Вы тут

Як цывілізавана расстацца са старымі кнігамі


Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму за папулярнымі і рэдкімі кнігамі без перабольшвання «палявалі» — дастаць сапраўды вартае выданне было цяжка, да таго ж і каштавала такое задавальненне нямала. А сёння нярэдка даводзіцца бачыць жахлівую карціну — цэлыя стосы літаратуры знаходзяць свой апошні прытулак у брудзе на звычайным сметніку. Вядома, здараецца рознае: у некага паміраюць блізкія, пакідаючы дзясяткі кніг, якія ёсць і ў спадчынніка, нехта пераязджае ў новую кватэру, і для старой бібліятэкі там не знаходзіцца месца... Але ці нагода гэта так па-варварску «ўтылізаваць» літаратуру? Ёсць цэлы шэраг спосабаў, якія могуць не толькі даць вашым кнігам новае жыццё, а і папоўніць сямейны бюджэт.


Другасная сыравіна...

Пэўна, самы традыцыйны і звыклы шлях — здача ў макулатуру. Ён падыходзіць, напрыклад, для тых, хто не хоча валэндацца з асобнымі выданнямі. Толькі ў сталіцы дзейнічае амаль дзве сотні стацыянарных і мабільных нарыхтоўчых пунктаў (з поўным іх спісам можна азнаёміцца на сайце Мінгарвыканкама). Праўда, значных грошай на гэтым не зробіш.

Сярэдняя цана 1 кілаграма макулатуры вагаецца ў раёне дзесяці капеек.

Таму, калі кніг не так шмат, паездка ў нарыхтоўчы пункт можа быць немэтазгоднай нават з эканамічнага пункту гледжання — дзеля таго, каб «адбіць» два квіткі ў грамадскім транспарце, трэба здаць не менш за дзесяць кілаграмаў паперы. З іншага боку, у такіх месцах звычайна прымаюць не толькі макулатуру, а адразу цэлы комплекс адходаў: рыззё, пластык, шклабой і іншае.

Існуе таксама некалькі варыянтаў для тых, хто не хоча займацца самастойнай транспарціроўкай і мае сапраўды маштабныя аб'ёмы папяровых выданняў. Напрыклад, на сайце макулатура.бел жыхары Мінска і бліжэйшых населеных пунктаў могуць пакінуць заяўку на самавываз непатрэбных выданняў, ды яшчэ і па «царскім» кошце — ад 12 капеек за кіло. Праўда, арганізацыя патрабуе, каб аб'ём макулатуры быў не меншы за 200 кілаграмаў. На сайце paperstok.by цэны яшчэ вышэйшыя — ад 14 капеек, але прымаюць толькі ад 300 кіло.

Калі ж грашовы аспект вас зусім не хвалюе, то макулатуру можна ўтылізаваць пры дапамозе спецыяльных зялёных кантэйнераў — такія ўжо амаль паўтара года размяшчае ў спальных раёнах сталіцы ААТ «Белгіпс».

Галоўная «фішка» ў тым, што выкідаць у такія сметнікі можна абсалютна любыя папяровыя і кардонныя адходы — супрацоўнікі прадпрыемства самі займаюцца іх сартаваннем. Актуальныя кнігі пасля перадаюць у сацыяльныя ўстановы, астатняе адпраўляюць на перапрацоўку. Адзінае, аб чым просяць уласнікі кантэйнераў, — перавязваць ці ўпакоўваць выданні ў цэлафан, бо здараюцца выпадкі, калі нехта па няведанні ці злым намеры выкідае ў кантэйнеры рэчы, якія могуць сапсаваць літаратуру.

...або крыніца ведаў?

А вось калі кнігі для вас — не проста нарэзаная папера з надрукаванымі фарбай літарамі, то варыянтаў працягу іх жыцця некалькі. Самы бескарыслівы і сучасны — «вызваліць» літаратуру шляхам буккросінгу. Рух па перадачы прачытаных кніг іншым людзям з'явіўся 15 гадоў таму і ўжо перажыў свой пік, але дагэтуль застаецца папулярным. Ідэя ў тым, што гаспадар рэгіструе непатрэбную яму кнігу на сайце (у Беларусі гэта bookcrossіng.by), дзе яна атрымлівае спецыяльны нумар — BCІD, які трэба пазначыць на форзацы. Пасля гэтага выданне можна пакінуць у любым грамадскім месцы, дзе яе знойдзе іншы чытач, які пазней паўторыць працэдуру. А першапачатковы гаспадар зможа адсочваць яе падарожжа і нават знаёміцца з тымі, каму кніга трапіла ў рукі.

