Вы тут

Генеральная рэпетыцыя жыцця


Я пішу гэту калонку, напісаўшы два некралогі за адзін дзень. «Клуб 5000» страціў дваіх падапечных. Свет паменеў на дваіх чалавек. Дзве душы адляцелі ў небыццё. Смерць — гэта навіна, на якую актыўна рэагуюць нашы падпісчыкі, пакідаючы словы спачування бацькам. Яна ўскалыхвае. Яна заўсёды нечаканая. Для бацькоў. Для падпісчыкаў. Але не для нас, валанцёраў. Мы сочым за сітуацыяй і ведаем пра пагаршэнне стану. Мы загадзя чуем медыцынскія прагнозы, пра якія не скажаш прылюдна ў інтэрнэце, пакуль... пакуль не здарыцца. І я з жахам злавіла сябе на думцы, што загадзя прадумваю некралогі. Я складаю ў галаве факты, якія напішу пасля смерці чалавека, пукуль ён яшчэ жывы. Больш за тое — я пачынаю збіраць гэтыя факты адразу пасля знаёмства. Я аўтаматычна рыхтуюся да горшага, шчыра спадзяючыся на лепшае.


Не так даўно наш дабрачынны рух выйшаў на сувязь з італьянскай клінікай, дзе прапануюць эксперыментальнае лячэнне безнадзейна хворым. Усё, што трэба, каб трапіць туды, — выпіска з бальніцы аб тым, што лячэнне скончана і магчымых пратаколаў выратавання больш не існуе. Дык вось гэта лячэнне мы прапаноўвалі абодвум падапечным, якіх сёння не стала. У абодвух на руках быў эпікрыз з прысудам, абодва шукалі альтэрнатыўныя варыянты і панікавалі ў разгубленасці.

Эксперымент. Гэта тое, што можа атрымацца, а можа быць і няўдалым. Гэта тое, што не дае гарантыі. Тое, што можа як дапамагчы, так і пагоршыць сітуацыю. Эксперымент непрадказальны. Эксперыментальнае лячэнне для тых, каму няма чаго губляць. Для тых, хто можа дазволіць сабе рызыкнуць. Але яшчэ ніхто з нашых падапечных — безнадзейна хворых, якія вычарпалі ўсе магчымыя варыянты медыцыны — не пагадзіўся на такую рызыку.

Калі б жыццё было генеральнай рэпетыцыяй і мелася магчымасць паспрабаваць эксперыментальны варыянт, а потым, калі не атрымаецца, вярнуцца назад і праіграць па-новай, мы б рызыкавалі часцей.

Я чытаю кніжку і літаральна падштурхоўваю гераіню да дзеянняў. Збоку ўсё выглядае відавочным. Надакучлівы муж, сумны шлюб, паступовае згасанне ў будзёнасці. І вось ён, мужчына яе мары, з'явіўся на гарызонце — чакае, заве, распасцёр абдымкі. Прыгожы захад сонца, мора і вецер у валасах. Толькі бяжы насустрач свайму шчасцю, падбіраючы падол доўгай сукенкі. А яна ў сумневах. А калі не атрымаецца? Калі ён акажацца не прынцам? Назад да мужа ўжо не вернешся. І рэпутацыю ў грамадстве не атрымаеш. Раптам не складзецца? А што, калі я дарэмна не цаню, тое што маю? Што будзе, калі згублю ўсё? Ідзі-ідзі, дурненькая, ты будзеш шчаслівай хоць нейкі час. Не ўпускай сваю магчымасць. А потым аўтар што-небудзь прыдумае для цябе. Аўтар кнігі. Ён можа перакрэсліць увесь сюжэт і напісаць па-новаму. Ён можа рызыкаваць і ладзіць генеральны прагон.

Мы можам уяўляць сабе, што будзе, калі... Можам строіць планы і рызыкаваць. А можам пралічыць самыя нежаданыя прагнозы і спасаваць перад імі. Можам пабаяцца тых самых прагнозаў і ніколі не даведацца, ці спраўдзяцца яны.

Лёгка штурхаць гераіню ў абдымкі кахання і цяжка вырашыцца на змены ў сваім жыцці. Лёгка прапаноўваць эксперыментальнае лячэнне невылечна хвораму і цяжка прымірыцца са сваёй смерцю. Я разумею, чаму яны адмовіліся. Таму што безнадзейным хворым таксама ёсць што губляць. Лішні дзень, лішняя хвіліна побач з блізкімі перад вечнасцю ў іншым вымярэнні. Апошняя надзея на цуд і выбар паміж мноствам альтэрнатыўных варыянтаў, якія цяпер прапануюць ад авангардных навукоўцаў да шарлатанаў. І трэба не памыліцца з выбарам. У жыцця няма генеральнай рэпетыцыі, няма кантрольнага прагону. Ёсць толькі адна магчымасць. Усяго адзін выбар. І з ім нельга прамахнуцца.

У мяне доўгі час адсутнічала пачуццё самазахавання. Я кідалася ў самыя небяспечныя авантуры, ніколі не думала пра наступствы і не баялася пабочных эфектаў. Я не планавала, што будзе пасля прыгоды і чым яна можа скончыцца.

Страх перад невядомым з'явіўся пасля аварыі, калі цуд уратаваў маё жыццё. Я ўжо ніколі не асмелюся скокнуць з парашутам, абыду за паўкіламетра вясёлы атракцыён. Мала таго, што я ні за што не палезу на яго, дык яшчэ перасцерагуся, каб знянацку не зваліўся мне на галаву. Я больш не шукаю прыгоды і не рызыкую. Я стаўлю на жыццё. Але вось у чым праблема — ніхто не ведае, дзе той сектар, куды ўпадзе шарык. І магчыма, я паставіла не на той.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.