Вы тут

Як быць дворнікам, дызайнерам і арнітолагам, ведае Валянціна Аксючыц


Двор­нік са ста­жам і ак­тыў­най жыц­цё­вай па­зі­цы­яй  Ва­лян­ці­на Ак­сю­чыц ра­зам з му­жам і ка­ле­гам Ана­то­лем.

— Проста цуд! Ну проста цуд нейкі. Кожны год у адзін і той жа дзень яны пачынаюць паміж сабой таўчыся. Б'юцца насмерць, ірвуць адна адну на шматкі.

— Ды хто «яны», Валя? Пра каго размова?

— А птушкі. Хіба ж не разбудзілі?

— Яшчэ як. Думаў, каты птушанят крадуць.

— Гэта ж заўсёды ў адзін дзень вароны выкідваюць сарок з гнёздаў. Летась таксама так было. А тыя абараняюць іх, як Брэсцкую крэпасць.

— От, развялі птушнік у двары...

— А то яны вельмі пытаюцца. Наляцела з парку Горкага — процьма, — махнула рукой Валя і пабегла па сваіх бясконцых справах.

Першы раз бачу, каб дворнічыха была яшчэ і такім уважлівым арнітолагам. Калі толькі паспявае? Стаіць карчом, пальцамі паўдня вышчыпвае траву паміж пліт тратуара, а сама краем вока паглядае на кусты бэзу ці маладыя дрэўцы невядома якой пароды пад вокнамі «хрушчовак», на якіх птушкі вядуць свой рэй. Птушынае жыццё ёй цікавае.

Хуценька раскідала па паштовых скрынках у пад'ездах «жыроўкі». Падгрэбла скошаную мужчынамі траву на газонах. А затым яе густа-зялёны новы халацік перамяшчаецца на клумбы пад балконамі ўжо дзевяціпавярховіка. І нешта там наш дызайнер папраўляе, дасаджвае, праполвае, прыхарошвае, палівае... Сама тых клумбаў нарабіла, ніхто не загадваў, на Камароўку па насенне ездзіла. Сама на іх і душыцца, ніхто асабліва не памагае. Гэта зімой Толік, муж, — ён у суседнім двары гаспадарыць, ёй пасабляе, на снег выходзіць і сына прывядзе. Снег — справа цяжкая. А вясной і ўлетку часцей адна.

У сваю чаргу і яна Толіку паможа. Пайшоў той у адпачынак — Валя за мяцёлку і ў яго двор. «Там таксама людзі жывуць».

Кветкі на клумбах у яе цвітуць ад ранняй вясны да снегу. Настурцыя, гартэнзія, турэцкая гваздзіка, лаватэра і «дэмакратычныя» аксаміткі. Стары чамадан сярод клумбы паставіла, туды зямлі насыпала і таксама кветак насадзіла. На даволі моцным карлікавым дрэўцы на ўзроўні грудзей «расце» вазон з жывым яркім букетам. І стары плецены кош поўніцца кветкамі. Вецер непадалёку гуляе з шырокімі лістамі папараць-кветкі... Нішто сабе атрымалася, арыгінальна. Адным словам, дызайнер-аматар.

Такое ўражанне — чалавек на заводзе раней працаваў-працаваў (бо хватка заводская адчуваецца), пакуль не засумаваў па свежым паветры. Усё правільна, толькі не на заводзе, а ў паліграфічнай вытворчасці — у цэху буйнейшага мінскага выдавецтва «Беларускі Дом друку». Працавала, пакуль доктар Кутавая (дарэчы, жонка Барыса Кутавога, на той час — генеральнага дырэктара таго самага выдавецтва, дзе і наша «Звязда» друкуецца) не параіла змяніць занятак. Бо шум друкарскіх машын пачаў элементарна наганяць ціск.

...Часам на яе злуюся. У шэсць гадзін яшчэ і спаць ахвота, а яе высокая жалезная цялежка з смеццем грыміць пад вокнамі — самы лепшы будзільнік. Субота ці нядзеля — аднолькава грыміць. Калі б быў рацыяналізатарам, абавязкова прыдумаў бы Валянціне «тачанку» на гумавай хадзе.

У двары нашым харошыя людзі жывуць. Гэта я не толькі пра сябе любімага. Перш за ўсё пра Людмілу Бржазоўскую, знакамітую прыму-балерыну і настаўніцу новых балетных зорачак. Тут і модны архітэктар, і былы спікер парламента, а некалі жыў і тагачасны кіраўнік урада. І яе работай усе задаволены, а гэта, калі хочаце, знак якасці той самай рабоце.

Як недарэчнасць успрымаецца паніка, што прайшла па доме напрадвесні, — скарачаюць нашу Валянціну. Адзін пад'езд у знак пратэсту напісаў пісьмо ў домакіраўніцтва. Другі таксама нешта пісаў, але, здаецца, вышэй. Усе — хто пісаў ці не, раптам зразумелі: вось пашанцавала нам больш за 20 гадоў назад з дворнікам, і ўсё. А пойдзе Валя на заслужаны — іншай такой ніхто нам не прышле. Сёння ў двары і пад'ездах парадак. Вы калі-небудзь бачылі, каб у 9-павярховым доме на пяць пад'ездаў і навокал быў парадак? Бо — глядзіць, не лянуецца, усе свае выхадныя (!) дні тут праводзіць з мятлой у руках. А іншая наўрад ці будзе так шчыраваць за сціплыя дворнікавы грошы. І невыпадкова ў апошнія дні чэрвеня прыязджала здымачная група СТВ, здымала і паказала па тэлебачанні сюжэт пра Валянціну Аксючыц. Бо наш двор дзякуючы яе старанням вельмі няблага выглядаў на гарадскім конкурсе, дыплом Валі ўручылі. Шмат добрых слоў сказалі пра яе жыхары дома ў камеру.

І калі пайшла тая гамана пра скарачэнне, то раптам даведаўся: па просьбе пляменніка, які жыве ў Гродне, даглядае наша Валя ў суседнім пад'ездзе нямоглую жанчыну, у якой сваіх дзетак няма. От як.

Ну, у домакіраўніцтве таксама разбіраюцца ў людзях. Валя пагамоніць-пагамоніць, а ў яе спрэс чысціня, і начальства гэта любіць. Адным словам, прадоўжылі кантракт нашаму арнітолагу. То і нам спакайней.

А ў вас ёсць такая Валянціна-гаспадыня?

Уладзімір БЯРЭЗІН,

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?