Мяркуючы па згаданым сайце, толькі цяпер у Мінску гэтак вандруе амаль тры тысячы выданняў. Але калі вы спыніцеся якраз на варыянце з буккросінгам, майце на ўвазе, што тэлефонныя даведнікі, падручнікі па гісторыі КПСС і іншыя кнігі падобнага кшталту наўрад ці будуць карыстацца папулярнасцю.

Калі ж расставацца з літаратурай бясплатна не хочацца, то вам прамая дарога ў букіністычныя крамы і аддзелы.

У такіх месцах кнігі ацэняць, выставяць на продаж, а пасля рэалізацыі частку прыбытку (звычайна 70%) аддадуць былому гаспадару. Праўда, возьмуць на гандлёвыя паліцы далёка не ўсё. Як нам патлумачылі ў букіністычным аддзеле Дома кнігі «Веды», ахвотным трэба папярэдне скласці спіс усёй літаратуры, якую яны хочуць прадаць, і прыйсці з ім у краму. Спецыялісты выберуць кнігі, у якіх ёсць шанц знайсці новага гаспадара, і толькі потым выданні прымуць да рэалізацыі. Кошт залежыць пераважна ад стану кнігі.

У першую чаргу ў букіністычныя аддзелы нясуць падпісныя шматтомныя выданні, за іх можна атрымаць больш-менш сур'ёзныя грошы.

Так, напрыклад, збор твораў Чэхава ў 12 тамах 1964 года ці 9-томнік Буніна 1965 года ў добрым стане забяруць за 15 рублёў, 5-томнік Сервантэса 1965-га пацягне ўжо на 20 рублёў, а за заўсёды папулярнага Заля ў 26 тамах 1960 года можна атрымаць і ўсе 50. З іншага боку, некаторыя кнігі, папулярныя ў СССР, але не вельмі цікавыя цяперашняй публіцы (аўтараў кшталту Новікава-Прыбоя), наўрад ці возьмуць у букіністычны аддзел. Адзіночныя выданні таксама прымаюць, але па меншых цэнах. Сярэдні кошт адной кнігі ў добрым стане — каля 2 рублёў.

Асобна можна весці размову пра антыкварную літаратуру. Калі раней мяжой, якая раздзяляла антыкварыят і старызну быў 1850 год, то цяпер гістарычную каштоўнасць набываюць нават кнігі, выдадзеныя да Вялікай Айчыннай вайны, сцвярджаюць у «Ведах». Калі ў вас раптам захаваліся непатрэбныя цікавыя кнігі пачатку мінулага стагоддзя — абавязкова варта паказаць іх спецыялістам у букіністычных аддзелах, бо за некаторыя можна атрымаць вельмі немалую ўзнагароду.

Апошні, але самы меркантыльны спосаб — продаж кніг праз інтэрнэт-аўкцыёны.

У такім выпадку вам не прыйдзецца дзяліцца грашыма з пасярэднікамі, але і займацца ўсімі пытаннямі давядзецца самастойна. Ці сур'ёзным будзе выйгрыш у грашах? Далёка не факт. Напрыклад, самая папулярная стартавая стаўка на выданні другой паловы мінулага стагоддзя — 50 капеек. Зноў жа, далёка не на ўсе такія лоты адгукаюцца пакупнікі. Затое новыя ці амаль новыя кнігі тут можна прадаць даволі выгадна — амаль па магазінных цэнах. Так, толькі 12 кніг з 25-томнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча 2012 года выстаўлены на продаж за 240 рублёў. 6 кніг з «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» ў 50 тамах — за 80. Пэўна, найвялікшым попытам на такіх пляцоўках карыстаецца ўжо згаданая антыкварная літаратура. Так, напрыклад, за псалтыр эпохі расійскага імператара Мікалая І у «прымальным» стане просяць 37 рублёў, за «Пачатковую алгебру» 1970 года — 50 рублёў, столькі ж за асобны 5 том слоўніка Бракгаўза і Эфрона 1891 года...

Што рабіць з непатрэбнай літаратурай — выбар кожнага. Але перад тым, як апошні раз зняць кнігу з паліцы, заўсёды варта праверыць яе на прадмет грашовых «укладаў». А яшчэ лепш — пагартаць старонкі і перапытаць сябе, ці сапраўды вы гатовы расстацца з тым, што некалі так дорага даставалася?

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Каментары

"Букініст" на праспекце зачыняецца на рамонт...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.