Вы тут

Кнігі на лета


Для кожнага сезона можна знайсці сугучную па настроі і вельмі дарэчную кнігу. Часам яна трапляе ў рукі сама, а калі не — чаму б не скарыстацца падказкай? Навела Андрэя Адамовіча «Таўсціла і лешч», зборнік Ганны Навасельцавай «І чарам сніцца чалавек...» — выданні для адмысловага чытача. Таму і прадстаўляць іх трэба адмыслова — каб ніхто не забыўся, не пераблытаў і дакладна не абмінуў выданне, якое пасуе менавіта яму.


Абедзве кнігі дзіўныя і нават псіхадэлічныя. Каб прачытаць іх цалкам, трэба з першых старонак пагадзіцца з асаблівасцямі аўтарскай паэтыкі і не звяртаць вялікай увагі на празмернасці. Да таго ж, як апавяданні, так і навелы — тэксты, якія дапускаюць розныя прачытанні і вядуць кожнага чытача да сваіх выснов.

Лешч, марлін і залатая рыбка

Для каго: для тых, хто не баіцца «жорсткай» прозы з непрыгожымі ў эстэтычным плане сітуацыямі, непрыстойнымі слоўцамі, натуралістычнымі падрабязнасцямі. У кнізе гэтага насамрэч няшмат: дакладна столькі, колькі патрэбна, каб праўдзіва распавесці пра беларускую рыбалку. Але калі такія тэксты выклікаюць дыскамфорт, за кнігу можна ўзяцца дзеля выдатна прадуманага сюжэта, які напраўду не адпускае да апошняй старонкі, і дзеля сэнсоўнай развязкі — вельмі важнага пункту навелы.

Дзе, калі і як чытаць. У беларускай літаратуры няшмат твораў буйнога фармату, якія сучасны чалавек можа «праглынуць» за некалькі гадзін. «Таўсціла і лешч» — яркае выключэнне. Чытач пагаджаецца, што восемдзесят беспаспяховых рыбалак на ляшча сведчаць пра нейкую таямніцу, губляецца ў здагадках, чым скончыцца твор і, зрэшты, пра што ён, а пісьменнік непрыкметна прапануе ўсё новыя інтрыгоўныя варыянты развіцця падзей. Даводзіцца губляцца ў здагадках, якая стрэльба стрэліць, а якая вісіць, адно каб паказытаць нервы чытачу.

Навела Андрэя Адамовіча чытаецца хутка і лёгка, таму дапаможа забыцца на час у вагоне цягніка альбо ў доўгай чарзе. Адпаведна, «Таўсціла і лешч» — незаменная кніга ў дарозе, «кароткі даведнік па фідарнай лоўлі», і ўнікальная (аднак не самая прыемная) магчымасць паназіраць за сапраўднай мужчынскай рыбалкай.

Пра што. Лоўля рыбы — з аднаго боку пашыранае хобі, з іншага — старажытны промысел, вядомы людзям усяго свету, якія жывуць на ўзбярэжжы мора, ракі альбо возера. Рыбалцы прысвечана нямала твораў сусветнай класікі, пачынаючы з аповесці Эрнэста Хэмінгуэя «Стары і мора». Аповесць маладога беларускага аўтара пачынаецца сугучна. Мужчына выпраўляецца на раку, каб злавіць вялізнага ляшча. Гэтым разам яму дакладна пашанцуе! Развітваецца з жонкай Марыяй і сынам Янам, захоплівае двух знаёмых... У дыялогах з'яўляюцца падколкі, прымітыўныя жарцікі і адпаведны жаргон:

— Халера з ім. Са мной. Макс, здарылася што, чо ты літар усадзіў? Напраўду што?

— Чуеце, вы раз на год ад спадніцаў адарваліся, дык смелыя сталі, ці так?

— Ну так, ну так, — паківаў галавой Ткач. — Давайце жэрці ці што. А то сядзім неяк, як дзябілы.

Стары Санцьяга ды нават больш блізкі да нас па менталітэце Ігнатыч Утробін з аповесці Віктара Астаф'ева «Цар-рыба» апынаюцца неверагодна ўзнёслымі і лірычнымі побач з беларускімі аматарамі рыбнай лоўлі. Галоўны герой армянін Максім крыху вылучаецца з кампаніі, бо размаўляе пра Канта і разважае пра спіралі ДНК.

