Вы тут

Як у Клічаўскім раёне дэпутаты рэагуюць на звароты грамадзян?


Некаторыя лічаць, што звяртацца са сваімі праблемамі да дэпутатаў — бессэнсоўная справа. Ну чым яны дапамогуць? Асабліва ў глыбінцы, дзе лішніх грошай у бюджэце ніколі не было. Але ж насуперак усім гэтым меркаванням работа вядзецца. І, як высветлілася, не маленькая.


З гэ­тай ве­жы ха­це­ла­ся б зра­біць ска­лад­ром.

Дарогі — гэта боль

Часцей за ўсё мясцовых жыхароў турбуюць камунальныя пытанні і стан дарог. Калі не патрабуецца вялікіх грашовых укладанняў, праблемы ліквідуюцца хутка. У іншым выпадку даводзіцца абмяжоўвацца мінімумам. Звярнуліся неяк у райсавет маладыя матулі з просьбай стварыць умовы для адпачынку з дзецьмі. Грошай на гэта, вядома, няма, але не пакідаць жа такое важнае для гараджан пытанне без увагі. Цяпер гаспадарчым спосабам добраўпарадкоўваецца спецыяльная пляцоўка ў парку адпачынку.

Старшыня Клічаўскага райсавета Уладзімір Кніга паказвае будучае месца адпачынку. Тэрыторыя ўмоўна падзелена на 4 гульнявыя зоны, у кожнай сваё назначэнне.

У цэнтры будзе прыгожая вялікая клумба. Вакол яе з'явяцца лаўкі. Ужо зроблены альтанкі і дзіцячыя горкі.

За перыметрам тэрыторыі стаіць воданапорная вежа. Наконт яе наогул вялікія планы.

— Я прапанаваў зрабіць з яе скаладром, і мяне падтрымалі, — адкрывае сакрэт Уладзімір Кніга. — Праект удзельнічае ў конкурсе мясцовых ініцыятыў, спадзяёмся, што будзе рэалізоўвацца па лініі ПРААН. Хацелася б яшчэ зрабіць лыжаролерную трасу, ды пакуль на гэта не хапае грошай. Але з цягам часу тут будзе ўсё — і лыжаролерная, і траса для скейтборда, і многае іншае.

Наступны прыпынак робім каля дома Аляксея Федасеева па вуліцы Пушкіна. Калісьці блізу яго гаража стаяў драўляны «электрычны» слуп, які нічым яму не перашкаджаў. Але яго памянялі на жалезабетонны і паставілі якраз насупраць уезду ў гараж. Мужчына, пакуль можна было, мірыўся з такім суседствам. Але пасля таго, як купіў большую машыну, заехаць у гараж стала праблематычна. «Электрыкі» на яго звароты не рэагавалі. Галоўны інжынер наогул сказаў: плаціце — і мы зробім каштарыс. «А чаму я павінен плаціць за чыесьці памылкі? — абураецца Аляксей Уладзіміравіч. — Няўжо яны не бачылі гараж, калі мянялі слуп? У мяне ёсць дакументы, дзе напісана, што гэта капітальная пабудова стаіць тут з 1982 года. А слуп з'явіўся ў 1997 годзе». Справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі пасля звароту да дэпутатаў.

— А наогул работа дэпутатаў прыкметная? — пытаюся.

— Не ўсё у іх сілах, але ж яны не адмахваюцца, як некаторыя. Дарожныя ямы ў суседнім завулку залаталі — таксама з іх падачы. Хацелася б яшчэ, каб на нашай вуліцы Пушкіна асфальт памянялі. А то ён яшчэ з савецкіх часоў ляжыць. Перад самім Пушкіным нават сорамна. Два кіламетры асфальту ўсяго. А то пыл пастаянны, пясок...

— Мы гэта ўсё ведаем, — кажа Уладзімір Кніга. — Але зразумейце і нас. Вунь жыхары вуліцы Маладзёжнай звяртаюцца, каб прагрэйдзіравалі дарогу, хоць у іх па праекце быў прадугледжаны асфальт. Толькі грошай на яго не хапіла. Вуліца Калініна ў такім жа стане. А насупраць яе пасёлак ў гонар 50-годдзя Перамогі, куды пасля дажджоў пад'ехаць немагчыма. Дарогі — гэта боль усіх. Хочацца, каб яны былі ўладкаваныя, але дзе ўзяць грошы?

Яшчэ адзін жыхар Клічава Марат Храмянок жыве на вуліцы Магілёўскай. Балючае пытанне для яго таксама з разраду «дарожных». Пасля дажджу гравійка становіцца непралазнай. І тады ён тэлефануе дэпутатам, каб яе прагрэйдзіравалі. «Не было такога, каб мне адмовілі, — кажа ён. — А старшыня райсавета наогул чалавек слова. Калі нешта паабяцаў, можна не сумнявацца — выканае».

 

Праблемы падштурхоўваюць

Свята вельмі дапамагае навесці парадак у асобна ўзятым населеным пункце. Сёлетнія «Дажынкі» ў раёне трэція па ліку. Першыя прайшлі ў Максімавічах, другія — у аграгарадку Нясята, цяпер выбралі Бацэвічы. Аграгарадок якраз знаходзіцца на рэспубліканскай трасе і трэба, каб выглядаў годна.

