Вы тут

Як у Мядзельскім раёне клапоцяцца пра старасць адзінокіх людзей


Бадай, няма такога чалавека сталага ўзросту, які б не хацеў дажыць жыццё ў сваёй хаце. Але з гадамі прыходзяць хваробы, бездапаможнасць. Без падтрымкі шмат хто не можа справіцца з гаспадаркай, не ў стане паклапаціцца аб сабе. І тут на выручку прыходзяць сацыяльныя работнікі, дзяржава.


— Мы два разы на год абследуем умовы пражывання адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў. Для гэтага ствараецца камісія, у якую ўваходзяць дэпутаты, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пажарнай службы, участковы інспектар міліцыі, сацыяльныя работнікі, — расказала старшыня Сваткаўскага сельскага Савета Мядзельскага раёна Вера Хацяновіч. — Калі бачым, што чалавек страціў здольнасць сам сябе абслугоўваць, у яго развальваецца дом, то звязваемся з дзецьмі, сваякамі. Бывае і так, што блізкія людзі не могуць забраць нямоглага да сябе, бо самі пенсіянеры і ім патрэбен догляд. Здараецца, што і дзеці не маюць магчымасці як след паклапаціцца пра бацькоў. Напрыклад, у нас быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны (ён ужо памёр). У яго адна дачка жыве ў Санкт-Пецярбургу, другая ў Вільнюсе. Дзеці не адмаўляліся ад яго, пастаянна тэлефанавалі, спраўляліся аб здароўі, цікавіліся, чым дапамагчы.

Канешне, цяжка развітвацца з кутком, дзе прайшло ўсё жыццё, з якім звязаны і радасці, і нягоды. Але што паробіш, старасць... Як правіла, людзі згаджаюцца памяняць месца жыхарства. Але ёсць і тыя, хто адмаўляецца: буду паміраць у сваёй хаце. Такіх у раёне пераводзяць на надомнае абслугоўванне. Сацыяльныя работнікі да іх ходзяць не два разы на тыдзень, як належыць, а тры-чатыры. У гэтай службе працуюць вельмі адказныя людзі. Напрыклад, Вольга Шчуцкая з вёскі Сваткі абслугоўвае 8 чалавек. Яна нават малако ад сваёй каровы носіць сваім падапечным. І суп прыгатуе, і катлеты... Заўсёды пацікавіцца, што б яны хацелі з'есці наступны раз. Хтосьці закажа дранікі, а нехта сырнікі.

У аддзяленні кругласутачнага знаходжання цяпер 25 адзінокіх і адзінока пражываючых людзей пажылога ўзросту. Аднаму ветэрану 95 гадоў, а самаму маладому інваліду 33 гады. З 2007 года загадвае аддзяленнем дэпутат сельскага Савета Бярнарда Макоска. Яна стала для сваіх падапечных сапраўдным апекуном. Дом Бярнарды Францаўны якраз насупраць аддзялення. Тыя, хто ў ім пражывае, ведаюць усё пра сваю дабрадзейку: калі ўстала, калі спаць лягла, хто прыходзіў да яе ў госці. Бывае, закруціцца жанчына ў клопатах і за дзень не загляне да кагосьці ў пакой, то крыўдуюць на яе падапечныя. А часам і раўнуюць, калі ім здаецца, што яна больш увагі надае суседу.

— Цяжка, відаць, працаваць са старымі людзьмі? Крыўдлівыя, капрызныя мабыць? — спытала ў Бярнарды Францаўны.

— Калі прыйшла сюды пасля працы ў школе, думала, што не прывыкну. Гэта ж тыя самыя дзеці, толькі з імі намнога цяжэй, — прызнаецца жанчына. — Там, гледзячы на вучняў, хацелася жыць. А цяпер страшна старэць, калі пабачыш адносіны некаторых дзяцей да сваіх бацькоў. А што тычыцца капрызаў, то іх няшмат. Адзінае, каб было добрае лячэнне. Многія на працягу гадоў не звярталіся да ўрача, не было калі: гаспадарка, хатнія клопаты. А цяпер не трэба думаць, як назапасіць паліва на зіму, што зварыць на абед, як памыцца. Таму пачалі прыслухоўвацца да сваіх балячак, больш увагі звяртаць на сваё здароўе.

Кожны аўторак аддзяленне наведвае ўчастковы ўрач. Пры неабходнасці пражываючыя накіроўваюцца на кансультацыі да вузкіх спецыялістаў у раённую паліклініку. Неадкладная дапамога аказваецца Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцай. Лекі дастаўляюцца аптэкай Сваткаўскай амбулаторыі, а таксама сястрой аддзялення.

