Вы тут

Чаму польскія настаўнікі лічаць прафесійную лесвіцу занадта кароткай?


Ці прэстыжная прафесія педагога ў польскім грамадстве? За час азнаямленчага візіту беларускіх настаўнікаў у Варшаву журналіст «Звязды» задаваў гэта пытанне мноства разоў: дырэктарам школ, звычайным настаўнікам і супрацоўнікам Цэнтра развіцця адукацыі. У адказ усе ўсміхаліся, але чамусьці з сумам...


У Варшаве на набярэжнай Віслы ўстаноўлены алегарычны помнік настаўніку. Ён уяўляе сабой скульптуру мужчыны антычнай эпохі ў набедранай павязцы, які трымае над галавой цяжкі камень. Але якая сувязь паміж міфалагічным персанажам і настаўнікам? Знаўцы грэчаскай міфалогіі без праблем зразумеюць алегорыю: Гамер у сваёй паэме «Адысея» расказаў пра цара Карынфа Сізіфа, які правініўся перад багамі і быў асуджаны імі на вечныя пакуты. Сізіф павінен быў закаціць велізарны камень на вяршыню гары, але як толькі камень аказваўся ўверсе, ён тут жа зрываўся ўніз. Таму спробы даводзілася паўтараць зноў і зноў і так... да бясконцасці. Між іншым, педагогі, не пазбаўленыя гумару, жартуюць: набедраная павязка — сімвал таго, як плацяць настаўніку за яго цяжкую працу...

Як жа насамрэч жывецца польскім педагогам і ці ёсць чаму пазайздросціць іх беларускім калегам, мы і паспрабавалі разабрацца...

Адзіны падручнік — для пачатковай школы

— Польская сістэма адукацыі цяпер знаходзіцца ў перыядзе рэфармавання, — канстатуе кіраўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Цэнтра развіцця адукацыі Катажына КАЛЕТЫНСКА. — Міністэрства адукацыі распачало зімой адкрытую дыскусію наконт школьнага праграмнага мінімуму. Пасля яе завяршэння вынікі абяцаюць прадставіць грамадскасці.

Цэнтр развіцця адукацыі з'яўляецца ў Польшчы галоўнай дзяржаўнай установай, якая адказвае за паляшэнне якасці навучання і рэфармаванне сістэмы адукацыі ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі ў галіне асветы і выхавання. У яго структуры дзейнічаюць аддзелы спецыяльных адукацыйных патрэб, рэабілітацыі і сацыяльнай тэрапіі, выхавання і прафілактыкі, развіцця моўнай кампетэнцыі, грамадскіх і грамадзянскіх навыкаў, аддзел адкрытых адукацыйных рэсурсаў і іншыя. Катажына Калетынска паведаміла, што цэнтрам ужо створаны 58 электронных падручнікаў па 14 школьных прадметах, а таксама для дашкольнага навучання, якія падыходзяць для самых розных прыладаў (камп'ютараў, лэптопаў, планшэтаў, смартфонаў, інтэрактыўных дошак) у версіях offlіne і onlіne. Галоўны дэвіз інавацыйнага праекта — «Бясплатна, даступна, інтэрактыўна». Плюс да электронных падручнікаў у адкрытым доступе выкладзена больш за 3 тысячы метадычных і дыдактычных матэрыялаў.

Але­га­рыч­ны пом­нік на­стаў­ні­ку ў Вар­ша­ве. На­бед­ра­ная па­вяз­ка — «сім­вал» та­го, як пла­цяць на­стаў­ні­ку за яго цяж­кую пра­цу...

Дарэчы, да апошняга часу права выбіраць, па якім падручніку працаваць, было за настаўнікам. Праект «адзіны падручнік» рэалізаваны толькі на ўзроўні першых-трэціх класаў пачатковай школы. Гэта быў заказ Міністэрства адукацыі, таму кожны вучань атрымлівае падручнік бясплатна.

— Бацькі школьнікаў скардзіліся, што ў выпадку, калі настаўнік сам выбірае падручнік, да яго затым патрабуецца цэлая серыя дапаможных матэрыялаў, якія даводзілася набываць бацькам. Адпаведна іх выдаткі раслі, яны былі незадаволеныя і выказвалі пажаданні, каб дзяржава зрабіла адзін падручнік, — расказвае Катажына Калетынска. — Але тут ужо пачалі абурацца настаўнікі: раней у іх было шмат дадатковага матэрыялу для работы на ўроку, а цяпер ім далі «голы падручнік» без усялякіх дапаможнікаў... І тады Цэнтр развіцця адукацыі атрымаў заданне падрыхтаваць дапаможныя матэрыялы да адзінага падручніка. Карты працы настаўнік цяпер раздрукоўвае з сеціва, а затым раздае іх вучням на ўроку для выканання. У адной са школ мы пацікавіліся, на каго пры раздрукоўцы раздатачнага матэрыялу кладуцца выдаткі? Высветлілася, што іх нясе школа: шмат сродкаў патрабуюць картрыджы для размнажальнай тэхнікі, але гэта не галаўны боль настаўнікаў.

