Вы тут

Маладым на ўспамін



Гэта гісторыя пачалася гадоў з трыццаць таму, а скончылася зусім нядаўна ды і то выпадкова.

...Якія вяселлі былі даўней, старэйшым расказваць не трэба — яны памятаюць. А вось маладым, можа, і цікава даведацца, што гарэлку ў крамах тады амаль не куплялі — не ленаваліся, гналі сваю. Займаліся гэтым, як правіла, бацькі маладых, але ж былі і выключэнні. Прынамсі, у нашым выпадку за дзень да вяселля «ля апарата» сядзела... сама нявеста: яна — як чалавек адказны — сачыла за агнём, за якасцю прадукту. Гэта значыць, пакрысе знімала пробу: ці добры ж?.. А ў выніку перастаралася, небарака: накаштавалася так, што дзе сядзела, там і заснула.

Зранку да яе прыехаў жаніх. Паглядзеў на «спячую прыгажуню» і не на жарт разгубіўся. З аднаго боку — нельга жаніцца: п'яніца! А з другога — усё падрыхтавана, госці (амаль сто чалавек!) з'язджаюцца, парсюкі заколаты, гарманіст з фатографам задатак узялі... Нічога, значыць, не зробіш — вяселлю быць!

Пабудзіў ён сваю «прыгажуню» і яшчэ раз задумаўся: твар у той апухлы (ад сну і гарэлкі), валасы растрапаныя... Вадзічкі, бедная, выпіла і заснула зноў! Ледзьве расштурхалі яе, ледзьве ў боскі стан прывялі — павезлі ў касцёл да шлюбу.

А перад ім жа споведзь!

Ксёндз толькі глянуў на яе, толькі ўнюхаў спіртное і такую мараль распачаў, што дзеўцы не тое што замуж, жыць расхацелася!

Але ж пашчасціла — святар адыходлівы быў: як даведаўся, што нявеста не проста так выпівала, што яна для гасцей старалася — адпусціў грахі, павянчаў...

І загуло ў вёсцы вяселле! І паспытала яно нявесцінага «варыва», і заспявала, і заскакала: ва ўсю грымела музыка!

Старанна — ва ўсякім разе спачатку — працаваў і фатограф. Трэба сказаць, што ён у той час трэцім чалавекам на вяселлях быў (пасля нявесты з жаніхом), бо тады ж не тое што сучасных айфонаў, нават «мыльніц» у людзей не было! А ў аб'ектыў трапіць хацелася... У выніку да фатографа цэлыя чэргі выстройваліся. І ці не кожны хацеў нечым спадабацца майстру, нечым такім запомніцца, каб разлічваць потым на добрыя здымкі...

Вось і ўсміхаліся яму, вось і... налівалі. Адмаўляцца той не ўмеў.

Карацей, хапіў ён лішняга, згубіў сваю камеру, а з ёй, адпаведна, і гісторыю вяселля: ніводнай картачкі не засталося б, калі б... на бяседу, на так званыя «сто грам за маладых» разам з іншай моладдзю не заблукаў выпадковы разявака. Ні маладыя, ні тым больш гарэлка яго не цікавілі. Але ў нявесты была прыгажуня-сяброўка... Не адзін таемны паклоннік паглядаў на яе! А гэты — употай... «фоткаў» — каб потым смела любавацца. У кадр час ад часу траплялі і маладыя.

...Не так даўно лёс звёў іх — ужо сталых сур'ёзных людзей, з тым «хлопцам». Разгаварыліся, сталі ўспамінаць мінулае — у тым ліку і вяселле, п'янага фатографа...

І тут раптам высветлілася, што быў яшчэ адзін, цвярозы, што ён захаваў фотакарткі, і, паколькі з той прыгажуняй у яго ўсё роўна нічога не склалася, гатовы аддаць ім — на доўгую добрую памяць.

...А лепшая ці бывае?

Аляксандр Сенюць,

к.п. Нарач, Мядзельскі раён.


Каза і дзіця з асфальту

Калі б не блізкая дэнамінацыя, людзі сталага веку, мусіць, дагэтуль гаварылі б пра пенсійны ўзрост. Падлічвалі б, колькі каму засталося да «дзембеля», хто паспявае ў «апошні вагон», а хто не, хто збіраецца сыходзіць з працы, а хто застаецца.

Застацца — пры ўмове, што ёсць здароўе. Ну, вядома ж, добра было б: як-ніяк і зарплату атрымаеш, і трохі пенсіі... Але ж і ў тым, каб пайсці на так званы заслужаны адпачынак, перавагі таксама ёсць. Ва ўсякім разе мая прыяцелька Ніна Фёдараўна спала і бачыла, як ёй споўніцца 55, як яна пакіне працу і як нарэшце болей часу стане праводзіць з любімай унучкай Волечкай. «Ніхто яе лепш не дагледзіць, чым я і нідзе ёй лепей не будзе, чым тут, на свежым паветры, у вёсцы!», — загадзя даводзіла яна сваёй дачцэ і зяцю.

І такі ж давяла: сказалі, што прывязуць «высокую» госцю (Волечцы пяць гадкоў).

Бабуля ўзялася рыхтавацца: старанна вычышчала хату, пераклейвала шпалеры, вешала новыя фіранкі. Ды што там — яна для ўнучкі нават казу купіла, прыгожую, бялюткую, з доўгай поўсцю. І не прагадала: палюбіла Волечка казінае малако: піць стала, колькі ні дай. Бабуля нацешыцца не магла!