— А яшчэ з нашымі пастаяльцамі трэба быць уважлівымі, цярплівымі, асабліва з тымі, хто нядаўна да нас паступіў, — кажа Бярнарда Макоска. — Я заўсёды параўноўваю іх з елкай, якую выкапалі з каранямі і перасадзілі на новае месца. Яны тут жывуць у чысціні, цяпле, клопаце, заўсёды накормленыя. Многія так не елі дома, як у нас. У іх чатырохразовае харчаванне, збалансаваны рацыён. На тэрыторыі аддзялення разбіты сад, ягаднік, ёсць невялікі агарод, цяпліца. Так што, гародніна, садавіна, салаты заўсёды на стале.

У кожнага з насельнікаў аддзялення свой лёс. У дом Надзеі Януць, якая ў 2005 годзе засталася без мужа, прыйшлі бандыты.

— Ведалі, што ў мяне добрая пенсія. Душылі, патрабавалі грошы. Аддала ўсе, што мела: перапалохалася, што заб'юць ды буду так ляжаць і ніхто мяне не знойдзе, бо людзей жа ў вёсцы нашай мала засталося, — на вачах жанчыны слёзы. — Пасля таго выпадку прадала хату амаль задарма. Безумоўна, шкада нажытага дабра, але вырашыла: лепш тут, з людзьмі жыць. Дзякуй, грэх скардзіцца, усяго тут хапае.

Ложак Надзеі Міхайлаўны засланы тканай посцілкай, на падушках узорныя накідкі. Гаспадыня адчыняе шафу. Тут шмат самаробных рэчаў: дзяружкі, абрусы, ручнікі, падузорнікі, прасціны з карункамі.

— Забрала з сабой толькі тое, што дорага сэрцу як памяць аб мінулым, маладосці. Цяпер ужо не вышываю, вочы не тыя, — кажа жанчына. — Адпачываю, гуляю на вуліцы. Бачыце, як у нас прыгожа, шмат кветак, зеляніны. Прыходзіць да нас гарманіст, каб павіншаваць з днём нараджэння. Песні пяе старыя, а я іх усе ведаю. Дык падпяваю яму. Мне, дзеткі, ужо 85 гадоў, а спяваць яшчэ хочацца. Прыязджаюць да нас і святары каталіцкія. Напярэдадні рэлігійных свят праводзяць службу, гутараць з людзьмі. Да такіх сустрэч рыхтуюся, засцілаю святочным абрусам стол, стаўлю ікону.

Ціхан Ярмольчык — гаспадар пакоя павышанай камфортнасці. Можна сказаць, што гэта аднапакаёвая кватэра з усімі выгодамі: асобны санвузел, тэлевізар, халадзільнік, электрачайнік. Ціхана Несцеравіча на месцы не засталі: адлучыўся па нейкіх справах у Мядзел. Ён перасяленец з чарнобыльскай зоны, спачатку жыў у сына, а потым перабраўся ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання.

У медыцынскім пакоі мы засталі Уладзіміра Талайку.

— Прыйшоў памераць ціск. Да нас пастаянна прыязджаюць урачы, выпісваюць лекі бясплатна, — падзяліўся Уладзімір Васільевіч. — Мне ўжо 90 гадоў. Ветэран вайны, інвалід ІІ групы. Ваяваў на Трэцім Украінскім фронце, вызваляў Югаславію, Венгрыю, двойчы быў паранены. Сам я мясцовы, жыў у Занарацкім сельсавеце. Цяжка аднаму было. А тут вельмі добры персанал: дагледзяць, накормяць ды яшчэ і канцэрт зладзяць.

— Штомесяц мы праводзім вечары адпачынку, віншуем пражываючых з днём нараджэння, арганізуем канцэрты мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу ў правядзенні такіх мерапрыемстваў нам аказваюць народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Вузлянка», работнікі Узлянскага дома фальклору, — дадае Бярнарда Францаўна. — Кожную нядзелю бібліятэкар прыносіць свежыя газеты і часопісы, кнігі пад заказ. У пакоі адпачынку можна паглядзець любімую тэлеперадачу, фільм. А паштальён забірае пісьмы са скрыні, што вісіць на будынку аддзялення.

У вёсцы ёсць стацыянарны магазін. Але разам з тым да аддзялення кругласутачнага знаходжання прыходзіць аўтакрама. Тыя, хто не ў стане хадзіць на вялікія адлегласці, могуць тут набыць усё неабходнае на пенсію, якая застаецца пасля аплаты за ўтрыманне.

Аднойчы з Расіі прыехаў у аддзяленне ўнук аднаго з ветэранаў. Доўга хадзіў па пакоях, гутарыў з насельнікамі, персаналам. Усё фатаграфаваў, маўляў, пакажу сваім сябрам, знаёмым, якія цудоўныя ўмовы створаны для пажылых людзей у Беларусі, як пра іх клапоціцца дзяржава.

Дадам, у мінулым годзе ва Узлянскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання расходы на аднаго пражываючага ў дзень склалі больш як 143 тыс. недамінаваных рублёў. Насельнікі аплачвалі толькі 49,2% ад гэтай сумы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: А елка прыжываецца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».