Вы тут

Невядомы Янка Лучына


Янка Лучына (1851—1897) — пісьменнік трохмоўны. Найбольшая колькасць твораў ім напісана па-польску. Радзей карыстаўся беларускай мовай. І зусім мала рускай. У яго біяграфіі і творчасці яшчэ шмат белых плям. Аднак пошук новых фактаў аб жыцці і спадчыне Лучыны плённа працягваецца.

У Кракаве ў 1889 годзе была выдадзена ананімная брашура пад назвай «Z krwawych dni: epizod z powstania 1863 r. w Mińskiem / opowiedziany przez *S» («З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 г. у Мінскім <ваяводстве> / расказаны *S»). Адам Мальдзіс у манаграфіі «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» даказвае, што аўтар яе Лучына. Але ў Беларусі арыгінала няма.

Ананімнасць выдання тлумачыцца яго ідэйнай накіраванасцю, якую Лучына выказаў у лісце да Зянона Пшасмыцкага: «Напісаў я абразок аб падзеях 1863 г. і так задаў перцу і імбіру, што, напэўна, адбыў бы падарожжа на ўрадавы кошт, калі б мая пісаніна трапіла ў належныя рукі... Аднак я не меў бы нічога супраць, каб гэтых некалькі слоў прыязні да нашых дабрадзеяў пусціць пад вялікім сакрэтам у ход за кардонам. Шчырая праўда з’яўляецца фонам апавядання».

Усе жорсткасці царскай арміі ў справе падаўлення паўстання паказваюцца настолькі праўдзіва, што калі б аўтар падпісаўся сваім іменем, яго сапраўды адправілі б у ссылку.

У выданні змешчаны асобныя творы, аб’яднаныя агульнай тэмай — паўстанне 1863 года на Міншчыне. Назву кніга атрымала па галоўным, самым буйным творы — нарысе «Z krwawych dni: epizod z powstania 1863 r. w Mińskiem» («З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 г. у Мінскім <ваяводстве>»). Ён складаецца з уступу і шасці пранумараваных частак, якія не маюць назвы, а ў пачатку кожнай з іх пададзены ключавыя эпізоды.

Ёсць у выданні і раздзел «Noty» («Нататкі»), у якім змешчана чатыры асобныя нататкі: «Nawracanie włościan katolików na prawosławie w gub. Mińskiej» («Зварот сялян католікаў у праваслаўе ў губ. Мінскай»), «Księża trebnikowicze» («Ксяндзы трэбніковічы»), «Zabiegi Żydów po 1863 roku» («Дзейнасць жыдоў пасля 1863 года»), «Kuszelew i jego libieralne poglądy na sprawę Polską» («Кушалёў і яго ліберальныя погляды»).

Нарыс «Z krwawych dni» («З крывавых дзён») часткова перакладзены на беларускую мову Уладзімірам Мархелем і змешчаны ў выданні твораў Лучыны, што выйшлі ў 1988 і 2001 гадах. Аднак укладальнік і перакладчык дапусціў некалькі тэксталагічных недакладнасцей.

Апублікаваны толькі ўступ і першыя чатыры часткі нарыса «Z krwawych dni», а таксама нататка «Kuszelew i jego libieralne poglądy na sprawę Polską». Найбольш верагодна, што Мархель пераклаў пятую і шостую часткі нарыса, дый іншыя творы, але ў выдавецтве палічылі немэтазгодным уключаць іх па наступных прычынах:

1) У пятай і шостай частках рэзка асуджаюцца дзеянні царскай арміі ў падаўленні паўстання, а таксама называе рускую армію экспрэсіўным словам «маскалі».

2) Чацвёртая частка заканчваецца ўпадкам паўстання, таму ўкладальнік палічыў на гэтым закончыць твор, не ўнікаючы ў развагі аўтара наконт ходу вызваленчага руху і яго наступстваў.

3) Змест пятай і шостай частак амаль не датычыцца жыцця Міншчыны, а краязнаўчы ўхіл апублікаваных тэкстаў відавочны. І для беларускага чытача гэты факт мае асаблівае значэнне.

4) У нататках прысутнічаюць некаторыя антыклерыкальныя і антысеміцкія матывы. Лучына асуджае каталіцкае духавенства, якое дапамагала гвалтоўна насаджаць праваслаўе, адраклося ад сваёй нацыянальнасці, каб дагадзіць уладам, і праводзіла багаслужбу на рускай мове. Таксама пісьменнік выкрывае прыстасавальніцтва асобных яўрэяў, якія да паўстання карысталіся апекай польскай шляхты, а пасля яго, калі шляхта страціла ўсе прывілеі, сталі падтрымліваць рускіх чыноўнікаў і захацелі пазбавіцца польскай шляхты.

У другім выданні твораў Янкі Лучыны нарыс «Kuszelew i jego libieralne poglądy na sprawę Polską» («Кушалёў і яго ліберальныя погляды») размешчаны такім чынам, што незразумела: ці гэта асобны тэкст, ці ён дадатак да нарыса «Z krwawych dni». Таксама не пазначаны перакладчык, таму можа падацца, што гэта арыгінал твора, напісаны па-беларуску самім Лучынам.

У аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве захоўваюцца некаторыя лісты і рукапісы Лучыны, дзякуючы якім удалося знайсці некалькі невядомых вершаў пісьменніка.

