Вы тут

Хлопец з Маладзечна збіраецца выпусціць камасутру для невідушчых


Аляксандр ЕЎДАКІМАЎ заўсёды бярэ з сабой у краму смартфон. Не для таго, каб па дарозе праверыць стужку навін. З дапамогай спецыяльнага дадатку невідушчы хлопец адлічвае патрэбную для пакупак суму. Падносіць па чарзе банкноты да камеры ў тэлефоне, і праграма беспамылкова вызначае кожную. «Пяць рублёў», — агучвае смартфон намінал новенькага чырвонага банкнота. Гэты распазнавальнік купюр для невідушчых Аляксандр зрабіў разам з сябрам два гады таму. З таго часу дадатак беларуса спампавалі больш за чатыры тысячы чалавек.

Як сярод карыстальнікаў праграмы аказаліся жыхары М'янмы і Камбоджы і чым здзівіць яго новы мабільны праект, малады чалавек расказаў нашаму карэспандэнту.


Сканер і грошы

Аляксандр — выкладчык у Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя Агінскага. Знаёміць студэнтаў з гісторыяй музыкі ў той час, калі яго жонка ў суседніх аўдыторыях вядзе заняткі па сальфеджыа і гармоніі.

Распрацоўваць мабільныя дадаткі хлопец пачаў перш за ўсё для ўласнай зручнасці. Трэба сказаць, што распазнавальнік купюр ужо існаваў. Праўда, счытваў ён толькі долары і еўра. Аляксандр звязаўся з аўтарам дадатку і спытаў, ці не дабавіць той у функцыянал беларускія рублі. Распрацоўшчык адмовіўся: маўляў, незацікаўлены ў гэтым, але прадаставіў зыходны код праграмы, з якім дазволіў рабіць што заўгодна.

— Я зразумеў, што без праграміста не абысціся, — кажа Аляксандр. — Звярнуўся ў рускамоўную рассылку невідушчых карыстальнікаў прылад пад «андроід» з прапановай папрацаваць. Адгукнуўся матэматык з Адэсы Алег Тайструк. Ён узяў на сябе ўсю праграмісцкую частку. На мне ж была візуальная праца: сябры, якія бачаць, падказвалі, наколькі якасныя «карцінкі» банкнотаў і ці адпавядаюць яны таму, што агучваецца.

Базу даных праграмы складаюць адсканаваныя купюры (па дзве выявы на кожную — вонкавы і адваротны бакі). Спачатку хлопцы самі сканавалі грошы — беларускія і ўкраінскія. Ужо потым знайшлі ў інтэрнэце, на сайце нумізматаў, банкноты ў лепшай якасці: іх цяпер і выкарыстоўваюць.

Дадатак Blіnd-Droіd Wallet працуе без падключэння да інтэрнэту. Фатаграфаваць купюру не трэба, важна толькі злавіць фокусную адлегласць.

— Можна ўключыць вельмі кантрасную выяву на экране — гэта для тых, хто дрэнна бачыць, — заўважае малады чалавек. — А каб пераключыцца на наступную валюту, дастаткова страсянуць тэлефон.

Дадатак працуе з 80 валютамі. Але, каб карыстальніку было зручна, у праграме па ўмаўчанні ёсць толькі дзве: долары і еўра. Астатнія чалавек сам пампуе (гэтыя «дабаўкі», як і сам дадатак, бясплатныя) і дабаўляе.

Дарэчы, працаваць з новымі беларускімі грашыма праграма была гатова ўжо з першага дня дэнамінацыі. Яшчэ ў сакавіку Аляксандр з дапамогай кіраўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку змог атрымаць ад банка якасныя «карцінкі» будучых купюр. Набор банкнотаў на смартфонах усіх беларускіх карыстальнікаў дадатку абнавіўся аўтаматычна.

— Удасканальваем праграму і далей, — расказвае хлопец. — Працуем па запыце карыстальнікаў. Вось нядаўна дабавілі валюты М'янмы і Камбоджы.

Калекцыя з 400 пазіцый

Цяпер Аляксандр разам з сябрам працуе над новай ідэяй.

— Гэта дастаткова эпатажны праект для нашай кансерватыўнай публікі, — папярэджвае маладзечанец. — Мы збіраемся выпусціць «Камасутру» для невідушчых. Думаю, мабільны дадатак будзе запатрабаваны і ў нас, і за мяжой.

Апроч уласна «гэтага», у мабільную энцыклапедыю ўключаць любоўныя парады з індыйскай кнігі «Галіны персікаў», са старажытнакітайскіх і старажытнаяпонскіх трактатаў. Плюс сучасная літаратура.

Усяго — пад 400 пазіцый. Аляксандр ужо два месяцы перакладае інфармацыю на рускую мову.

— А як вам ідэя мужа? — пытаемся ў Сашавай жонкі.

— Я паставілася спакойна да гэтага захаплення, — кажа Вольга. — Гэта хобі для Аляксандра, і калі яму цікава, то калі ласка. Я не ўмешваюся ў яго работу. Мне абсалютна ўсё роўна, што падумаюць іншыя людзі. А свае зразумеюць правільна.

У дадатку будзе і другая частка — сэрвіс знаёмстваў. Чалавек, які ўстанаўлівае праграму, зможа зарэгістравацца ў ім па жаданні і пакінуць свае каардынаты, а таксама інфармацыю пра тое, каго шукае.

— Дадатак абаронены ад уцечкі інфармацыі, — адразу запэўнівае Аляксандр і дадае, што сэрвіс дапаможа падбіраць партнёраў па інтарэсах. Праграма будзе адсочваць, чым з энцыклапедыі цікавіцца чалавек, і прапаноўваць яму пазнаёміцца з карыстальнікамі, якім спадабалася тое ж самае.

Анлайн-«камасутра» для невідушчых, бадай, не апошні праект Аляксандра. У хлопца яшчэ шмат ідэй. Напрыклад, не быў бы лішнім распазнавальнік колеру: нікому не хочацца прыйсці ў госці ў розных шкарпэтках. Разам з тым малады чалавек заўважае, што рабіць неспецыялізаваныя дадаткі даступнымі для людзей з праблемамі зроку нескладана: для распрацоўшчыкаў ёсць пэўныя інструкцыі. Калі іх улічваць, невідушчыя з дапамогай чытальнікаў экрана змогуць карыстацца звычайнымі праграмамі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота аўтара

Мінск — Маладзечна — Мінск

Загаловак у газеце: Энцыклапедыя кахання для невідушчых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».