«У сучасных умовах надзвычай важныя як канструктывізм у рабоце парламента, так і адэкватны адказ заканадаўцаў на ўнутраныя і знешнія пагрозы нашым нацыянальным інтарэсам», — заявіў у інтэрв'ю «Звяздзе» Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
Роўныя магчымасці і складнікі даверу
— Уладзімір Паўлавіч, адна з тэм, якія цяпер знаходзяцца ў цэнтры грамадскага абмеркавання, — парламенцкія выбары. Як вы мяркуеце, хто з кандыдатаў у дэпутаты можа трапіць у новы склад парламента?
— Той, каго выбаршчыкі добра ведаюць як прафесіянала і аўтарытэтную асобу па рэальных справах у выбарчай акрузе і па прымальнай для іх палітычнай пазіцыі, хто выклікае давер і належным чынам падрыхтаваўся да выбарнай кампаніі.
— Аналітыкі на некаторых інтэрнэт-сайтах гадаюць: ці пусцяць у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучэнцаў ад апазіцыйных партый?
— Што значыць «пусцяць»? Каму быць дэпутатам, вызначаюць выбаршчыкі, і толькі яны даюць такую санкцыю. Калі нехта лічыць сваю апазіцыйнасць заслугай, вартай аўтаматычнага залічэння ў склад дэпутатаў парламента, то ён памыляецца. Ва ўсіх кандыдатаў у дэпутаты роўныя магчымасці для ўдзелу ў перадвыбарнай кампаніі. Я не сумняваюся, што выбары пройдуць дэмакратычна, свабодна, у адпаведнасці з нашым нацыянальным заканадаўствам, як і належыць.
— Па звестках Цэнтрвыбаркама, чакаецца канкурэнцыя саіскальнікаў дэпутацкага мандата.
— У выбаршчыкаў будзе магчымасць параўнаць праграмы кандытатаў у дэпутаты, зрабіць свой вывад пра іх здольнасць займацца заканадаўчай дзейнасцю і аказваць выбарчай акрузе рэальную дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем.
— Што вы маеце на ўвазе пад здольнасцю да заканадаўчай дзейнасці?
— Калі гаварыць коратка — высокую кампетэнтнасць, жыццёвы вопыт, веданне задач і прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, уменне праецыраваць іх на канкрэтныя сітуацыі і прапаноўваць карысныя ідэі, зыходзячы з ведання паўсядзённых клопатаў і турбот простых людзей. А яшчэ — пастаяннае ўзаемадзеянне з мясцовай уладай. Усё гэта з'яўляецца асновай для творчай, глыбока прафесіянальнай работы ў парламенце.
Рэсурс для руху наперад
— Ёсць даўняе выказванне, што заканадаўства павінна адпавядаць уласцівасцям народа. На ваш погляд, якія ўласцівасці беларусаў як нацыі з'яўляюцца галоўнымі і якім чынам яны адлюстроўваюцца ў дзейнасці Палаты прадстаўнікоў?
— Такія ўласцівасці — вялікая працавітасць, патрыятызм і міралюбства. Гэта, я сказаў бы, п'едэстал нацыянальнага характару. Агульнавядома, што даволі працяглы час у асяроддзі апанентаў дзяржаўнай улады спадзяваліся на рэалізацыю пры правядзенні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў знешніх сцэнарыяў, але надзеі аказаліся марнымі. Чаму? Таму што Прэзідэнт, урад, парламент і ўся ўлада прадэманстравалі здольнасць прымаць рашэнні, якія пазітыўна адбіваюцца на самаадчуванні народа, нягледзячы на існуючыя эканамічныя праблемы. У заканадаўстве ўвасабляюцца грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы, у тым ліку эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя, міжнародныя, заснаваныя на рэальных патрэбах краіны, як сённяшніх, так і перспектыўных. Менавіта ў гэтым сутнасць законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў цяперашняга склікання. Прычым па ўсіх сегментах прававого поля.
— Як вы думаеце, Уладзімір Паўлавіч, наколькі магчыма Беларусі выстаяць, утрымацца ў такім вірлівым, імкліва плынным, жорстка канкурэнтным сённяшнім свеце? Што можа зрабіць для гэтага парламент?