У лістах да Зянона Пшасмыцкага захоўваюцца рукапісы вершаў «Towarzyszu i Bracie!» («Браце мой і таварыш!»), «Winiary» («Віняры»), «Wisła» («Вісла»). Упершыню ў арыгінале вершы надрукаваны ў манаграфіі «Садружнасць літаратур» разам з лістамі да Пшасмыцкага ў перакладзе на беларускую мову. З трох вершаў на беларускую мову перакладзены толькі «Towarzyszu i Bracie!» Іванам Чыгрынам.

У рукапісах паэмы «Akwarelki myśliwskie» («Паляўнічыя акварэлькі») разам з часткай «Przed Wilią» («Перад Куццёй») пададзены верш «Nie dla wszystkich uroczysta…» («Не усім жа ўрачыста…»), які не трапіў у друк і не быў перакладзены на беларускую мову.

З мэтай дапоўніць зробленае папярэднікамі, лічым мэтазгодным апублікаваць пераклады тэкстаў, якія не ўвайшлі ў зборы твораў Янкі Лучыны.

 

 

Янка ЛУЧЫНА

 

З крывавых дзён

 

V.

Арганізацыя паўстанцаў. — Гарчакоў і яго дзейнасць. — Камандзіры атрадаў. — Дыпламатыя. — Ноты заходніх дзяржаў. — Адмова пецярбургскай канцылярыі. — Наступствы і заўвагі.

 

Партызанскі рух у мінскім ваяводстве — гэта толькі маленькі эпізод гераічнай барацьбы, якая праходзіла на ўсёй тэрыторыі польскіх зямель пад расійскай акупацыяй, да якой палякі парываліся з усіх ваколіц краіны і замежжа, як з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, нават Турцыі. Паўстанне 1863 года належыць да выключных падзей, якія прадстаўляе сусветная гісторыя. Падагрэтыя гарачай любоўю да Айчыны, з сэрцамі поўнымі болю ад сузірання абраз і пакут, якія прычыняў Ёй тыран поўначы, патрыёты выйшлі насуперак ворагу з голымі рукамі, пачалі ўзбройвацца кіямі, косамі і невялікай па колькасці агнястрэльнай зброяй і ўступілі ў барацьбу з такім запалам, з такой адданасцю, што перад такой маральнай сілай маскалі задрыжалі і, нягледзячы на перавагу сіл, не здолелі адразу падавіць паўстанне. Першы Лянгевіч выставіў супраць непрыяцеля ваенную сілу і давёў бы народную справу да далёка шчаслівых вынікаў, калі б не захацеў паяднаць у сваёй асобе ваенную ўладу з палітычнай. І хаця атрад Лянгевіча раз’яднаўся, аднак перамогі, якія атрымаў, далі пазнаць свету, што паўстанне мае моцныя народныя асновы, і што так лёгка не паддасца разбурэнню, як аб гэтым імкнуўся пераканаць Еўропу дзеючы расійскі канцлер Гарчакоў. Жыццяздольная сіла польскага народа, якая праяўлялася ў яго адчайнай барацьбе, выклікала першую ідэю інтэрвенцыі дзяржаў заходняй Еўропы.

Пасля падзення дыктатуры Лянгевіча Нацыянальны ўрад узяў у свае рукі кіраўніцтва паўстаннем, распарадзіўшыся аб узброеных выступленнях на ўсіх польскіх землях. Паўстала Жамойць, Літва, а далей паўднёвыя правінцыі: Валынь, Падолле і Украіна. Тады маскалі завагаліся, іх падман у дачыненні да Еўропы раскрыўся, дагэтуль яны сцвярджалі, што паўднёвыя правінцыі, а нават і Літва не маюць польскай стыхіі, таму паўстанне, якое выбухнула ў Каралеўстве, лёгка атрымаецца ўціхамірыць.

У гэты ж час на дапамогу братам пачалі збірацца эмігранты з замежных краін: з Галіцыі, Германіі, Францыі цягнуліся і палякі, і чужаземцы, як храбры Рошбрун. У Турцыі ўтварыўся атрад палякаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Зыгмунта Мілкоўскага (Т. Т. Ежа), які перабіраўся праз Румынію, каб дасягнуць Польшчы і мусіў уступаць у бітвы з прыхільнікамі маскалёў. У краіне дзейнічалі шматлікія атрады, якімі кіравалі:

 

Анцыпа

Астоя

Астрог

Багдановіч

Барэлёўскі (Лялевель)

Бжазоўскі

Ваўр

Віслаух

Вяжбіцкі

Газдава

Гарнер

Грабоўскі

Грэбэ

Даліноўскі

Даліньскі

Далэнга (Серакоўскі Зыгмунт)

Духіньскі

Езёраньскі

Езерскі

Жыхліньскі

Закшэўскі

Зяліньскі

Іскра

Казела

Каперніцкі

Крук

Крукавецкі

Крысіньскі

Кузьма

Лукашэвіч

Любіч

Лютыньскі

Лявіцкі

Лянкевіч

Ляскоўскі

Марэцкі

Матушэвіч

Мацкевіч ксёндз

Надміляр

Нарбут Людвік

Падлеўскі

Парчэўскі

Рудаўскі

Рыхлеўскі

Руцкі

Свентажэцкі Баляслаў

Скаўронскі

Слупскі

Солтан

Станевіч

Стравіньскі

Тачаноўскі Эдмунд

Трамбчыньскі

Траугут

Тышкевіч

Хмяліньскі

Цвек

Чаховіч

Чахоўскі

Шумляньскі

Шымкевіч

Эміновіч

Юркоўскі

Янкоўскі

Ясіньскі

Яхімовіч

 

і шмат іншых, якіх у якасці камандзіраў меншых атрадаў, імёны менш вядомыя.