Сны пра рыбу, некалькі хвілін барацьбы, радасць валодання выключнай здабычай... Гісторыя гераічнага змагання і сямейная пра ляшча нечакана прыводзяць да фіналу іншага вядомага твора — «Казкі пра рыбака і рыбку». Высвятляецца, што мужчына, які не есць рыбу і нават не трывае яе паху, ездзіць лавіць ляшча, каб дагадзіць дзіўнаватай жонцы, якая ці то мае каханка, ці то хоча звесці мужа ў вар'ятню, ці то імкнецца яго псіхалагічна падпарадкаваць насуперак традыцыі і здароваму сэнсу. Магчымыя і ўсе тры варыянты разам, да таго ж навелу можна чытаць як роздум пра жыццё і смерць ці расповед пра абуджэнне героя. «Герой мусіць зрабіць нешта пад вонкавым ціскам, неяк праявіць характар» — і напрыканцы твора ў Максіма гэта нарэшце атрымліваецца.

Nota bene. У расповедзе пра лоўлю ляшча Андрэй Адамовіч паспявае абмаляваць адзін з пазнавальных беларускіх сацыятыпаў, зафіксаваць праблему трансляцыі культурных каштоўнасцей, апісаць жыццё ў новай галактыцы, папярэдзіць пра небяспеку агрэсіўнага стылю кіравання аўтатранспартам... Пісаць ёміста — выдатная здольнасць, і вельмі верагодна, што малады аўтар прапануе яшчэ нямала канцэптуальных, сур'ёзных і, пажадана, менш брутальных (бо больш спажыўных для чытача) твораў.

Як знайсці. Набыць кнігу можна ў кнігарні Логвінаў і на сайце knihi.by. У інтэрнэце хутка знаходзіцца вялікі фрагмент з навелы, які дазваляе прыняць канчатковае рашэнне — чытаць ці не чытаць. Чаму б не: «Таўсціла і лешч» — цікавы варыянт гісторыі пра чалавека і яго вялікую рыбу і за твор вось-вось сур'ёзна возьмуцца замежныя даследчыкі-кампартывісты...

Зазірнуць у чарадзейны свет

Для каго: для ўсіх, хто з цікавасцю будзе вандраваць у дзівосным свеце, населеным міфалагічнымі істотамі згодна з уяўленнямі нашых продкаў. Героямі твораў таксама становяцца вядомыя асобы беларускай гісторыі, персанажы легенд і паданняў. На старонках кнігі давядзецца быць пільным да намёкаў, шэптаў, загадак, перагукаў, уважлівым да слоў, бо слова і ёсць чарадзейства. Няўважлівы чытач проста не ўтрымае ў памяці сюжэт, аглядаючы чароўны свет і ўслухоўваючыся ў размовы герояў...

Дзе, калі і як чытаць. Адпаведна, чытаць апавяданні Ганны Навасельцавай трэба нетаропка, лепш за ўсё разгарнуць іх на прыродзе — у старым вясковым будане, на верандзе з вокнамі, адчыненымі ў сад. На стале побач з кнігай лепш за ўсё мець кубачак, куфаль ці келіх з прыемным напоем. Гадзінка рэлаксу дапаможа забыцца на дробныя праблемы, адчуць сябе больш годным, моцным і здольным. Бо самае значнае ў чарадзейным свеце — вернасць свайму прызначэнню, каханне, прыгажосць, духоўная сіла і служэнне дабру. Творы маладой пісьменніцы дапамогуць засяродзіцца на ўласных пачуццях, уражаннях, прадчуваннях. Хай сучасны чалавек найбольш дбае пра розум і цела, душа застаецца нашай сутнасцю і забывацца на гэта не варта.

Пра што. Злое раптам робіцца добрым, здраднік ператвараецца ў сябра, расчараванне становіцца радасцю, небяспека падказвае новы шлях... У апавяданнях Ганны Навасельцавай адбываецца шмат аднолькавага, дый яе чарадзейны свет — адзіны на ўсю кнігу абшар з лясамі, палямі, азёрамі, крыніцамі, нешматлікімі паселішчамі. Тут жыве шмат герояў, здараюцца розныя сустрэчы, але мастацкі падыход да выяўлення падзей застаецца нязменным — патрэбны ж у кнізе пэўныя канстанты.