Але ж, як той казаў, «нядоўга музыка іграла...». Стала заўважаць гаспадыня, што раніцай малако ў казы ёсць, а вось вечарам — ну хіба крыху.

Сабралі «сямейную раду», сталі думаць, што ж за ліха такое: сталі гаварыць пра нейкага вужа, які, маўляў, можа высмоктваць малако, пра нейкую жабу, якая, як быццам, таксама можа; грашылі на суседа, але ж потым падазрэнні знялі, бо малако — не гарэлка. А ўрэшце выклікалі ветэрынара...

Чакаючы, пакуль той прыйдзе, бабуля корпалася ў градах, Волечка непадалёк гуляла ў пясочку. Але ж раптам яе чырвоная сукеначка мільгнула каля плота...

А далей гаспадыня ўбачыла, як малая, прыхапіўшы ля студні ладную конаўку, пашыбавала да казы, як пагладзіла ёй рожкі, як паставіла долу пасудзінку, як стала цягаць за дойкі...

Раз на раз, вядома ж, не прыходзілася: струмені малака білі то ў траву, то малой на ногі, то на падол сукенкі... Але ж нешта трапляла і ў конаўку, бо ўрэшце дзяўчынка ў абедзве ручкі падняла яе і нагбом апрастала. Потым паставіла пасудзінку на камень і пабегла гуляць далей.

Такім вось чынам «знайшоўся» вячэрні ўдой. І трапіў ён, можна сказаць, па прызначэнні: каза ж куплялася дзеля ўнучкі.

Бабулю ў гэтым выпадку здзівіла адно: тое, што ўнучка, можна сказаць, дзіця асфальту і хмарачосаў, так хутка ўсё змікіціла: як падысці да казы, як пагладзіць, як падаіць...

А зрэшты, чаго дзівіцца: карані ж яе тут, у вёсцы, у бабулі, якая спецыяльна пайшла на пенсію, каб набыцца з унучкай.

Таццяна Раманава,

г. Наваполацк.


Партрэт

У той працоўны кабінет я прыйшоў у 1978 годзе. Пакой як пакой быў — нічога незвычайнага... Ну хіба што партрэт Карла Маркса, які больш нагадваў фотаздымак, зроблены яшчэ пры жыцці класіка марксізму-ленінізму.

А зрэшты, хто на яго зважаў: штось вісела на сцяне і вісела. Але ж неяк у наш кабінет завітаў прадстаўнік райкама партыі — азірнуўся і досыць строга заўважыў, што класік не столькі ўпрыгожвае сцяну, колькі абражае — і вялікага чалавека, і нават саму партыйную ідэю.

З гэтым — як з агнём — жартаваць не выпадала: мы вырашылі зняць «здымак» Карла Маркса і замест яго павесіць нешта сучаснае.

Ім, гэтым самым сучасным, быў тады Брэжнеў. Мой шэф спецыяльна схадзіў у кнігарню і там за свае ўласныя грошы набыў адпаведны партрэт. Мы змясцілі яго за шкло ў рамачцы і, магчыма, забыліся б, але ж дзе там: не прайшло і паўгода, як дарагі Леанід Ільіч нас пакінуў, а яго пасаду заняў Юрый Андропаў.

Што заставалася нашаму шэфу? Правільна: яшчэ раз схадзіць у кнігарню і выбраць новы партрэт.

Людзі больш сталага веку, напэўна, памятаюць, колькі пакіраваў Андропаў. А таму ў хуткім часе яго выяву мы таксама знялі: шэф зноў раскашэліўся — купіў партрэт Канстанціна Чарненкі...

Партрэт Гарбачова мы вешаць не сталі:

— Усё, хопіць, — сказаў мой шэф. — За апошні час я і так занадта патраціўся...

Але ж, з іншага боку, рамка ў нас была...

І таму ўрэшце мы змясцілі туды, як здавалася, вечнае: фотаздымак Леніна, які чытае газету «Правда».

Ён правісеў да 1991 года...

Мне цікава, дзе яны цяпер, гэтыя партрэты (раскупленыя і не)? Цікава, куды адыходзіць тое, што часам здаецца вечным?

Анатоль Палынскі,

г. Беразіно.


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by


Ад яе ж напамін: сёлета «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў «Звязды» не проста друкуюцца, — яны да таго ж удзельнічаюць у конкурсе на самую-самую — смешную, цікавую, разумную...

Хто і калі іх вызначыць? Мы з вамі. Прычым «працэс» ужо ідзе. Гэта значыць, што працуе як маленькае рэдакцыйнае журы (у складзе першага намесніка галоўнага рэдактара Наталлі Карпенкі, рэдактара аддзела Надзеі Дрылы і спецыяльнага карэспандэнта Яраслава Лыскаўца), так і вялікае чытацкае з усіх ахвотных пад старшынствам даўняй падпісчыцы газеты і вядомай гумарысткі Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне.

Вы хацелі б далучыцца? Без праблем: калі да каманды апавядальнікаў, то проста пішыце — дасылайце свае «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», калі да складу журы, — то чытайце ўжо напісанае і надрукаванае (падшыўку газеты можна знайсці ў бібліятэках або ў інтэрнэце), ацэньвайце па пяцібальнай сістэме з пазнакай даты апублікавання і складвайце ў нейкую шуфлядку. У канцы года нам застанецца «падняць» ды перагледзець свае запісы (нешта, магчыма, перачытаць) і назваць сваю дзясятку найлепшых твораў. Аўтараў іх чакаюць сюрпрызы. А магчыма, і прызы. Пішыце. Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.


 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.