Усе яны змагаліся з меншым або большым шчасцем, бесперастанку непакоячы маскалёў партызанскімі вылазкамі, часамі ўступаючы з імі ў маштабныя бітвы, у якіх неаднаразова нерэгулярныя і невялікія паўстанцкія шэрагі бралі перамогу над вымуштраваным і нашмат перавышаючым па колькасці непрыяцелем, якому для перамогі не хапала дзвюх важных рэчаў: шчырага, гарачага патрыятызму і пачуцця вернасці сваёй справе.

Такая ўпартая, незняможаная бітва выклікала тое, што ўжо ў маі заходнія дзяржавы накіравалі першую ноту ў Пецярбург. Гарчакоў пачаў выяўляць жаданне да пагаднення з імі, толькі дзеля таго, каб працягнуць дамовы прынамсі да зімы, калі паўстанне, якое маскалі глушылі самымі суровымі сродкамі, магло б упасці і дыпламатыя рэшты Еўропы на нішто б не зважала. Францыя і Англія жыва прынялі польскія справы, нягледзячы на падман і крывадушнасць Гарчакова, які ў карэспандэнцыі імкнуўся зняважыць польскае паўстанне, надаючы яму як мага меншыя маштабы і значэнні. Аўстрыя аднак яшчэ вагалася, хаця паволі прыняла пазіцыю заходніх дзяржаў.

Праз свайго упаўнаважанага графа Рэхбера Аўстрыя накіравала Расіі ноту, якая складалася з шасці пунктаў, што не маглі ніяк задаволіць дакладных жаданняў польскага народа. Вось іх змест:

1. Усеагульная амністыя.

2. Нацыянальная рэпрэзентацыя.

3. Назначэнне палякаў на кіруючыя пасады.

4. Поўная свабода сумлення.

5. Выключнае выкарыстанне польскай мовы.

6. Увядзенне рэгулярнай рэкруцкай сістэмы.

Аб складанні зброі граф Рэхбер дадае: «Спрычыненыя разуменнем чалавечнасці, прагнем, каб расійскаму ўраду ўдалося пазбегнуць кровапраліцця». На гэта Расія адказала, што падаўленне паўстання павінна ісці сваімі шляхамі, пакуль цар сваёй улады ў Польшчы не ўсталюе. Адказ гэты так абурыў графа Рэхбера, што, нягледзячы на дзейнасць пасла расійскага і прускага, Аўстрыя абвясціла падтрымку палітыкі Францыі і Аўстрыі, якія са свайго боку таксама накіравалі ў Пецярбург ноты, дамагаючыся надання Польшчы аўтаноміі.

На першыя ноты еўрапейскіх дзяржаў князь Гарчакоў марудзіў са станоўчым адказам, стараючыся пусціць пыл у вочы Еўропы як абяцаннямі ўступак для палякаў, так і паведамленнем аб тым, што паўстанне схіляецца да ўпадку. З нецярплівасцю дзяржавы, якія прымалі ўдзел у інтэрвенцыі, накіравалі затым у Пецярбург Ультыматум, у якім выразілі жаданне станоўчага вырашэння польскай справы. Пецярбургская канцылярыя, увесь час застаючыся пры сваім, адказала на атрыманы Ультыматум, што расійскі ўрад сам зробіць усё для палякаў, і што інтэрвенцыя замежных канцылярый зусім не дарэчы тады, калі нават самі палякі ўступаюць у пагадненне з Расіяй.

Калі пецярбургская канцылярыя адхіліла ноту заходніх дзяржаў, што было для іх вялікай знявагай і прыніжэннем, Напалеон ІІІ вырашыў актыўна выступіць, чакаў толькі рашэння Англіі, якая ўвесь час марудзіла, і Аўстрыі, якая баялася страты Галіцыі. Да апошняй імператар французаў накіраваў аднаго са сваіх ад’ютантаў, які для запэўнення цэласці Галіцыі, мусіў прысягнуць ад імя Францыі, што яе войскі займуць тагачасную Карону і схіляць Аўстрыю да актыўнага выступлення. Працягвался гэта аднак вельмі павольна, бо Аўстрыя, будучы паміж молатам і кавадлам, мусіла мадыфікаваць і марудзіць, нягледзячы на тое, што народ і войскі горача жадалі вайны.

У выпадку, калі б Англія адмовіла актыўную падтрымку, а Аўстрыя таксама ж не згадзілася б на прадстаўленую ёй прапанову, імператар французаў планаваў правесці войскі праз Турцыю, султан якой ахвотна б далучыўся да справы вызвалення Польшчы. Так час праходзіў на кабінетных нарадах, паўстанне ж тым часам яшчэ больш упала і з набліжэннем зімы амаль зусім заціхла. Тады ўжо мінула неабходная пара выступлення з інтэрвенцыяй, што смела гаварыць можна, вынікала з адтэрміноўкі Напалеона ІІІ. На гэтым таксама скончылася дыпламатычная дзейнасць у справе Польшчы з незваротнай стратай для нас і сорамам для імператара французаў і наогул для цэлай дыпламатыі, якая ведучы Польшчу да незалежнасці, магла б забяспечыць свае манархіі на будучыню. Калі б Польшча зноў з’явілася ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, хто ведае, ці не выйшла б Францыя пераможцам у 1870 годзе, а Аўстрыя не панесла б, можа быць, паражэння пад Садовам.