— Шмат чаго зроблена падчас раённага і рэспубліканскага суботнікаў, — кажа Уладзімір Кніга. — Тут працавала шмат арганізацый — выразалі кустоўе, добраўпарадкавалі могілкі, закінутыя ўчасткі. Цяпер працягваем займацца зносам спарахнелых дамоў.

Здалёк відаць аранжавы экскаватар Івана Шаўчонка з ПМК №89 «Вадбуд» , які наводзіць парадак на адной з такіх пляцовак. На чарзе вуліца Ленінская, а потым Успенская.

Знесці дом не праблема, цяжэй знайсці яго гаспадара і дамовіцца наконт будучага непатрэбнай яму нерухомасці. Дэпутаты займаюцца гэтым ушчыльную. Толькі ў Бацэвічах сёлета перадалі тутэйшай гаспадарцы «Бацэвічы-Агра» больш за 10 гектараў зямлі, вызваленай ад былых домаўладанняў. І працэс працягваецца.

Тыя участкі, якія нельга далучыць да гаспадаркі, раённыя ўлады паспрабуюць прадаць праз аўкцыён. Магчыма, імі зацікавіцца прыватны бізнес. У безграшоўя ёсць і свае плюсы. Яно падштурхоўвае людзей быць ініцыятыўнымі. Седзячы склаўшы рукі, не разбагацееш. Цяпер у аграгарадку паспяхова працуе прадпрыемства «Элефант», якое займаецца дрэваапрацоўкай. Гэта і дадатковыя працоўныя месцы, і падаткі ў раённы бюджэт. Дарэчы, дзякуючы прадпрымальнікам Клічаў сёлета не застаўся без феерверку на Дзень Незалежнасці. Абышлося гэта ім у 18 мільёнаў.
Але 6 хвілін былі запамінальнымі.

Насельніцтва ж добраўпарадкоўвае тэрыторыю вакол сваіх дамоў. На жаль, не ўсе робяць гэта ахвотна. Пейзаж псуюць перакошаныя агароджы.

— Некаторыя пенсіянеры адмаўляюцца нешта рабіць, спадзяюцца на нас, — кажа старшыня райсавета. — А калі пытаемся, чаму дзеці не дапамагаюць, разводзяць рукамі: ім самім няма калі. Але ж гэта не апраўданне.

Свае карэктывы ўносіць і надвор'е. Над раёнам пранёсся такі моцны ўраган, што пазрывала дахі з малочнатаварных фермаў. Зноў незапланаваныя выдаткі.

Аляксей Федасееў паказвае той самы слуп.

Раней было прасцей

Калі гараджан больш турбуюць дарогі, то для сельскай мясцовасці пытанне №1 — аварыйныя дрэвы.

— Летась да зімы знеслі па заяўках 36 дрэў, — сведчыць старшыня Бацэвіцкага сельсавета Ганна Муха. — Людзі ўсю зіму нас добрым словам успаміналі. У лютым такая бура была з ледзяным дажджом — жах. Яшчэ страшней падумаць, што магло б здарыцца, калі б мы не прыбралі тыя аварыйныя дрэвы.

Здараюцца ў сельсавеце і такія выпадкі, калі жыхары не скардзяцца, а бяруць ініцыятыву ў свае рукі. Старшыня сельсавета ставіць у прыклад Надзею Каламейцаву з Бацэвіч — вельмі актыўная стараста. Яна не толькі арганізавала збор сродкаў на фарбу для агароджы мясцовых могілак, але і знайшла аднадумцаў, каб яе пафарбаваць. У суседніх Любічах таксама не трэба было прымушаць людзей збіраць грошы для афарбоўкі агароджы на могілках.

— Раней, калі афіцыйна існаваў такі від плацяжу, як самаабкладанне, было прасцей займацца добраўпарадкаваннем, — прызнаецца Ганна Муха. — Але некалькі гадоў таму яго адмянілі. Цяпер, каб вырашыць пытанне з добраўпарадкаваннем, кожны раз трэба шукаць нейкае выйсце. Хоць у савецкі час такі плацеж таксама існаваў. У пагаспадарчых кнігах усё распісана: колькі сабралі, куды патрацілі.

— Наколькі сёння складана быць дэпутатам? — пытаюся ва Уладзіміра Кнігі, калі мы вяртаемся зноў у Клічаў.

— Вядома, складана, — не хавае ён. — Раённы бюджэт у параўнанні з мінулым годам скарацілі на 21 мільярд недэнамінаваных рублёў, напружанасць на рынку працы ўзрасла і скарацілася колькасць мясцовых падаткаў. Усё гэта накладае адбітак на пытанні добраўпарадкавання. Нам яшчэ цяжка і таму, што ў нас самы нізкі кошт гігакалорыі па вобласці. І мы менш за астатніх атрымліваем датацыю на кампенсацыю затрат, звязаных са спажываннем вады. Падняць цану немагчыма, бо сёння існуе патрабаванне зніжаць сабекошт вытворчасці.

Нэлi ЗIГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чым зможам, дапаможам...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.