Вы тут

Як зменшыць пагрозу з боку джаланосных насякомых


Жнівень і верасень — час, калі вельмі моцна актывізуюцца джаланосныя насякомыя. Восы, шэршні, пчолы пачынаюць дурэць і чапляцца да людзей. Скончыцца гэта можа трагічна з-за імклівай алергічнай рэакцыі. Па статыстыцы, яна развіваецца ў 1-2% уджаленых людзей. Але ёсць спосабы зменшыць верагоднасць магчымай атакі ў свой адрас з боку перапончатакрылых. Якія ж? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з прэс-сакратаром Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталём Дэмбоўскім.


Калі гаспадар недаглядзеў...

Першая ж думка, якая ўзнікае ў людзей, у чыіх дамах пасяліліся небяспечныя суседзі, — гэта патэлефанаваць па нумары 101. Але супрацоўнікі МНС нагадваюць: на дапамогу яны прыйсці гатовы, аднак барацьба з насякомымі не заўжды ўваходзіць у іх прамыя абавязкі.

— На ліквідацыю гнязда мы неадкладна адпраўляемся тады, калі існуе прамая пагроза жыццю і здароўю людзей, — гаворыць прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі. — Напрыклад, перапончатакрылыя пасяліліся на тэрыторыі дзіцячых садоў, школ, бальніц. Або хтосьці разварушыў гняздо. Або ў кватэры ці доме знаходзяцца малыя дзеці, а бацькі не могуць трапіць дадому з-за таго, што дарогу перакрылі небяспечныя насякомыя. Калі ж насельнікі гнязда наўпрост не пагражаюць, то трэба звяртацца ў арганізацыю, якая абслугоўвае дом. Між іншым: калі перапончатакрылыя завяліся ў месцах агульнага карыстання шматпавярховага дома, то прыбяруць іх гняздо за кошт абслугоўваючай арганізацыі.

Як ухіліцца ад атакі?

Болей за іншых джаланосных насякомых на тэрыторыі Беларусі распаўсюджаны восы. Ёсць некаторыя прафілактычныя захады, якія дапамогуць зменшыць верагоднасць непажаданага рандэву з патэнцыйным агрэсарам.

— Папяровыя восы ўяўляюць небяспеку толькі ў непасрэднай блізкасці ад гнязда, — працягвае Віталь Дэмбоўскі. — Адзінкавыя восы карыстаюцца джалам дзеля абароны ад чалавека і першымі атакуюць рэдка. Менавіта таму трэба быць максімальна асцярожным у тых месцах, дзе могуць пасяліцца небяспечныя насякомыя. Гэта расліннасць, якая цвіце, і месцы ападу садавіны. Калі вы ўбачылі гняздо, то да яго ні ў якім разе набліжацца не трэба.

Восы валодаюць дрэнным слыхам, але да вібрацыі цвёрдага цела яны вельмі адчувальныя. Таксама трэба быць гатовым да няпрошаных гасцей жоўта-чорнага колеру, калі вы робіце варэнне ці п'яце на вуліцы фруктовыя сокі. Цікава, што восы найбольш «любяць» жоўты колер. Таму не варта пры рабоце на прысядзібным участку апранаць яркую вопратку. Насякомыя таксама вельмі адчувальныя да арганічных рэчываў з групы складаных эфіраў і спіртаў, якія масава ўжываюцца ў парфумернай прамысловасці. Таму духамі і адэкалонам у гэты час трэба карыстацца максімальна асцярожна.

А што рабіць, калі рой вос абысці далёка ніяк не атрымліваецца? У такім выпадку лепш прыкрыць цела па максімуму. А галаўны ўбор проста незаменны. Трэба таксама ўважліва сачыць за тым, што вы ясце. Здараліся выпадкі, калі людзі незнарок разам са слівай ці чарэшняй адпраўлялі ў рот і асу, якая сядзела на фрукце. Насякомае джаліла ў слізістую абалонку, што імгненна прыводзіла да ацёку тканак і асфіксіі.

А калі вы незнарок патрывожылі гняздо з восамі, застаецца толькі адно: тут жа прыкрыць чымсьці галаву і зараз жа даваць драла. Марудзіць ні ў якім разе нельга: шматлікія ўкусы могуць выклікаць анафілактычны шок, які за лічаныя хвіліны прывядзе да смерці.