Паўстанне ўпала. Мноства адданасці, ахвяраў жыцця і маёмасці, складзеных на алтары Айчыны, прынеслі ёй новыя слёзы і жалобы, аблілі Яе свежым крыві патокам і ў палітычным значэнні не здаліся ні на што, дзеля чаго? Прычыны гэтаму розныя, падзелім іх на знешнія і ўнутраныя. Што да знешніх, то галоўнай з іх з’яўляецца занадта перабольшаныя надзеі, якія палякі, а асабліва эміграцыя, ускладалі на дапамогу заходніх дзяржаў, якія апрача млява і без ніякага для нас выніку праведзеных пагадненняў, канчаткова нічога для Польшчы не зрабілі. Наступным повадам упадку паўстання было тое, што еўрапейскія дзяржавы, як верна выразіўся французскі міністр Друі дэ Луіс: «неслі для Польшчы спачуванне, а для Расіі дапамогу», не жадаючы прызнаваць Польшчу за ваюючы бок і ў выніку гэтага перашкаджаючы ўтварэнню паўстанцкіх атрадаў за мяжой, перамяшчэнню іх да Айчыны і перавозу зброі за расійскі кардон.

Што да ўнутраных прычын, г. зн. у краіне, амаль на арэне баявых дзеянняў, то галоўнай з іх было абыякавае, а нават варожае стаўленне, якое сяляне выражалі да паўстання, асабліва ў Літве. Калі б мы маглі вызваліць іх яшчэ перад царскім указам 1861 года, калі б прынамсі ўчынкі нашага грамадства (з нешматлікімі выключэннямі) у адносінах да сялян былі больш чалавечныя, маглі б мы быць упэўнены і ў іх спачуванні і дапамозе, што дало б абсалютна іншы паварот партызанскай барацьбе шэсцьдзясят трэцяга года.

Паўстанне ўпала. Гэты калос, збудаваны з цаглінак гераізму незлічоных адзінак, абрушыўся пад моцным націскам перавагі. На яго месцы паўстаў маскоўскі бізун і пятля. Па ўсёй краіне распасцерліся жалобныя песні, плачы і стогны няшчасных ахвяраў, гінучых павольна пакутніцкай смерцю, і тых, хто іх любіў, хто, страчваючы іх, страчваў усё, што іх з гэтым светам злучала. А смутным гэтым галасам спадарожнічалі злараднасць ворагаў і самыя балючыя яшчэ за іх абвінавачванні ўласных закардонных братоў, што паўстанне гэта шалёны крок, што паўстанцы гэта натоўп дурняў, які Польшчы толькі шкоду прынеслі. А хіба так было? О не! Можа быць, што паўстанне было спозненым, не ва ўласцівы пачатае момант (напрыклад, падчас крымскай вайны, калі паўстала Маларасія і чакала толькі дапамогі палякаў), фактам з’яўляецца тое, што не прынесла нам ніякіх матэрыяльных карысцей, несумненна, вялізныя страты людзей і дзяржаўнай маёмасці. А аднак нельга яму абсалютна адмаўляць заслугі перад Айчынай. Карысным для нас яго вынікам з’яўляецца тое, што мы цэлай Еўропе паказалі, што жывём, што жыццяздольнасць даказалі так пераканаўча, што стала гэта найкрасамоўнейшым пратэстам супраць пазбаўлення правоў, сілай у нас забраных. Нельга каменем асуджэння кідаць на тых, хто крывёй, пралітай у абароне за Айчыну, пакутам, за яе перанесеным, прычынілся да прывівання наступным пакаленням той ідэі, што варта любіць краіну, якая такіх нарадзіла герояў, што варта для яе працаваць і працай гэтай даказваць свету, што «яшчэ Польшча не загінула!» Бо на дадзены момант найлепшым доказам Яе існавання будзе, калі ў кожнай галіне, якую вядзе цывілізаванае грамадства, г. зн. мастацтва, промыслу, гандлю і г. д., з’явяцца палякі як здольныя і карысныя працаўнікі, над якімі, размеркаванымі ў розных кірунках дзейнасці, вяршэнстваваць будзе агульная ідэя: прычыненне да скарбніцы нацыянальных ведаў, нацыянальнага мастацтва, нацыянальнага дабрабыту. Польшча яшчэ не загінула і не загіне, калі ўсіх Яе дзяцей злучыць вузел братняй любові і агульнай адданасці народным традыцыям, калі знікнуць племянныя і несправядлівыя антаганізмы, якія падзяляць на супраціўныя лагеры прадстаўнікоў адной маці Айчыны, і калі ўсе падставяць сабе далоні ў працы для свайго грамадства, якое тады толькі на нязломнай абапрэцца падставе, і паводле слоў паэта: «Само ўваскрасіць сябе!»

 

VІ.

Царскі ўказ і мураўёўскія цыркуляры. — Выгнанне польскай шляхты з Валадуты. — Канфіскацыя маёмасці. — Деятели. — Бунт сялян з-за царскіх чыноўнікаў. — Палякі паводле ўказаў 10 і 27 снежня. — Банкі сялян.

 

Падчас, калі праходзілі нібы кабінетныя нарады, Мураўёў атрымаў неабмежаваную ўладу ў сілу майскага ўказа, які абвяшчаў, апрача іншага, наступныя правілы:

«Ведаючы непрыязнае пачуццё літоўскай шляхты, Мураўёў упаўнаважваецца не толькі расстрэльваць паўстанцаў, якія яму трапяцца, але выкарыстоўваць самыя суровыя сродкі супраць сямей, члены якіх прымаюць удзел у паўстанні».

