Вы тут

Сямён Шапіра правёў прыём грамадзян у Валожынскім раёне


Мясцовыя жыхары павінны ведаць, што, дзе і калі будзе рамантавацца і будавацца ў іх раёне.

Чатырнаццаць заяўнікаў выслухаў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра падчас прыёму грамадзян на Валожыншчыне. Адно з самых актуальных пытанняў — стан дарог. Наконт уладкавання магістраляў да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна звярталіся не мясцовыя жыхары, а мінчане, якія маюць дачы за горадам.


Яшчэ раней Сямён Шапіра даваў даручэнне ў кожным раёне вобласці стварыць камісію па рамонце і будаўніцтве дарог. У Валожыне такой няма да гэтага часу. У раёне агляд дарог вядзе два разы ў год сезонная камісія, створаная загадам кіраўніцтва Мінскаблдарбуда. Яе ўзначальвае прадстаўнік Белдарцэнтра.

Старшыня Мінаблвыканкама запатрабаваў, каб функцыянавала менавіта раённая камісія. У яе павінны ўвайсці не толькі дарожнікі, прадстаўнікі мясцовай улады, але і старасты вёсак, мясцовыя жыхары. Менавіта апошнія лепш ведаюць, што патрабуе першачарговага рамонту. «Графік чарговасці неабходна змясціць у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-парталах, — патрабаваў старшыня аблвыканкама. — Грамадзяне маюць права ведаць, калі і што будзе рамантавацца, падсыпацца, асфальтавацца. Схема павінна быць зразумелай, даступнай і празрыстай».

З аналагічнай праблемай звярнуліся да кіраўніка сталічнай вобласці муж і жонка Дубіцкія, што жывуць у інтэрнаце ў Мінску. Сям'і, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдзелілі ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва па вуліцы Баравой у аграгарадку Ракаў. Сужэнцы скардзіліся, што тут няма нават мінімальнай інфраструктуры: дарогі, электра- і водазабеспячэння.

— Шматдзетным сем'ям кошт работ па ўладкаванні інфраструктуры кампенсуецца з бюджэту, калі яны прадаставяць адпаведныя дакументы па затратах. Астатнія грамадзяне будуць пракладваць камунікацыі за свае ўласныя сродкі. Толькі для таго, каб у адным Мінскім раёне правесці электрычнасць да індывідуальнай забудовы, спатрэбіцца 4 трлн рублёў (недэнамінаваных. — Аўт.). Гэта зарплата медыкаў, настаўнікаў. Я павінен іх пакінуць без заробкаў? Такога не будзе! — запэўніў Сямён Шапіра. — У Мінскім раёне пабудавана 600 тыс. квадратных метраў жылля. Гэта ўдвая больш, чым у Магілёўскай і Віцебскай абласцях разам узятых. Прычым, узводзяць дамы мінчане, а не жыхары Мінскай вобласці. Наплыў сталічных жыхароў у Мінскім раёне такі, што ўся вобласць не ў стане забяспечыць асфальтаванне дарог, інфраструктуру для іх. Калі чалавек захацеў жыць у лепшых умовах, узяў участак, пабудаваўся, то ўсё гэта павінна быць за кошт самога забудоўшчыка. Перш за ўсё сродкі абласнога бюджэту павінны ісці на лячэнне жыхароў Міншчыны, вучобу іх дзяцей, забеспячэнне нармальнай жыццядзейнасці. Выключэнне, як я адзначыў, толькі для шматдзетныя сем'яў — гэта ўказанне Прэзідэнта.

Некалькі шматдзетных звярнуліся да кіраўніка сталічнай вобласці і па пытаннях фінансавання будаўніцтва жылля па льготных крэдытах.

«У гэтым плане на Міншчыне выпрацаваны алгарытм: не пачынаць новае будаўніцтва, а завяршыць ужо пачатае», — канстатаваў Сямён Шапіра.

Але камусьці для заканчэння будаўніцтва патрабуецца 100 млн недэнамінаваных рублёў, а іншаму, як, напрыклад, адной з заяўніц, 2 млрд. Толькі адзін металачарапічны дах цягне на кругленькую суму.

«Чаму такі дарагі праект, навошта архітэктурныя празмернасці? Можна было б абысціся і шыферам. А за гэтыя грошы дабудаваць 10 дамоў, — абурыўся Сямён Шапіра. — Сёння такую раскошу, вытанчанасць можа дазволіць сабе толькі прыватнік за свае ўласныя грошы».

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даручыў старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргею Трусаву прааналізаваць спіс грамадзян-льготнікаў, якія не дабудавалі дамы, высветліць, якія сумы ім патрабуюцца, каб давесці жыллё да ладу. І праз тыдзень далажыць яму аб выніках.

«Выпрацуйце агульныя падыходы, якімі павінны быць будынкі, з якімі канструкцыямі, матэрыяламі, прааналізуйце іх кошт. Калі неабходна, то варта змяніць і праекты, каб яны былі без празмернасцяў і больш танныя», — канстатаваў Сямён Шапіра.

Пасля дэталёвага вывучэння інфармацыя будзе надрукавана ў СМІ. «Трэба, каб усё было аб'ектыўна, празрыста, справядліва. Усе шматдзетныя сем'і павінны быць у роўных умовах», — канстатаваў Сямён Шапіра.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Зразумела, даступна, празрыста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».