Дакладней гэта зрабіла яе маці Алена Вепрынцава, калі збіралася ў лес у грыбы. Адышла ўсяго на 20 метраў ад сваёй дачы ў Палыкавічах і ўбачыла пад заваленымі ад нядаўняга бурану клёнамі перакапаную пляцоўку. Проста на паверхні ляжалі бітая чырвоная цэгла, рэшткі посуду і старадаўняй кафлі з надпісам «1852 год». Было відаць, што на гэтым месцы добра папрацавалі чорныя капальнікі. Жанчына хуценька патэлефанавала дачцэ, якая падняла на ногі археолагаў.
— Сама гісторык па адукацыі, а нават не здагадвалася, што жыву на тэрыторыі старадаўняга маёнтка, — усміхаецца завуч магілёўскай школы №34 Галіна Бяляева. — Ад таго, што я ўбачыла, хацелася плакаць. Ямы былі выкапаны ў розных месцах, глыбіня некаторых складала дзесьці каля паўметра. Да глыбіні сэрца абурыла тое, як па-зладзейску абышліся з культурным слоем зямлі, вывернуўшы на паверхню безліч каштоўных для навукі і нецікавых для прыватных калекцыянераў чарапкоў.
На месцы былога маёнтка пабывалі археолагі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова на чале з аспірантам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксеем Аўласовічам. Праводзіць даследаванні ім дапамагалі мабілізаваныя настаўніцай вучні 7-11 класаў школы №34 з ліку аматараў гісторыі роднага краю. Яны не ўпершыню ўдзельнічаюць у раскопках, маюць дыпломы алімпіяд і міжнародных конкурсаў па гісторыі і грамадазнаўстве.
Археолагі прыйшлі да высновы, што, мяркуючы па вялікай колькасці разбітага сталовага посуду, калісьці гэтая частка будынка з'яўлялася кухняй. Прычым гаспадары дома былі вялікімі аматарамі розных напояў. Аб гэтым сведчаць фрагменты піўной бутэлькі Франца Лекерта, які ў 1864 годзе адкрыў у Магілёве піваварны завод, керамічнай бутэлькі ад мінеральнай вады з кляймом герцагства Насау. Усё гэта ўскосна сведчыць, што маёнтак ужо існаваў тут у першай палове ХІХ стагоддзя. Археолагам яшчэ трэба будзе ўдакладніць, каму ён належаў. Але ў любым выпадку вучоныя змогуць даведацца шмат цікавага пра тое, як жылі заможныя жыхары Магілёўскай губерні ў пачатку пазамінулага стагоддзя.
Галіна Бяляева між тым упэўнена, што менавіта пра гэту сядзібу згадваў рускі акадэмік Васіль Севяргін, які ў 1802 годзе наведваў тутэйшыя мясціны з мэтай вывучэння Палыкавіцкай крыніцы. «Дарога туды з Магілёва ідзе палямі, а перад самымі Палыкавічамі трэба ехаць у цёмным паглыбленні, паміж двума пагоркамі, парослымі дубовым лесам. Па выездзе з гэтага месца леваруч відаць на ўзгорку дом мураваны. Дом гэты акружаецца з аднаго боку доўгім узгоркам у выглядзе амфітэатра. За адну вярсту па дарозе ад згаданага ўзгорка знаходзіцца мінеральная крыніца з вялікім утрыманнем у яе вадзе вуглекіслаты. Там жа знаходзіцца капліца», — пісаў вучоны ў сваіх падарожных «Запісках...» Прыкметы ва ўсякім разе супадаюць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.