На падставе гэтага ўказа Мураўёў Вешальнік, упаўнаважаны царом на неабмежаваныя дзеянні, выдаў 20 чэрвеня да ўсіх ваенных камендатур цыркуляры, каб ачысціць правінцыі ад усіх уладальнікаў, ксяндзоў і тым падобных асоб, непрыхільных ураду, і падавіць паўстанне якімі заўгодна сродкамі. Секвестрацыяй і канфіскацыяй павінны быць абкладзены ўсе набыткі грамадзян, якія б не сталі падазронымі ў аказанні паўстанцамі якой заўгодна падтрымкі, хаця б хлеба, бялізны, лекаў, або ў запусканні іх дадому, а тым больш, калі ў выніку гэтага будуць створаны новыя атрады, бо ў такім выпадку становяцца злачынцамі ваеннага становішча. Ні стасункі сяброўства, ні нават сваяцтва іх не тлумачаць.

Другі жа цыркуляр ад 6 ліпеня гаворыць: «Кожны ўладальнік абавязаны паведаміць праходзячых афіцэраў аб рухах паўстанцаў і пільнаваць, каб войска не мела ні ў чым патрэбу; адсутнасць гаспадара дома па якіх заўгодна прычынах выклікае абвінавачванне яго ў саўдзеле ў паўстанні і секвестрацыю яго маёмасці».

17 верасня выйшаў зноў цыркуляр: «Ваенныя начальнікі і агенты паліцыі маюць права ператрасаць усе двары і дамы і арыштоўваўць усіх тых, хто падасца ім падазронымі ў тым, што прымалі ўдзел у паўстанні, падтрымлівалі бунт, або забяспечвалі паўстанцаў харчаваннем, або калі іх дзеці выклікалі на сябе з гэтага пункту гледжання падазрэнне. Затым належыць іх выслаць у аддаленыя губерні, уладанні іх будуць адданы для карыстання сялян, грошы жа за прададзеную рухомасць вернуты будуць на кошт іх выгнання».

Цыркуляры такія выходзілі адзін за адным, тыранія не спынялася, вядома, павялічвалася кожны дзень. Мураўёў, карыстаючыся сваёй нічым не абмежаванай уладай, у самы дзікі спосаб праследаваў і прыгнятаў палякаў. Тое, што цар гэтага вымагаў і падзяляў з гэтага пунтку гледжання погляды свайго генерала, даказвае гэта найлепей узнагарода яго ордэнам святога Андрэя, з даданнем падзячнага ліста за яго катаўскія дзеянні.

У Польшчы, а асабліва ў Літве распачаўся цэлы шэраг праследаванняў, роўныя якім сустракаем хіба толькі ў дзеяннях іспанскай інквізіцыі і ў здзекаваннях князя Альбы над Нідэрландамі. Расіяне, помсцячы за бунт супраць цара, дзе толькі акалічнасці на гэта дазвалялі, найагіднейшыя выраблялі жорсткасці. Цэлая наша краіна пад расійскай акупацыяй стала адным вялікім домам жалобы, аднымі вялікімі могілкамі. Па каталіцкіх дварах і вёсках валакліся банды жандамаў, пастаянна праводзіліся рэвізіі, а калі з’яўлялася хаця б невялікае падазрэнне, арыштоўвалі і дэпарціравалі. Для выклікання жа падазрэння хапала фатаграфіі асобы ў польскім строі, або не маючая ніякай сувязі з паўстаннем, але атрыманая ад асоб, хаця б крыху скампрамітаваных, зброя, самая малая крошка пораху, а нават доўгія боты, якія лесовыми называлі маскалі. Найбольшы прыгнёт і тэрарызм панаваў там, дзе распаўсюджвалася ўлада Мураўёва Вешальніка. Немагчымым тут з’яўляецца пералічваць усе сродкі, якія выкарыстоўвалі маскалі ў мэтах вынішчэння польскай нацыі, прывяду тут аднак пару прыкладаў, дастаткова яскрава прадстаўляючых тагачасныя стасункі. Жыхароў шляхецкага засценку Валадута, які складаўся з сарака дамоў, вывезлі з жанчынамі і дзецьмі ў Енісейскую губерню толькі за тое, што былі католікамі і спрыялі паўстанню. У Багушэвічах расстралялі Акуліча і павешалі двух лёкаяў Свентажэцкага ў якасці помсты за павешанага там жа папа.

Усіх чыноўнікаў палякаў звольнілі з пасадаў, якія яны займалі, а на іх месцы прызначылі замену маскоўскай чэрні для выкаранення ўсяго, што з’яўляецца польскім, і найбольш хуткай русіфікацыі. Тыя маскоўскія чыноўнікі атрымоўвалі падвойную плату, а апрача гэтага, выдавалі ім канфіскаваныя маёмасці ў якасці ўзнагароды за актыўны ўдзел у прыгнятанні палякаў.

Смутныя гэта былі часы, хто застаўся ў краіне, шмат сустрэў прыкрасці, шмат абразаў як паляк, эканамічны стан знізіўся зусім, эскплуатацыя вялізнай кантрыбуцыяй пацягнула астатніх грамадзян да хуткага ўпадку. За нявыплату кантрыбуцый, а цяжка іх было выплачваць, прадавалі рухомасць, а нават і цэлыя маёмасці.

