Вы тут

Электрацягнік InterCity пачаў курсіраваць паміж Гомелем і Мінскам


Гудок пры адпраўленні цягнік цяпер не дае, аднак урачыстасць важнага для Беларускай чыгункі і яе пасажыраў моманту гэта ніколькі не сапсавала: напярэдадні прафесійнага свята чыгуначнікаў па маршруце Гомель—Мінск—Гомель пачаліся перавозкі новага фармату.


Пачалося ўсё пяць гадоў таму з адкрыцця гарадскіх ліній. Цяпер да Мінска з камфортам можна дабрацца з трох гарадоў-спадарожнікаў: Заслаўя, Рудзенска і Смалявіч, у хуткім часе абяцаюць дадаць у гэты спіс і Дзяржынск. Імкненне да пашырэння сеткі гарадскіх ліній лёгка растлумачыць: усяго за пяць гадоў іх паслугамі скарысталіся каля 12 мільёнаў чалавек. Актыўна развіваюцца рэгіянальныя перавозкі бізнес-класа, запатрабаванасць якіх таксама знаходзіцца на высокім узроўні.

Для арганізацыі міжрэгіянальных зносін новага фармату напрамак Гомель—Мінск быў выбраны нездарма: сярод перавозак унутры краіны менавіта на яго прыходзіцца адна з найбольш значных нагрузак. Рэалізацыя праекта стала магчымай пасля завяршэння электрыфікацыі ўчастка Гомель—Жлобін—Асіповічы.

Асноўная задача падчас арганізацыі міжрэгіянальных перавозак бізнес-класа была ў істотным скарачэнні часу ў дарозе. Як адзначыў начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, адлегласць паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі павінна пераадольвацца за тры гадзіны. Гэта правіла не датычыцца толькі Гродна: адмысловая траса чыгункі не дазваляе пакуль скараціць час у дарозе менш чым да трох з паловай гадзін.

Да гэтага час у дарозе з Гомеля да сталіцы займаў ад чатырох да васьмі з паловай гадзін. Для дасягнення неабходнага выніку цягнік развівае максімальную дапушчальную хуткасць і ідзе з мінімальнай колькасцю прыпынкаў. Трапіць на першы цягнік аказалася не так проста: усе 382 білеты былі раскуплены загадзя. На думку разгубленых ад такой увагі да сваёй паездкі пасажыраў, спрыялі ажыятажу прымальныя цэны. Звычайны «сядзячы» білет каштуе 8 рублёў 39 капеек, ахвотным пракаціцца ў бізнес-класе давядзецца аддаць 11 рублёў 62 капейкі. Параўнайце, квіток у плацкарце па тым жа маршруце, але іншым цягніком абыдзецца каля 7 рублёў. Аднак, як запэўніў Уладзімір Марозаў, менавіта міжрэгіянальныя лініі бізнес-класа забяспечваюць аптымальныя суадносіны цана—якасць.

Па прызнанні начальніка Беларускай чыгункі, прафесійнае свята ў арганізацыі ўспрымаецца як другі Новы год: перад ім таксама падводзяцца вынікі і прымаюцца планы на будучыню. «Мы ўсё імкнёмся павялічыць хуткасць перамяшчэння, але ж яшчэ зусім трохі і нельга будзе разглядзець за акном цягніка цудоўныя абшары нашай Радзімы», — з сумам пажартаваў Уладзімір Марозаў, таму і ў віншаваннях прагучала думка аб тым, што трэба вучыцца жыць без пастаяннай спешкі і, дзякуючы гэтаму, усюды паспяваць. Сярод найбольш глабальных планаў Беларускай чыгункі — яе пашырэнне, а таксама запуск міжнароднай лініі ў напрамку Вільнюса. Павышэнні тарыфаў прадбачацца, але нязначныя.

У цягніку, распрацаваным «Штадлер Мінск» па замове БЧ спецыяльна для эксплуатацыі ў Беларусі, забяспечаны ўсе ўмовы для праезду пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, значна больш зручна стане падарожнічаць з маленькімі дзецьмі. Начальнік пасажырскай службы Аляксандр Захарэвіч падкрэсліў, што новы фармат перавозак заснаваны на трох правілах: экалагічнасць, камфорт, хуткасць. «У цягніку з 7 вагонаў 5 санвузлоў, у тым ліку і для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, у сярэдзіне цягніка ёсць бар, таксама прадугледжаны мабільны (развазны) гандаль, ёсць разеткі, Wi-Fi. Але якасць абслугоўвання яшчэ трэба павышаць. Павінна быць так: пасажыр толькі зайшоў, а мы ўжо стаім каля яго, каб выканаць усе просьбы. Для гэтага неабходна большая колькасць персаналу», — разважае Аляксандр Захарэвіч.

Аднак і прадастаўленай якасці паслуг першыя пасажыры былі прыемна здзіўлены. «Так хутка! Вельмі камфортна! Чыста і прыгожа!  Wi-Fi — гэта тое, што трэба!» — дзяліліся яны станоўчымі ўражаннямі. Цягнік будзе штодзённым, з Гомеля ў Мінск, калі пашчасціць набыць квіткі, можна адправіцца а сёмай гадзіне раніцы, а ў зваротным напрамку ўвечары ў 18.50.

Дар'я Каско

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Падарунак да чыгуначнага «Новага года»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».