Бусліч-бусел шукае царэўну-гадзюку, якая падгаварыла яго выпусціць з меху няшчасці, хваробы і людскія звады. Вужыная каралеўна сумуе па Вужычу, згадвае князя Рыдана і яго сыноў, зачараваных у рэкі. Камяні-следавікі распавядаюць пра сваё мінулае, узнаўляюць гісторыю людзей, якія хадзілі вакол іх спеўнымі карагодамі, шукалі заклятых скарбаў, уздымалі камяні на вялікія курганы. Ды пакрысе застаецца «меней усё тых, уладарных і годных. Болей усё тых, уладарных і гнеўных». А простыя людзі просяць у каменных волатаў не шчасця, а абутку-адзежы.

Апавяданні з кнігі «І чарам сніцца чалавек...» маглі б разглядацца на занятках беларускай літаратуры як прыклад арыгінальнай аўтарскай распрацоўкі фальклорных вобразаў і сюжэтаў. Але сюжэты ў гэтых творах не галоўнае, большае значэнне мае настраёвасць, паважлівая павольнасць заваблівага расповеду і пералівістае мільгаценне сэнсаў, якія збіраюцца з урыўкаў размоў ды аўтарскіх апісанняў.

Nota bene. За чытаннем кнігі раптам з'яўляецца адчуванне, што свет вакол не такі просты, як здаецца. Людзі з цягам часу страцілі здольнасць бачыць чароўнае, а насамрэч ходзяць побач чарадзеі, хаваюць мудрасць разважлівыя валуны, смяюцца вавёркі, і коткі ведаюць пра нас больш, чым мы самі. Згадваюцца расповеды нашых прапрадзедаў, зафіксаваныя этнолагамі і фалькларыстамі, — цалкам дапушчальна, што адмысловыя стварэнні кшталту русалак ды ваўкалакаў, асілкаў ды чарадзеяў напраўду жылі ў свеце. Апавяданні Ганны Навасельцавай — магчымасць уявіць светабачанне даўніх продкаў, згадаць пра духоўную сувязь з імі, адчуць узаемасувязь усяго існага. «Напіўся я халоднай вады і стаў дужым-дужым. Глынуў зорку, і ніхто цяпер не можа мяне перамагчы. Таму што нельга перамагчы крынічную прагу жыцця і зорную вечнасць змагання. У іх — веліч ляснога шолаху і замова палёў... У іх — бясконцае мноства мінулых і будучых жыццяў. Але ў гэта трэба паверыць, на гэта трэба спадзявацца...».

Аднак. Паўторы, метаніміі, сінтаксічны паралелізм дапамагаюць стварыць магічнае ўздзеянне, але крытычны чытач, які не трапіў на адну хвалю з маладой аўтаркай, абавязкова зверне ўвагу на зацягнутасць дыялогаў, шматлікія цьмяныя месцы і пераказы. Так, слова — гэта чараўніцтва, але пісьменніца магла б быць больш лаканічнай і рабіць сюжэты больш дынамічнымі, бо шырокая плынь аповеду часам не дазваляе засяродзіцца на дзеі. Адпаведна, з сямнаццаці апавяданняў самымі запамінальнымі аказваюцца карацейшыя творы — да вышэйзгаданых варта дадаць «Зюзіча», «Ягіню», «Рабінавае сонейка». А расхінаецца свет чараў перад дзяўчынкай, якая гушкалася на высокай ліпіне, дзе жывуць Ліпнік і дзівосны кот Вугалёк. Апавяданне-ўспамін з дзяцінства чытаецца лёгка — магчыма, казачныя ды міфалагічна-легендавыя творы таксама маглі быць менш складаным, але ў аўтаркі абавязкова маюцца важкія аргументы...

Як знайсці. Кніга Ганны Навасельцавай выдадзена невялікім тыражом у Віцебскай абласной друкарні. Верагоднасць знайсці зборнік у продажы мінімальная, але многія апавяданні друкаваліся ў часопісах «Полымя» ды «Маладосць», якія можна адшукаць у электронным архіве выданняў на сайце выдавецкага дома «Звязда».

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.