Праследаванні надыходзілі адно за другім, у наступным годзе наехала шмат маскоўскіх деятелей, бо ўрад выдаў цыркуляр да жыхароў глыбокай Расіі, што калі хто жадае заняць якую заўгодна кіруючую пасаду ў заходніх губернях, атрымае, апрача грашовай падтрымкі на пераезд, падвойную плату і забеспячэнне на месцы. Знайшлося вельмі шмат ахвотных, асабліва такіх, якія ў сваёй Айчыне карысталіся найгоршым меркаваннем. Адзначыла гэта нават адна з пецярбургскіх газет, гаворачы, што немцы для дэнацыяналізацыі палякаў карыстаюцца сваёй інтэлігенцыяй. Расяіне ж у гэтых мэтах выкарыстоўваць нізы ўласнага грамадства (падонки русского общества).

Краіна наша, перапоўненая такімі панамі, дазнала вялікіх бедстваў як з матэрыяльнага, так і з маральнага пункту гледжання. Зладзейства, ашуканства, п’янства, дагэтуль невядомыя, сталі звычайнымі справамі, народ дэмаралізоўваўся ў найбольшай ступені, наследуючы сваіх начальнікаў, якія ўбівалі сялянам, што польскія паны ўзнялі бунт толькі з-за таго, што цар вясковы народ вызваліў ад паншчыны. Каб гэта даказаць, перайначылі вядомыя радкі нацыянальнага гімна «Божа што Польшчу» ў наступны спосаб:

Перад тваімі Алтарамі ўзносім малітву,

Паншчыну для нас (замест Айчыну нашу)

                           жадай вярнуць нам, Божа!

Галоўнымі выканаўцамі пашырэння сярод народа такіх крывадушных перакананняў былі гмінныя пісьменнкі, папы, начальнікі паліцэйскіх участкаў (становые приставы). Цёмны абаламучаны народ паверыў новым прыхадням і стаў варожым для шляхты і польскага грамадзянства.

Пад канец 1864 года царскім указам польская шляхта, якая не была далучана да пэўных родаў, або зацверджаная геральдычным дэпартаментам, была вымушана запісвацца да сялян, або да мяшчан; права атрымання шляхецтва было адкладзена на тры гады. Дзясятага ж снежня (па стар. стылі) гэтага ж года выйшаў указ, які забараняў палякам католікам купляць земскія ўладанні, урэшце 27 снежня пазбавілі палякаў правоў складаць у іпатэку свае інвестыцыі на земскіх уладаннях. Урэшце, адным з самых дзейных сродкаў вынішчэння збяднелых польскіх грамадзян з’яўляюцца сялянскія банкі, нядаўна створаныя, якія мелі намер палепшыць сялянам набыццё маёмасці in gremio. Так у адносінах да расійскага ўрада палякі страцілі ўсе правы і мусяць змагацца з бядой уласнымі сіламі, не маючы ні адкуль самай малой падтрымкі. Русіфікацыя ж велізарным крокам наперад рухаецца.

 

Нататкі

 

І.

Зварот сялян католікаў у праваслаўе ў губ. Мінскай

Пасля ўпадку паўстання ў 1864 годзе ўрад энергічна ўзяўся за зварот каталіцкага насельніцтва ў праваслаўе. Расіяне, імкнучыся да русіфікацыі Літвы, стараліся ў ёй зацерці кожны след польскасці. Даказваючы апошнім часам, што ў Літве і Белай Русі каталіцызм быў уведзены тады, калі ўжо народ быў хрысціянскім грэчаскага веравызнання, што нават сам Ягайла быў выхаваны ў праваслаўнай рэлігіі, і толькі потым з яе перайшоў у каталіцтва. На падставе гэтага пастанавілі сялян католікаў звярнуць у праваслаўе, а касцёлы скасаваць, замяняючы іх на цэрквы, казармы для войска, або знішчаючы іх зусім. У такіх выпадках дзейнічалі самым дзікім спасабам. Місію звароту народа ўзнялі перад усім цэлыя духоўныя іерархіі, а актыўны і заўзяты ўдзел у ёй прынялі акруговыя начальнікі гмін (посредники), начальнікі паветаў (исправники), паліцэйскія камісары (становые приставы) у таварыстве розных маскоўскіх чыноўнікаў, грамадзянскіх і вайсковых. Зварот практыкаваўся такім спосабам, што зганялі народ у гміну (волость), напойвалі, а потым казакі гналі сялян у царкву, натуральна, пераробленую з касцёла, дзе давалі камунію, пры чым запісвалі на лісце праваслаўных. Тых, хто не згаджаўся прымаць камунію, бо былі і такія, што да гэтага нічым не давалі сябе схіліць, білі жорстка, кідалі ў турму і там трымалі ў голадзе і холадзе. Малая аднак лічба вытрывала ў веры Бацькоў, цэлыя парафіі са шматлікім насельніцтвам перайшлі на схізматыцкую веру: Смілавічы, Івянец, Дукора, Гарадок, Халяўшчына, у віленскай Валожын і шмат іншых.

 

ІІ.

Ксяндзы трэбніковічы

Калі пасля 1863 года вывелі польскую мову з навуковых устаноў і забаранілі яе ўжываць на вуліцах і ў публічных месцах, можна было яе чуваць ужо толькі з амбона. І гэта аднак расіянам стала соллю ў воку, і таксама выдалі таемны цыркуляр да губернатараў, а тыя да сваіх падуладных, каб імкнуцца як мага да ўвядзення ў касцёлы маскоўскай мовы. Залежала тут ад духавенства, у якім, на жаль, маскалі знайшлі сродак для выканання сваіх намераў. Галоўным такім сродкам стаў пралат Жыліньскі, які пасля дэпартацыі біскупа Красіньскага з Вільні, заняў віленскую дыяцэзію і з аднадумцамі сваімі, ксяндзамі Капцюховічам, Сэнчыкоўскім і Нямекшам, аб’язджаў касцёлы «з найвышэйшым загадам» г. зн. ніжэйшыя цывільныя ўлады павінны з ім саўдзельнічаць, і першы спяваў у іх па-руску дадатковыя часткі набажэнства і на той жа мове прамаўляў казанні, заканчваючы рэлігійныя абрады малітвай за цара.

