Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» наведалі пікеты па зборы подпісаў


Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) стала лідарам сярод палітычных партый Беларусі па колькасці прадстаўнікоў, вылучаных ва ўчастковыя выбаркамы — 1 141 чалавек. Партыя таксама вылучыла 23 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. Карэспандэнт «Звязды» наведаў адзін з пікетаў РППС па зборы подпісаў у іх падтрымку.


 

На гадзінніку 10 раніцы, застаецца 46 дзён да выбараў, і члены ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара КАМАРОЎСКАГА ўжо стаяць пад сцягамі на адным з месцаў правядзення пікетаў.

«Усё выдатна, да працы гатовыя, толькі б сонца схавалася ненадоўга», — панаракала на надвор'е адна з удзельніц ініцыятыўнай групы.

Усяго ў камандзе Ігара Камароўскага 101 чалавек. Большасць з іх пазменна задзейнічаны ў зборы подпісаў на пяці пікетах 98-й выбарчай акругі.

«Калі людзі падыходзяць, яны ў асноўным цікавяцца тым, хто праводзіць пікет, асобай і біяграфіяй прэтэндэнта ў кандыдаты. Некаторыя нават ужо накіроўваюць свае праблемныя звароты. На гэты момант мы сабралі каля 4 тысяч подпісаў», — распавёў патэнцыйны кандыдат у дэпутаты.

Ён растлумачыў, што пікеты геаграфічна стараліся размясціць у тых месцах, дзе найбольшы рух людзей, як правіла, каля гандлёвых пунктаў. Стаяць там зранку і ўвечары, без перапынку на выхадныя, каб кожны ахвотны мог падпісацца ў найбольш зручны для яго час.

Аднак знайсці канкрэтнага магчымага кандыдата, каб падпісацца за яго ўдзел у выбарах па Мінску — задача няпростая. Інтэрнэт, на які я вельмі спадзяюся як на самую даступную крыніцу інфармацыі, у гэты раз не дапамог. Каб знайсці месца збору подпісаў за пэўнага чалавека, трэба даведацца, ад якой акругі ён будзе вылучацца, і абысці яе самастойна, арыентуючыся на найбольш ажыўленыя месцы. Хутчэй атрымаць неабходную інфармацыю аб месцазнаходжанні пікетаў магчыма праз партыю патэнцыйнага кандыдата, якая яго вылучае. Больш складана, калі ўдзельнік перадвыбарчай гонкі беспартыйны.

* * *

У Гродзенскую абласную выбарчую камісію не паступала скаргаў, звязаных з правядзеннем пікетаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты парламента. Акруговыя камісіі таксама не паведамлялі аб наяўнасці зваротаў па той ці іншай канфліктнай сітуацыі. Такім чынам, усе, хто палічыў неабходным, маглі скарыстацца сваім правам на пікетаванне. Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведаміў сакратар Гродзенскай абласной выбарчай камісіі Павел МІХАЛЮК.

Паводле інфармацыі намесніка старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Георгія ХАМУЦІННІКА, пікеты праводзяцца і ў абласным, і ў раённых цэнтрах. Гэтая форма збору подпісаў выкарыстоўваецца даволі актыўна, аднак за колькасцю пікетаў ніхто не гоніцца. Лічыш патрэбным — праводзь пікет. Альбо рабі ўпор на не менш, а можа, і больш эфектыўную форму кантактаў з выбаршчыкамі — іх пакватэрны абход. Напрыклад, да аўтара гэтых радкоў прыходзілі ўжо двойчы, і магу адзначыць, што члены ініцыятыўных груп строга кіраваліся нормамі заканадаўства.

Гэта тычыцца і правядзення пікетаў. Не зарэгістравана фактаў, каб на гэтым этапе выбарчай кампаніі раздаваліся агітацыйныя матэрыялы; члены ініцыятыўнай групы маюць адпаведныя пасведчанні. А многія выбаршчыкі, калі з сабой ёсць пашпарт, не адмаўляюць у прапанове падтрымаць ахвотнікаў паўдзельнічаць у барацьбе за дэпутацкі мандат. Як гэта было падчас пікета, які актывісты «Белай Русі» правялі ў Ваўкавыску каля ўніверсама «Аэліта Люкс». Гараджане рознага ўзросту падыходзілі да рэгістрацыйнай стойкі, задавалі пытанні прадстаўнікам ініцыятыўнай групы. Было відаць, што яны добра валодаюць інфармацыяй аб маючых адбыцца парламенцкіх выбарах.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падтрымаць патэнцыйнага кандыдата

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».