Аперацыя «Ліквідацыя»

Знайсці і выдаліць гняздо — найлепшы спосаб барацьбы з імі. Няма насякомых — няма і праблем. Але перш чым адпраўляцца на гэтую справу, трэба сур'ёзна падрыхтавацца. Экіпіроўка мусіць быць такой, каб не засталося ніводнага адкрытага ўчастка цела. Для гэтага лепш за ўсё падыдуць касцюм са шчыльнай тканіны, трывалыя пальчаткі і гумавыя боты. Галаву лепш абараніць двума «бар'ерамі» — кепкай, а наверх яе апрануць капялюш пчаляра з абарончай сеткай.

— Прыбіраць гнёзды лепш за ўсё глыбокай ноччу, — раіць Віталь Дэмбоўскі. — У гэты час усе восы сям'і знаходзяцца там. Менавіта таму верагоднасць падвергнуцца атацы насякомых, якія лётаюць на здабычу ежы, мінімальная. Паколькі ў гняздзе, як правіла, уваход толькі адзін, то задачу моцна аблегчыць класічны атрутны аэразоль кшталту «Дыхлафоса». Трэба ўзяць поліэтыленавы пакет, які па памерах перавышае гняздо, напоўніць яго аэразолем аб'ёмам 150—200 мілілітраў, надзець на гняздо і як мага больш шчыльна прыціснуць да яго сценак. Калі гудзенне сціхне, праз некалькі хвілін зрэзаць гняздо вострым нажом і закапаць у зямлі.

Першая дапамога

— Шэршні лічацца самымі небяспечнымі з тых насякомых, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі, — гаворыць Віталь Дэмбоўскі. — Таксічная рэакцыя ў чалавека ўзнікае, калі яго адначасова ўджаляць некалькі насякомых. Адзначаліся выпадкі, калі да смерці прыводзіў усяго адзін ці два ўкусы. Гэта звязана з тым, што шэршань уводзіць пры джаленні вельмі вялікую порцыю атруты. Прычым трапіць на гняздо шэршняў неспадзявана можна нават у лесе: гэтыя насякомыя робяць гнёзды ў зямлі.

Навукоўцы адзначылі, што да атруты больш успрымальныя жанчыны і дзеці. Цікава, што алергічная рэакцыя на атруту ўзнікае ў 1-2% людзей незалежна ад таго, колькі перапончатакрылых іх уджаліла — адно ці некалькі. Яна ўзнікае вельмі хутка. Яе прыкметы — моцны ацёк, павышэнне тэмпературы, галаўны боль, ваніты, бледнасць. У такім разе неабходна як мага хутчэй даць пацярпеламу антыгістамінны сродак і тут жа тэлефанаваць па нумары 103.

Пры ўкусе нельга душыць насякомае, якое ўджаліла вас. Пры смерці або раненні яны вылучаюць рэчывы, якія прыводзяць рой у агрэсіўны стан. Калі побач знаходзіцца вялікая колькасць падобных насякомых або гняздо, вы можаце зазнаць масавую атаку. Нельга таксама і расціраць месца ўкусу. Гэтым вы толькі пагоршыце становішча, распаўсюджваючы атруту ў суседнія тканкі. Таму нельга і націскаць на месца ўкусу, спрабуючы выняць джала. Рабіць гэта можна толькі пінцэтам. Калі гэта зрабіць не ўдалося, трэба звярнуцца да ўрача. Таксама трэба прадэзынфіцыраваць месца ўкусу. Зняць боль дапаможа чайная лыжка солі, разведзеная ў шклянцы вады. Боль ад укусу і ацёк трымаюцца звычайна да 4 гадзін, але могуць захоўвацца і на наступны дзень. Калі і за гэты час ацёк не знік, трэба ісці да дактароў...

Не ўсё так дрэнна?

Зрэшты, трэба сказаць некалькі слоў і ў абарону вос. Яны харчуюцца лічынкамі, вусенямі, насякомымі і дзякуючы гэтаму моцна зніжаюць колькасць шматлікіх шкоднікаў у садзе. У адрозненне ад пчалы, яны джаляць толькі тады, калі бачаць у чалавеку пагрозу. Менавіта таму, калі гняздо вос знаходзіцца даволі далёка ад месцаў магчымага кантакту з чалавекам, яго пажадана захаваць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Лятаючая пагроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».