У Мінску першым агітатарам у гэтым кірунку быў ксёндз Заусціньскі, гімназічны капелан. Затым па яго слядах пайшоў знакаміты Фердынанд Сэнчыкоўскі. Быў гэта сын убогага шляхціца мінскай губерні, пасля пасвячэння стаў капеланам пры палацавай капліцы Булгака ў Дабосні за Бабруйскам. Падчас паўстання быў пробашчам у тым жа павеце, і нават, як кажуць, гарачым патрыётам. Потым жа змяніў свае погляды, адрокся ад нацыянальнасці і айчыннай мовы і прыняў пасаду капелана пры мінскай гімназіі, а адначасова стаў дэканам і пробашчам Залатагорскім. Урад яго абараняў і падтрымліваў у русіфікатарскіх мэтах. Лекцыі свае ў гімназіі ўпрыгожыў абразамі, якія кідаў пра будучыню Польшчы, імкнуўся ўбіць у вучняў перакананне, што польская мова павінна загінуць, бо не мае рацыі на існаванне, і самым суровым чынам загадаў, каб кожны з вучняў маліўся па кніжцы ў рускай рэдакцыі, Хрыста ж называў Иисусом Иосифовичем. Стварыў у Мінску дагэтуль існуючую школу арганістаў, навучанне якіх адбывалася на рускай мове, каб з іх утварыць дасканалых слуг русіфікацыі. Надпісы на надмагільных плітах загадаў выбіваць па-руску, а пасаг святога Роха, які знаходзіўся ў Залатагорскім касцёле, апрануў у боты і чырвоную маскоўскую кашулю. З кафедральнай скарбніцы і магілы святога Феліцыяна пазабіраў усе каштоўнасці і дары і натуральна на сваю карысць ужыў. Калі бацька яго, даведаўшыся пра гэта, пачаў яго ганьбіць, прагнаў з дома няшчаснага старца, які перажыў гэта так глыбока, што ў хуткім часе памёр.

З Мінска Сэнчыкоўскага перавялі ў Бабруйск. Тут, жадаючы народ зацягнуць у касцёл для ўласнага даходу, здабыў косці з могілак (а як некаторыя даказваюць звярыныя) і сфальсіфікаваўшы да гэтага адпаведны дакумент, падбіты пячаткамі, абвясціў, што шчаслівым выпадкам знайшліся рэшткі св. Тэафіла. Затым пры пантыфікальнай працэсіі занёс косці ў касцёл, засведчыў на казанні, што парафіяне павінны лічыць сябе шчаслівымі з той нагоды, што ў асобе св. Тэафіла маюць свайго патрона. Аднак гэты нумар яму не ўдаўся. Сам нават урад выслаў яго за гэта ў Ташкент, дзе праз некалькі гадоў побыту, збіты туркменамі, жыццё закончыў.

Апрача Сэнчыкоўскага шмат яшчэ ксяндзоў, заахвочаных дадатковай узнагародай у суме трохсот рублёў, якія ўрад прызначыў для так званых ксяндзоў трэбніковічаў, або застрашаныя пагрозай выслання ў кляштар, або ў Сібір, прынялі маскоўскі рытуал. З тых апошніх некаторыя звярнуліся, цяпер жа знаходзіцца ў мінскай губерні дзевяць ксяндзоў трэбніковічаў як: Гаўроньскі, экс-бернардын Макарэвіч мінскі дэкан, Лукашэвіч, Вайчыньскі, Юзэфовіч, Бэртовіч і іншыя.

Засталося ўсяго некалькі парафій у мінскай губерні, у якіх руская мова не была ўведзена, а менавіта: касцёлы, кафедральны і кальварыйскі ў Мінску, касцёл у Ракаве, Пяршаях, Койданаве, касцёл у Каралешчавіцах, у Дзядзіловічах, Акалове, Карэнню, Докшыцах, Воўчкавічах, Навагрудку і некалькіх іншых у гэтым павеце. Парафіі гэтыя аднак, што налічваюць па некалькі тысяч людзей, маюць часцей аднаго толькі ксяндза, які сваім шматлікім абавязкам зусім аддацца не можа.

У касцёлах, дзе руская мова была ўведзена, прысутнасць набожных вельмі малая. Большасць насельніцтва аддае перавагу правядзенню набажэнства дома, у многіх жа ваколіцах, не жадаючы выклікаць ксяндзоў трэбніковічаў, старэйшыя ў вёсцы выконваюць абрад хрышчэння, шлюбу і пахавання.

Урадавыя ўлады ў некаторых парафіях пісалі ад сялян фальшывыя петыцыі, пацверджаныя мноствам подпісаў, у якіх выражалася жаданне чуць у касцёле маскоўскую мову. Так з-за падгаворвання ксяндзоў здраднікаў, абаламучвалі народ і мяшчан, не заўсёды аднак гэта ўдавалася, бо здаралася ў многіх мясцовасцях, што такіх ксяндзоў народ калаціў і выганяў з касцёла.

 

ІІІ.

