Вы тут

Што важна для развіцця прыдарожнага сэрвісу?


Выжываюць тыя, хто гатуе смачней і ўсміхаецца шырэй.

Для развіцця прыдарожнага сэрвісу вельмі важна ўменне работнікаў аб'ектаў грамадскага харчавання валодаць мовамі. Бо многія з тых, хто спыняецца на адпачынак, — кіроўцы фур і замежныя турысты. З гэтай прычыны кавярні абавязваюць мець меню на дзвюх мовах, у тым ліку на замежнай. Не лішняй будзе і сувенірная прадукцыя на памяць пра Беларусь.


Згодна са стандартам, на кожных 30-50 кіламетрах дарогі павінен знаходзіцца аб'ект грамадскага харчавання. У нас ён, у прынцыпе, выконваецца, аднак гэта не азначае, што такія аб'екты знаходзяцца менавіта праз 30 кіламетраў адзін ад аднаго. Бо размясціць іх так дакладна не заўжды дазваляе мясцовасць, або гэта ўвогуле немэтазгодна. Тым не менш сёння іх пры дарогах дастаткова.

— За апошнія гады аб'екты харчавання значна змяніліся. Магчыма, дзякуючы і патрабаванням заканадаўства, якія прад'яўляюцца і да посуду, і да шыльдаў, і да камфортнасці паслуг. Павышаецца таксама культура абслугоўвання ў іх, — зазначыла Ларыса КАМАРОВА, начальнік аддзела арганізацыі грамадскага харчавання Міністэрства гандлю Беларусі. — Адкрываецца шмат новых пунктаў, але шмат і закрываецца. Па прычыне змены напрамку дарогі, напрыклад, або сам уладальнік разумее, што не сваёй справай заняўся. Акрамя таго, гэтаму садзейнічае спажывец, які едзе туды, дзе яму смачна.

Асартымент сёння кожны ўладальнік прыдарожнага пункта вызначае сам, арыентуючыся на густ спажыўца і свае фінансавыя магчымасці. Нават калі ў наяўнасці будзе адзін суп, але смачны, гэта будзе лепш, чым шырокі пералік, стравы з якога будуць недастаткова якаснымі. Пры гэтым немалаважна, каб чалавека сустракалі ветліва, з усмешкай, тады і аб'екты харчавання, гаспадарамі якіх у большасці з'яўляюцца прыватныя асобы, не толькі выжывуць, але і зацвердзяцца на рынку надоўга. Тым больш што з мэтай далейшага развіцця грамадскага харчавання і паляпшэння яго якасці плануюцца далейшая лібералізацыя і спрашчэнне дзейнасці суб'ектаў харчавання.

Для караванераў створаць дадатковыя ўмовы

Замежных караванераў — тых, хто падарожнічае па свеце на ўласных аўто з прычэпамі-дамамі, вырашылі падтрымаць у Беларусі на ўзроўні Мінспорту і турызму і Мінтранспарту і камунікацый. Для такіх турыстаў некаторыя аўтазапраўкі і санітарныя збудаванні, якія плануецца ўзвесці, будуць абсталяваны спецыяльнымі прыладамі для забору вады, зліву нечыстот і электрычнай зарадкі акумулятараў.

За апошнія некалькі гадоў, дарэчы, за кошт бюджэту на беларускіх дарогах міжнароднага ўзроўню з'явілася ўжо 21 сучаснае санітарнае збудаванне.

Яны адпавядаюць усім еўрапейскім нормам: тут да паслуг спажыўца кругласутачны бясплатны цёплы туалет, спавівальны пакой, а ў некаторых нават душ. Побач яшчэ аўтазапраўка і крамы. Пры сёлетняй рэканструкцыі дарогі М6 Мінск—Гродна запланавана пабудаваць яшчэ адзін санітарны аб'ект такога ўзроўню.

— Караванерства — перспектыўны напрамак для развіцця ў Беларусі, бо ў нас шмат азёр і лясоў і ёсць што паглядзець, — зазначыў Сяргей ЛЯВОНЧЫК, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог — начальнік аддзела ўтрымання аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі. — Сёлета мы таксама вырашылі паглядзець на дарожны сэрвіс з пункту гледжання спажыўца і вывучыць грамадскую думку праз два варыянты анкет: для кіроўцаў і ўладальнікаў кавярняў, аўтазаправак пры дарозе. Кожны можа даслаць свае меркаванні, выказацца: што падабаецца, што патрэбна зрабіць, што кепска.

Тым не менш чалавеку трэба не толькі добра ехаць і мець магчымасць адпачыць пры дарозе, але яшчэ і ведаць, куды яму кіравацца.

823 дарожныя знакі з выявамі выдатных мясцін на карычневым або сінім фоне змешчаны сёння на ўсіх буйных аўтадарогах краіны.

— Такія таблічкі — гэта беларускі стандарт, які адпавядае еўрапейскай традыцыі, — дадаў прадстаўнік Мінтрансу. — Мы хочам прывучыць людзей ездзіць не па паняццях, а па знаках, картах і навігатарах, каб гэта рабілася цывілізавана.

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

На беларускіх дарогах размешчана 556 аб'ектаў грамадскага харчавання, больш за 400 аб'ектаў гандлю, 77 пунктаў тэхнічнай дапамогі, 40 аўтамыек, 88 ахоўных стаянак і 70 гасцініц.

Загаловак у газеце: Сэрвіс уздоўж дарогі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.