Вы тут

У Астраўцы адбылося выязное пасяджэнне калегіі абласной пракуратуры


Узмацненне адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў адбіваецца на дынаміцы гэтага віду злачынстваў, іх колькасць пачынае паступова зніжацца. Аб гэтым пракурор Гродзенскай вобласці Віктар МАРОЗАЎ паведаміў на выязным пасяджэнні калегіі абласной пракуратуры ў Астраўцы.


Істотна скрацілася колькасць непаўналетніх, якія стаяць на наркалагічным уліку праз ужыванне наркотыкаў. Работа па раскрыцці злачынстваў у гэтай сферы вядзецца паспяхова, у тым ліку з выкарыстаннем інэрнэт-тэхналогій. Агульнымі намаганнямі правахоўнікаў, работнікаў органаў адукацыі, камісій і інспекцый па справах непаўналетніх сярод падлеткаў удалося дабіцца значнага скарачэння злачыннасці (амаль на 40%).

У той жа час пытанні прафілактыкі п'янства сярод моладзі застаюцца нявырашанымі. У параўнанні з тым жа перыядам мінулага года з 732 да 807 узрасла колькасць людзей ва ўзросце да 18 гадоў, якія знаходзяцца на ўліку ў нарколага ў сувязі з ужываннем спіртных напояў, з 2 да 5 — падлеткаў з хранічным алкагалізмам. Прычым з гэтым цесна звязана і праблема бяспекі непаўналетніх, трагічных здарэнняў. У Воранаўскім раёне ад пераахаладжэння арганізма загінуў навучэнец каледжа К. Як устаноўлена праверкай, незадоўга да смерці падлетак ужываў спіртное.

Увогуле ад знешніх прычын у вобласці сёлета за першае паўгоддзе загінулі 11 дзяцей. А 9 чалавек сталі ахвярамі няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У Гродне вытворчы траўматызм павялічыўся ўдвая — з 8 да 16 здарэнняў. У аснове прычын — нізкая дысцыпліна працы, адсутнасць належнага кантролю за выкананнем работнікамі правілаў тэхнікі бяспекі.

У гэтай сувязі пракуратура прааналізавала стан прамысловай бяспекі на прадпрыемстве «Гродна Азот», дзе нядаўна падчас рамонту ў адным з цэхаў загінулі двое рабочых. Адпаведныя высновы разгледзелі на выязным пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры абласным выканаўчым камітэце. Адзначана, што прадпрыемства недастаткова інфармуе жыхароў абласнога цэнтра і прылеглых населеных пунктаў аб стане экалагічнай і санітарнай бяспекі на «Гродна Азоце». Праявілі пасіўнасць службовыя асобы абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якія на працягу ўжо пяці гадоў не праводзілі на прадпрыемстве планавыя і пазапланавыя праверкі выканання заканадаўства аб ахове працы. Камісія прыняла рашэнне ўзмацніць кантроль за станам прамысловай бяспекі, прыняць дадатковыя меры па ахове працы на прадпрыемстве «Гродна Азот». Своечасовасць выканання ўсяго, што павінны рабіць у гэтым кірунку, будзе пад пільным кантролем.

Вялікі грамадскі рэзананс сёлета атрымала праблема забруджвання паветра ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна з-за таго, што з парушэннямі прынялі ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці шклаваты на шклозаводзе «Нёман». У органы пракуратуры, аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, гігіены і эпідэміялогіі ад мясцовых жыхароў паступаюць шматлікія скаргі на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і наяўнасць непрыемнага паху ў населеным пункце. Паводле лабараторных даследаванняў Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у 80% замераў выявілі перавышэнне гранічна дапушчальных канцэнтрацый фармальдэгіду і аміяку — як на тэрыторыі прадпрыемства, так і ў жылой зоне. А неабходнае абсталяванне для ўлоўлівання шкодных выкідаў на шклозаводзе дагэтуль не ўстаноўлена.

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала прадстаўленне ў камісію па надзвычайных сітуацыях аблвыканкама, якое разгледзелі з выездам на шклозавод «Нёман». Вызначылі меры па зніжэнні шкодных выкідаў у атмасферу.

Яшчэ адно надзённае пытанне — бяспека састарэлых грамадзян. У студзені-лютым пракурорскія работнікі наведалі іх па месцы жыхарства і выявілі шматлікія парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, іншыя факты небяспечных умоў пражывання пажылых людзей, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання з боку мясцовых органаў улады. Па выніках разгляду прадстаўленняў, якія пракуратура накіравала ў раённыя і абласны выканаўчыя камітэты, 48 службовых асоб прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку траіх вызвалілі ад пасад.

Будзь у курсе

Факты прадастаўлення кіраўнікамі суб'ектаў гаспадарання ў органы статыстыкі несапраўдных звестак аб адсутнасці запазычанасці па заработнай плаце могуць абярнуцца сур'ёзнымі непрыемнасцямі. За скажэнне такой справаздачнасці сёлета асуджаны кіраўнік аднаго з праектных інстытутаў абласнога цэнтра.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Балявыя кропкі» правапарадку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».