Дзейнасць жыдоў пасля 1863 года

Насельніцтва гарадоў і мястэчак складалася пераважна з жыдоў. Да паўстання займаліся яны або дробным гандлем, або рамяством, па вёсках трымалі арэнды, млыны, карчмы, і былі часцей за ўсё дарадчыкамі вясковых грамадзян, а хаця ж не мелі ўсіх правоў грамадзянства, аднак пры такіх акалічнасцях пад апекай польскай шляхты добра ім жылося. Пасля ж паўстання, калі палякаў пазбавілі правоў, жыды, не маючы надзеі карыстання далей шляхтай, змянілі кірунак грамадскага жыцця. Забралі ў свае рукі ўвесь гандаль краіны, асабліва лясамі, і знішчаюць іх дашчэнту, пабраталіся з расіянамі, моладзь і дзеці пачалі вывучаць рускую мову, польскую ж мову перасталі разумець. Так паступаючы, дайшлі да багаццяў, усе капіталы сканцэнтравалі ў сваіх руках, а апрача гэтага пачалі дабівацца грамадзянскіх правоў. На агульным рашэнні рабінаў склалі таемны спіс, каб на палякаў, якія як скампраметаваныя паўстаннем, страцілі прыхільнасць ураду, кідаць сляды злачынстваў і такім спосабам пазбавіцца польскай шляхты з Літвы. Пастанавілі ў гэтых мэтах паліць вёскі і гарады, кідаючы падазрэнні на палякаў, і падбухторваючы супраць іх вясковы народ. У маі 1865 года Мінск згарэў дашчэнту, у ваколіцах вёскі таксама гарэлі, трывога і роспач апанавалі жыхароў. Жыды распусцілі чутку, што палякі падпальваюць, помсцячы за праваленае паўстанне, урад таксама паверыў фальшывым слядам, надышлі арыштаванні падазроных нібы асоб. Жыды пільнавалі тых, хто прыязджаў у горад, хапалі на вуліцы, асабліва ўвечары і адводзілі ў паліцыю, укладаючы ўпотай да кішэні запалкі, або запальны кнот. Такі ўклад рэчаў трываў некалькі тыдняў. У канцы жыдоўская хітрасць высветлілася. Паліцмайстар Мінска Шміт, праязджаючы вуліцай Зыбіцкай, пачуў пах гарэлага, які паходзіў з дома, што належаў жыду. Затрымліваецца і з некалькімі паліцэйскімі ідзе ў кватэру. У двары пад ліхімі сходамі бачыць жыда, які завіхаецца, падкладваючы запалкі пад сходы, дзе было шмат старызны, аблітай нафтай. Быў гэта ўладальнік дома. Арыштаваны прызнаўся пры следстве, што належыць да змовы, мэтай якой было падпальванне, каб усю віну зваліць на палякаў і гэтым шляхам дабіцца правоў для сябе. Жыд гэты выдаў шмат саўдзельнікаў злачынства. Справу гэту аднак замялі, што ўсіх выпусцілі з турмы, бо жыды зрабілі вялізны збор і задобрылі чыноўнікаў грашыма. Закончылася тым, што пажары спыніліся і падазрэнні, кінутыя на палякаў, скасавалі.

 

Віняры

 

Між раскідзістых грабаў шырокіх галінаў

Шлях цяністы праводзіць праз сад па-над Віслай.

Паміж зелені бліснуў вады промень сіні.

Узыдзем на скалу, над вадой што павісла.

 

Як прыгожа!.. Пад намі шэры Віслы пояс,

А вакол ізумрудам убраны багата

Лёг Галіцыі бераг, як велічны вобраз.

Нібы ўранку туман, засінелі Карпаты.

 

Краю родны, мой любы! На гэтым абшары

Хоць цябе я не бачу, не будзеш забыты

Пранясу цябе ў сэрцы да скону, як мару.

 

Мяне думка узносіць высока ў блакіты

Аж там, дзе алтары ўвысь імкнуцца да хмараў —

Небасяжныя Татраў сівыя граніты.

 

 

Вісла

 

Мые бераг ізумрудны

Наша Вісла, хутка мкне,

Плынь яе шарэе мутна,

Па пясчаным льецца дне.

 

Малады рыбак ў чоўне

Сетку цягне і пяе.

Нотку родную чароўна

Голас ўдаль перадае.

 

Чаек стая ўвысь рухава

Аж да скалаў узнялась.

Ластаўка ў лазуры жвава

Пралятае, як страла.

 

Ад Галіцыі у спёку

Вее вецер па палях.

Гэй за Віслу!.. Толькі збоку

Пагранічнікі стаяць.

 

 

* * *

Не усім жа урачыста,

На куццю нам зорка ззяе.

Воін, стражнік, машыністы,

Качагар ля топкі дбае.

Ў цяжкай працы і пад потам

Бачаць зорку скрозь турботы.

 

Узрастае хутка шэраг

Тых, якія не у стане,

Зладзіць нават і вячэру,

Каб спажыць, як частаванне.

Ў свеце штораз болей хлеба,

А ўзрастае і галодных —

Пагражае хмурна неба,

Не чуваць ім дзён пагодных.

 

Не усім нам жонка, матка,

Ломіць шчыра хлеб аплатку,

Ва ўрачыстай скажа хвілі:

«Дай жа Божа, быць здаровым,

Каб спраўляць праз год дажылі

Нараджэнне ўсе Хрыстова!»

 

Шляхам верным для карысці

Рух у свеце мчыць зацята,

Састарэла: «У калысцы…»

Хоць не кожны мае свята.

 

Уступнае слова і пераклад з польскай Вольгі КРУГЛОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».