Вы тут

У Салігорску будуецца ўнікальны цэнтр для дашкольнікаў


Самы вялікі на Міншчыне дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў хуткім часе з'явіцца ў Салігорску. Установа ўзводзіцца на сродкі ААТ «Беларуськалій».


— Ужо пабудавана каробка, накрыты дах, выкананы электрамантажныя, сантэхнічныя работы, — уводзіць у курс справы начальнік будаўнічага ўпраўлення №123 ААТ «Будтрэст №3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі» Дзмітрый Картуз. — Будаўніцтва ідзе хуткімі тэмпамі: пачалося ў снежні мінулага года. Усе намаганні накіраваны на тое, каб здаць аб'ект у жніўні сёлета. Цяпер тут працуе больш як 400 чалавек.

Паралельна вядуцца добраўпарадкаванне тэрыторыі, азеляненне, вакол пасеяна трава. «Думаю, да адкрыцця паспеем зрабіць пару ўкосаў», — жартуе Дзмітрый Міхайлавіч.

Дзіцячы сад будуецца па індывідуальным праекце, распрацаваным інстытутам «Брэстпраект», з якім у акцыянернага таварыства склаліся дзелавыя стасункі. Па-першае, кошт паслуг абыходзіцца ў разы танней, чым у іншых аналагічных арганізацыях. Па-другое, тут да справы падыходзяць творча, заўсёды знаходзяць цікавыя архітэктурныя рашэнні. Дзіцячы цэнтр уяўляе сабой тры злучаныя паміж сабой карпусы, упрыгожаныя невялікімі вежамі, і нагадвае казачны церамок.

Кошт аб'екта 84 млрд рублёў. Напачатку яго планавалася пабудаваць за 14 месяцаў, затым вырашылі ўзвесці за 8,5 месяца. «Гэта будзе наш падарунак малым і іх бацькам да прафесійнага свята — Дня шахцёра, які адзначаецца 27 жніўня», — кажа намеснік генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве ААТ «Беларуськалій» Іван Ждановіч.

Загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Планета дзяцінства ААТ «Беларуськалій» г. Салігорска Іна Маршыцкая не ўтойвае сваіх эмоцый і радасці:

— Наш цэнтр разлічаны на 330 дзяцей. У ім адначасова размесціцца 17 груп. Ён адрозніваецца ад тыпавых дзіцячых дашкольных устаноў. Тут прадугледжаны інтэрактыўны пакой, легацэнтр, гульнявыя пакоі з лабірынтамі для дзяцей ад 1 года да 3-х і ад 3 гадоў да 7-мі. Задума галоўнага архітэктара праекта — зона рэкрэацыі ў 150 кв. метраў са сцэнай, прызначаная для сумесных мерапрыемстваў бацькоў і дзяцей, свят, «агеньчыкаў», ранішнікаў, творчых сустрэч. Яшчэ адна цікавінка — на падлозе шахматная дошка і шахматы ў рост дзіцяці. Тут будуць таксама створаны спецыяльныя ўмовы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі мовы. З імі будуць працаваць лагапеды, дэфектолагі. Практычна ўжо сфарміраваны штат супрацоўнікаў. З 1 жніўня да нас прыязджаюць маладыя спецыялісты, якіх мы адабралі на размеркаванні ў Дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Гэта ініцыятыўныя дзяўчаты і хлопцы з цікавымі ідэямі, метадамі, якія яны прыўнясуць у работу ўстановы.

Дашкольны цэнтр размясціўся ў 17-м мікрараёне Салігорска, дзе пражывае практычна палова работнікаў флагмана айчыннай вытворчасці. Менавіта іх дзеці і будуць наведваць установу. Гэта вельмі зручна для бацькоў: не трэба рана будзіць выхаванца, каб адвезці ў сад і паспець на працу. Усё побач, пад бокам. Тым больш што на «Беларуськаліі» работа арганізавана ў тры змены.

— Клопат аб работніках і іх дзецях у нас на першым плане, — канстатуе Іван Ждановіч. — Летась у новы арэндны дом засялілі сем'і, якія стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў на прадпрыемстве. Сёлета ў канцы мая да Дня хіміка здалі яшчэ адзін 160-кватэрны шматпавярховік. Абодва знаходзяцца побач з дзіцячым цэнтрам.

Акрамя таго, у падпарадкаванні прадпрыемства — санаторый «Бярозка», які, так бы мовіць, зжыў сябе фізічна і маральна. Замест яго ўзводзіцца новая здраўніца найвышэйшага класа па абслугоўванні і камфорце.

— Нашы людзі добра працуюць. Яны заслужылі таго, каб і добра адпачываць, — рэзюмаваў Іван Ждановіч.

З ходам будаўніцтва дзіцячага цэнтра азнаёміўся старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас рабочай паездкі ў Салігорск. Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў, што Салігорск атрымае ўнікальную дашкольную ўстанову з цудоўнымі ўмовамі. І галоўнае — тут будзе ўдзяляцца вялікая ўвага ўсебаковаму развіццю дзяцей. «На V Усебеларускім народным сходзе ішла размова аб адукацыі праз усё жыццё, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Упэўнены, што гэты цэнтр дазволіць закласці добры падмурак для далейшай адукацыі яго выхаванцаў».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Нібы казачны церамок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».