— У нашай краіны ёсць інтэлектуальны, вытворчы, грамадскі і палітычны, ды і духоўны рэсурс, для пераадолення ўсіх сённяшніх цяжкасцяў і далейшага руху наперад. Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт, мы павінны не толькі выстаяць, а сканцэнтравацца на пытаннях стратэгічнага значэння, канкурэнтаздольнасці эканомікі, аптымальных умоў яе эфектыўнага, устойлівага развіцця, замацавання нашага экспарту на перспектыўных рынках. Гэта перш за ўсё пытанні інавацый, новых вытворчых тэхналогій, інвестыцый, павышэння прадукцыйнасці працы, нарошчвання выпуску высакаякаснай, запатрабаванай у свеце прадукцыі, пра што гаварылася на пятым Усебеларускім народным сходзе. Вызначаныя ім задачы абсалютна рэальныя. Трэба толькі дзейнічаць, кожнаму на сваім рабочым месцы, бо ўсе мы, незалежна ад справы, якой займаемся, працуем на краіну, на наш дабрабыт.
Спатрэбяцца і новыя заканадаўчыя рашэнні. Таму вельмі важна, каб будучы парламент быў здольны панесці сваю ношу з усёй адказнасцю і разуменнем сваёй кансалідуючай ролі ў грамадстве. Кажу гэта не толькі па пасадзе і парламенцкім вопыце, але і як грамадзянін Беларусі, зыходячы з вядомых усім нам сучасных пагроз нацыянальнай бяспецы. Калі не зберажом мір і стабільнасць у краіне, то яе развіццё стане проста немагчымым. Нестабільнасць зробіць краіну безабароннай. Вось пра што павінны думаць тыя, што лічаць сябе мэтрамі грамадзянскай самаарганізацыі.
Аснова аб'ектыўнай селекцыі
— Законы праваахоўнай тэматыкі і па пытаннях бяспекі, якія прымаюцца парламентам, вашы апаненты найчасцей падвяргаюць крытыцы. Як вы гэта патлумачыце?
— Няма, бадай, ніводнага рэзананснага закона, які б падабаўся ўсім. Гэта нармальна. Мы паважаем разнастайнасць думак і меркаванняў і па названай тэматыцы, бяром іх пад увагу. Аднак лічым сваім абавязкам ствараць юрыдычны механізм, які ўмацоўвае абараназдольнасць краіны, дапамагае змагацца са злачыннасцю ва ўсіх яе праявах, папярэджваць проціпраўныя дзеянні, гарантаваць бяспеку грамадзян і грамадскі парадак. Хто, як не дзяржава, павінна гэта зрабіць? Аслабленне ў пытаннях нацыянальнай бяспекі ні да чаго добрага не прыводзіць і становіцца крыніцай разрастання канфліктаў. Паглядзіце на падзеі ў блізкім нам замежжы і некаторых краінах Еўропы.
— Што ж важней — бяспека ці дэмакратыя?
— Вышэйшыя каштоўнасці — бяспечнае жыццё чалавека і, падкрэсліваю, права народа на дастойнае жыццё. З гэтага пачынаецца і ствараецца сапраўды моцная, дэмакратычная дзяржава. Гэта дзяржава, якая не аддзелена ад людзей, дзе ўлада поўнасцю валодае сітуацыяй у грамадстве, а ў сваёй унутранай і знешняй палітыцы і ў законах рэалізуе тое, што адпавядае грамадскаму запыту і задачам развіцця краіны. Такую дзяржаву Беларусь і будуе. У мяне няма сумненняў у тым, што менавіта таму на ўсіх выбарах наш народ аб'ектыўна і дакладна праводзіць палітычную селекцыю.
— Вашы пажаданні новаму складу парламента?
— Канструктыўнай, плённай працы. Наказы выбаршчыкаў трансфармаваць у канкрэтныя дэпутацкія справы і ў законапраекты. Заўсёды памятаць, з чаго складаюцца адказнасць парламентарыя, спакой, парадак і стабільнасць у краіне.
Аляксандр ФІЛІМОНАЎ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.