У.І. Леніна ў ліку пяцідзесяці шчасліўчыкаў. Кажу — шчасліўчыкаў, бо за бортам нашага філалагічнага карабля засталося нямала цікавых і цікаўных абітурыентаў, найперш тых, хто, як я, не меў двухгадовага працоўнага стажу ці службы ў арміі. Такіх тады прымалі толькі ў ліку 5% ад агульнай колькасці студэнтаў...

Факультэцкае начальства адразу ўлічыла сяржанцкую вывучку і вопыт Віктара — прызначыла старастам нашага аддзялення. Функцыю гэту ён цярпліва выконваў на працягу ўсіх пяці гадоў. Трэба прызнаць, старастам ён быў адменным: гультаям, прагульшчыкам заняткаў спуску не даваў, сам паказваў прыклад у вучобе, у фізічнай працы (а тады мы кожны год ездзілі «на бульбу», удзельнічалі ў будаўніцтве галоўнага корпуса ўніверсітэта, іншых мінскіх навабудаў), у выкананні патрульных абавязкаў «народных дружыннікаў» і інш. Наш дэкан, шаноўны прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка не раз ставіў Віктара ў прыклад старастам суседніх аддзяленняў факультэта — рускага і журналістыкі, адзначаў падзякамі і рознымі граматамі.

У арганізацыі студэнцкага жыцця на курсе Віктару самааддана дапамагаў і яго аднагодак, наш нязменны камсамольскі сакратар Мікола Пашкевіч — таксама былы сяржант Савецкай Арміі. Дзякуючы найперш іх ініцыятыве і арганізацыйным здольнасцям на працягу пяці гадоў мы, апроч вучобы, сістэмна авалодвалі культурай у самым шырокім сэнсе гэтага слова — ад культуры паводзін да культуры маўлення. За невялікім выключэннем, нават тагачасныя першакурснікі былі сталымі людзьмі, з немалым жыццёвым вопытам. Але, з другога боку, з прабеламі ў ведах, з рознымі ідэйнымі і маральнымі прынцыпамі, з памылкамі ў маўленні, асабліва беларускім (выяўлялася армейская служба ў далёкіх ад Беларусі вайсковых акругах). Адразу ж на курсе была наладжана ўзаемадапамога ў падрыхтоўцы да практычных заняткаў, да залікаў і экзаменаў, асабліва па лацінскай, стараславянскай, замежных мовах. Былі вызначаны дні выключна беларускага маўлення паміж сабой. Сталі рэгулярна праводзіцца экскурсіі па літаратурных мясцінах Мінска (з абавязковым фатаграфаваннем, што пасля вельмі спатрэбілася пры стварэнні выпускных фотаальбомаў), у музеі, на розныя выстаўкі, культпаходы ў тэатры (найперш на спектаклі па «праграмных» творах з наступным іх абмеркаваннем), сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і г.д. За час вучобы арганізавалі і некалькі турысцкіх паходаў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых духоўных волатаў зямлі беларускай. Усё гэта дазволіла не толькі як след вывучыць розныя філалагічныя прадметы, але глыбей авалодаць культурнай, гістарычнай спадчынай роднага і суседніх народаў, спасцігнуць таямніцы роднага слова, стаць сапраўднымі спецыялістамі-гуманітарыямі. Урэшце, па заканчэнні БДУ выявіць сябе ў розных галінах народнай гаспадаркі, адукацыі, культуры, навукі.

Так распарадзіўся лёс, што з Віктарам Пятровічам Краснеем мы пасля плячо ў плячо нямала гадоў прапрацавалі выкладчыкамі на філалагічным факультэце нашага ўніверсітэта. «Мая» кафедра беларускай літаратуры, дзе я распачаў свой працоўны шлях яшчэ ў 1967 годзе, а таксама кафедра тэорыі літаратуры, якую я ўзначаліў у 1994 годзе, і «яго» родная кафедра беларускай мовы заўсёды знаходзіліся ў дружных стасунках, рабілі, як мы кажам, адну справу — па магчымасці ўздымалі і ўздымаем на новы ўзровень беларускую філалагічную навуку, выхоўвалі і выхоўваем не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і свядомых грамадзян, патрыётаў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Валянціна Зразікава, кандыдат філалагічных навук

Загаловак у газеце: Навуковец з душой паэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».