Вы тут

У чым сакрэт добрага ўраджаю?


Вольга і Аляксей Цывісы жывуць у аграгарадку Беражное, што на Століншчыне. Не першы год сям'я займаецца вырошчваннем агародніны, якая ідзе не толькі на ўласны стол, а і на продаж.


Аляксей — мясцовы, а вось Вольга — з Ганцаўшчыны, дзе нарадзілася і вырасла. Пасля разам з мужам вучыліся ў Пінску. Атрымалі дыпломы настаўнікаў фізічнай культуры, а потым на некаторы час іх разлучыла размеркаванне. Але вось ужо сем гадоў сям'я жыве ў Беражным, выхоўваюць дачушку Дашу.

Цывісы ўдала сумяшчаюць работу ў школе (Вольга) і мясцовым СВК (Аляксей) з работай на сваім прысядзібным участку. Ні для кога не сакрэт, што свайго жылля з зарплаты не прыдбаеш, таму даводзіцца круціцца. Цяпер муж і жонка будуюць уласны дом.

Ужо не першы год у парніках Вольгі і Аляксея растуць агуркі і таматы. Таматы — гэта асаблівае захапленне гаспадыні, у яе свая тэхналогія, якую назапасіла з гадамі. Штогод ужо ў чэрвені таматы паспяваюць у парніках. У канцы чэрвеня пачынаецца масавая здача чырвоных прыгажуноў. Штодня Вольга Цывіс выпраўляецца ў парнік, дзе ў яе ідэальная чысціня. Таматы — вялізныя, прыгожыя — не хаваюцца за вялікімі лістамі, а выстаўляюць свае бакі сонцу.

— Старанна абразаю лісты і ўсе «пасынкі», — дзеліцца тэхналогіяй гаспадыня. — Калі таматы падрастаюць да дроту, то апускаю ніз кожнай расліны, каб ляжала на зямлі, а верх — зноў падвязваю. Гэта дае магчымасць сабраць большы ўраджай.

Штогод 6 верасня Вольга Цывіс адшчыпвае вярхушкі сваім гадаванцам. З іх ужо нічога не вырасце, а трэба даць магчымасць даспець тым памідорам, якія завязаліся. Некалькі гадоў назад прымалі ўдзел у эксперыменце па апыленні таматаў чмялямі.

— Цяпер я сама, як тая пчолка, штодня з 10 да 11 абавязкова прыходжу ў цяпліцу і палачкай б'ю па дроце, да якога падвязаны таматы. Вось так і апыляю, — выдае яшчэ адзін «сакрэцік» Вольга.

Гадоў сем таму спрабавалі таматы прышчэпліваць. Вырошчвалі асобна прышчэпы і сартавыя. На прышчэпы — таматы з моцнай каранёвай сістэмай — прышчэплівалі сартавыя. Тады гэта быў гібрыд «Ралі». Але ніякіх дзіваў эксперымент не прынёс. Таму зноў вырошчваюць таматы звычайным спосабам.

Любоў да памідораў Вольга пераняла ад бацькі. Той кожны год вырошчвае самыя розныя іх гатункі.

А сёлета Вольга Цывіс прымае ўдзел у эксперыменце па вырошчванні ў закрытым і адкрытым грунце перцаў. Эксперымент праводзіцца ў рамках праекта ЕxNet (Сетка агароднікаў Століншчыны), што рэалізуецца Цэнтрам сельскага развіцця. У закрытым грунце на плошчы ў 3 соткі перцы вялікія і прыгожыя. На вуліцы яны значна слабейшыя: пахаладанні пакідаюць свой адбітак.

Яшчэ летась гаспадары прымалі ўдзел у эксперыменце «Амінакіслотныя ўгнаенні на тамаце», які праходзіў у рамках таго ж праекта.

— Эфект было відаць адразу, калі таматы толькі пачыналі расці. Тыя, што без амінакіслот, былі значна слабейшымі, — дзеліцца Вольга Цывіс.

Добра спраўляецца сям'я і з вырошчваннем агуркоў. Заўжды да маразоў збіраюць добры ўраджай. Гляджу на парадак і чысціню, якая пануе ў цяпліцах, і разумею, што не толькі ў добрым веданні тэхналогіі вырошчвання, а і ў клопаце, любові да справы сакрэт добрага ўраджаю.

Эксперыментаў па вырошчванні гародніны ў Цывісаў было шмат. Акрамя пералічаных, вырошчвалі пекінскую капусту ў другім севазвароце.

— У той год наша капуста вырасла па два кілаграмы кожны качан. Вывозілі оптам у Пінск — прадаўцы з радасцю забіралі, — расказвае гаспадыня.

Збываць пекінскую капусту спрабавалі па-рознаму. У хляве ставілі печкі, каб ацяпляць сцірты гародніны — так і захоўвалі яе да Новага года, калі цана вышэйшая. У першы год, сабраўшы ўраджай, кожны качан адразу запакавалі ў плёнку. Але больш так не робяць, бо капуста псуецца хутчэй. Цяпер захоўваюць адразу без упакоўкі, а перад продажам пакуюць.

Сёлета пасля таго, як з расадніцы ўсё было высаджана, у ёй пасеялі радыску. Мелі таксама неблагі ўраджай. Плануюць і ў наступным годзе гэтак жа зрабіць.

Таццяна СЕГЕН

Загаловак у газеце: Сакрэт добрага ўраджаю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».