Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра лёс беларускай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ, выступленне моладзі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы і склад баскетбольнай зборнай, якая ўжо адправілася на Алімпійскія гульні ў Рыа.


1. Міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазане пакінуў у сіле рашэнне Міжнароднай федэрацыі каноэ аб дыскваліфікацыі на год мужчынскай зборнай нашай краіны.

— Гэтае рашэнне сама меней абсурднае, — адзначыў міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко. — Яно выклікае абурэнне. У любым выпадку мы будзем працягваць змагацца за гонар і правы нашых спартсменаў. Для дыскваліфікацыі мужчынскай каманды няма ніякіх падстаў. Няма абгрунтаваных прэтэнзій ні з боку Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, ні з боку судовых органаў Францыі. Я перакананы ў праваце і чысціні нашых атлетаў, якія заслужылі права выступіць на летніх Гульнях, — дадаў міністр.

Беларускі бок шкадуе аб вынесеным рашэнні, але працягне барацьбу за правы сваіх «чыстых» атлетаў у Міжнародным спартыўным арбітражным судзе. Па выніках разгляду гэтай спрэчкі беларускі бок не выключае далейшых дзеянняў на прававым полі ў дачыненні да Міжнароднай федэрацыі каноэ ў рамках грамадзянскага працэсу ў швейцарскіх судах.

2. Тры ўзнагароды заваявалі беларусы на маладзёжным чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які завяршыўся ў польскім Быдгашчы. Залаты медаль у бегу на 100 м з бар'ерамі заваявала Эльвіра Герман, сярэбраную ўзнагароду выйграў дзесяціборац Максім Андралойць. На другую прыступку п'едэстала падняўся і кідальнік дыска Глеб Жук.

У агульным медальным заліку зборная Беларусі заняла 12-е месца.

3. Аляксандр Глеб вярнуўся ў склад барысаўскага БАТЭ. 35-гадовы паўабаронца падпісаў кантракт і дапаможа камандзе ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Нагадаем, Аляксандр дэбютаваў у складзе барысаўчан у 1999-2000 гадах, пасля чаго перайшоў у клуб нямецкай бундэслігі «Штутгарт». У 2005 годзе ён перабраўся ў англійскі «Арсенал», адкуль у 2008 годзе — у іспанскую «Барселону». Таксама Глеб паспеў пагуляць у англійскім «Бірмінгеме», нямецкім «Вольфсбургу», расійскіх «Крылах Саветаў», турэцкіх клубах «Каньяспор» і «Генчлербірлігі». У 2012-2013 і 2015 гадах зноў абараняў колеры БАТЭ.

4. Айчынная федэрацыя хакея падасць заяўку на правядзенне ў Мінску ў 2021 годзе чэмпіянату свету. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні выканкама асацыяцыі.

— Істотным адрозненнем пры падрыхтоўцы падачы заяўкі да турніру з'яўляецца той факт, што ўся неабходная інфраструктура для правядзення планетарнага форуму ў Мінску ўжо ёсць, а папярэдні чэмпіянат свету замацаваў за Беларуссю імідж па-сапраўднаму хакейнай краіны, здольнай бездакорна арганізоўваць і праводзіць турніры самага высокага ўзроўню, — расказалі ў федэрацыі.

Там таксама адзначылі, што кіраўніцтва ФХБ разумее, што з першай спробы дамагчыся мэты будзе складана, таму што ў ліку прэтэндэнтаў на званне краіны — гаспадыні чэмпіянату свету значыцца і Фінляндыя.

5. Учора жаночая нацыянальная зборная па баскетболе адправілася ў Бразілію. Галоўны трэнер Анатоль Буяльскі плануе ўключыць у афіцыйную заяўку 12 баскетбалістак:

абаронцы — Аляксандра Тарасава, Вольга Зюзькова, Таццяна Ліхтаровіч, Ліндсэй Хардзінг;

форварды — Кацярына Сныціна, Юлія Рыцікава, Таццяна Троіна, Наталля Трафімава, Марыя Філончык, Марыя Папова;

цэнтравыя — Настасся Верамеенка, Алена Леўчанка.

Такі ранні выезд абумоўлены неабходнасцю акліматызавацца ў нязвыклым для беларусаў клімаце Бразіліі.

Нагадаем, зборная Беларусі другі раз прабілася на Алімпійскія гульні. На папярэднім этапе нашы дзяўчаты згуляюць у групе А супраць камандаў Японіі (6 жніўня), Францыі (7 жніўня), Бразіліі (9 жніўня), Турцыі (11 жніўня) і Аўстраліі (13 жніўня ).

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Барацьба за «чыстых»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».