Вы тут

Нацыянальнаму аэрапорту «Мінск» могуць надаць імя Францыска Скарыны


Сімвалічным завяршэннем Года культуры можа стаць наданне Нацыянальнаму аэрапорту «Мінск» імя Францыска Скарыны.

Пра гэта паведаміў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. Такая прапанова ўжо неаднойчы выказвалася дзеячамі культуры, ініцыятыву падтрымала і міністэрства. Барыс Святлоў расказаў, што адпаведныя звароты ўжо накіраваныя, і пытанне можа вырашыцца да канца года.


Гаворка ідзе не толькі пра наданне імя Францыска Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту, але і пра магчымасць надання імёнаў славутых дзеячаў культуры, літаратуры самалётам, цягнікам.

Цягам Года культуры ўжо прайшло мноства знакавых для нашай краіны мерапрыемстваў. У іх ліку — святкаванне юбілейных дат: да 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна тэатрам імя Максіма Горкага пастаўлены спектакль «Пясняр», ён быў прадстаўлены на гастролях па гарадах Беларусі і падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску»; да 95-годдзя Івана Мележа на сцэне Купалаўскага паказалі спектакль «Людзі на балоце»; да 120-годдзя Кандрата Крапівы тэатр-студыя кінаакцёра паставіў спектакль па п'есе «Хто смяецца апошнім». Праходзяць вечарыны і выстаўкі да юбілея Максіма Багдановіча. Да 30-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у межах дабрачыннага творчага марафону «Адраджэнне» праведзены шэраг канцэртаў у раёнах Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, якія пацярпелі ад аварыі. У фінальным канцэрце марафону, што прайшоў у Ельску, прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці 5 элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта тэхналогія вырабу шчэпавай птушкі-абярэга на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, традыцыі памінання продкаў на Ганцавіччыне, абрад гукання вясны «Чырачка» ў Тонежы Лельчыцкага раёна, неглюбская народная тэкстыльная традыцыя з Веткаўшчыны і абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна.

Адметна, што план мерапрыемстваў Года культуры закранае не толькі Беларусь, але і замежжа. Так, сёлета падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Літвы і Латвіі, рыхтуюцца да падпісання падобныя пагадненні з Манголіяй, Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, В'етнамам, Катарам, Індыяй. Цяпер вядуцца актыўныя перамовы з міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім. Барыс Святлоў расказаў, што гаворка ідзе пра сумесную беларуска-расійскую вытворчасць фільмаў, магчымасць супольнай рэстаўрацыі аднаго з беларускіх замкаў. Важным праектам у межах міжнароднага культурнага супрацоўніцтва можа стаць і будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на тэрыторыі сядзібы Ільі Рэпіна ў Здраўнёве, яго абмеркаванне вядзецца з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Але Год культуры працягваецца, таму нас чакае яшчэ мноства яркіх імпрэз. Адзначым толькі некаторыя з іх. У верасні ў Магілёве пройдзе фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», на які ўжо паступіла больш як 350 фільмаў з 45 краін, з 4 па 11 лістапада сталіца прыме Міжнародны кінафестываль «Лістапад», на снежань запланаваны І рэспубліканскі конкурс аматарскага кіно імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно», ён адбудзецца ў Полацку.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі гавораць музы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.