А база партала Scholarіs утрымлівае бясплатныя электронныя адукацыйныя матэрыялы да кожнага этапу навучання: практыкаванні, гукавыя матэрыялы, сцэнарыі ўрокаў, тэсты, дыдактычныя матэрыялы, мультымедыйныя прэзентацыі, здымкі і ілюстрацыі, фільмы і мультфільмы — усяго 26 700 пазіцый. У педагогаў пад рукой — багаты выбар для таго, каб зрабіць свой урок непаўторным. Палёт педагагічнай думкі ніхто не абмяжоўвае. Увогуле прафесійная свабода настаўнікаў у польскіх школах — асобная тэма.

Уніфікацыя ці варыятыўнасць?

Ёсць праграмны мінімум, які кожная школа павінна рэалізаваць (менавіта ён і стаў прадметам для дыскусій). У стандарце прапісана, што павінен ведаць і ўмець вучань па гэтым прадмеце. Якімі сродкамі будзе дасягнута мэта, нікога не хвалюе, але засваенне вучнямі праграмнага мінімуму правяраецца пасля заканчэння пачатковай школы і гімназіі. Ацэньванне практыкуецца толькі знешняе: у краіне дзейнічаюць цэнтральная і акруговыя экзаменацыйныя камісіі.

Пачатковая школа ў Польшчы — гэта шэсць гадоў навучання. Плюс тры гады навучання ў гімназіі. Такім чынам базавая адукацыя складае дзевяць гадоў навучання. Навучанне на старшай ступені — у агульнаадукацыйным ці спецыялізаваным ліцэі (а гэта яшчэ плюс тры гады) — неабавязковае. У ліцэй вучняў адбіраюць па выніках здачы экзамену за базавую школу. Чым лепш здаў тэсты, тым больш шанцаў трапіць у прэстыжны ліцэй. Альтэрнатыва ліцэю — тэхнікум і прафесійная школа. Пасля заканчэння старшай ступені школы ўсе здаюць іспыт на атэстат сталасці, а паколькі экзамен — знешні (у адрозненне ад нашых унутрышкольных выпускных экзаменаў), то здаюць яго не ўсе. Напрыклад, у 2015 годзе экзамен здавалі 293 974 вучні, і з іх 18,9 тысячы яго не здалі...

На засваенне праграмнага мінімуму адводзіцца 60 працэнтаў усяго часу, яшчэ 40% часу — гэта ўжо зона аўтаноміі настаўнікаў. Праграмны мінімум можна дапаўняць па ўласным прадстаўленні, напрыклад аўтарскімі методыкамі і праграмамі. Але ёсць розныя ўзроўні настаўніцкага статусу. Аўтарскую праграму можа распрацаваць толькі дыпламаваны настаўнік. Ён прадстаўляе яе на школьны педсавет, і той або яе зацвярджае, або адхіляе. Увядзенне аўтарскай праграмы можа патрабаваць павелічэння колькасці гадзін на вывучэнне прадмета. А калі неабходна заплаціць больш за працу настаўніка, трэба звяртацца ў вышэйстаячую ўстанову, бо грошы выдзяляюцца мясцовымі ўладамі.

Ніякіх нормаў праверкі сшыткаў няма. Настаўнік сам вырашае, калі і якія работы яму правяраць. Па многіх прадметах сшыткі правяраюцца адзін-два разы ў семестр (вучэбны год дзеліцца на два семестры) і нават па польскай мове — 4—5 разоў за семестр. Наяўнасць у настаўніка плана-канспекта ўрока кіраўніцтва школы не хвалюе — гэта зона аўтаноміі педагога. Ніхто, у тым ліку і дырэктар, не можа прыйсці на ўрок і папрасіць настаўніка прад'явіць канспект...

І ўсё ж дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі імкнецца да ўніфікацыі. Як заўважыла Катажына Калетынска, праграмны мінімум будзе перагледжаны, і ў які бок, пакуль невядома. Хоць ідэя з увядзеннем адзінага падручніка настаўнікаў зусім не радуе.

Экзамен на прафесійную прыдатнасць

Педагагічныя спецыяльнасці ў Польшчы не займаюць у прыярытэтах моладзі верхнія пазіцыі. У фінансавым плане гэта не самая высокааплатная праца. Ды і, шчыра кажучы, уладкавацца на работу пасля заканчэння вучобы — задача няпростая. Дэмаграфічны крызіс прымушае настаўнікаў трымацца за свае месцы. Кожная ўстанова адукацыі сама зацвярджае рэгламент прыёму на работу. Дырэктар можа на конкурснай аснове выбраць настаўніка на вакантнае месца. Малады настаўнік павінен чымсьці зацікавіць адміністрацыю школы, прайсці сумоўе, правесці ўрок — ніхто не стане браць «ката ў мяху», хоць і з універсітэцкім дыпломам.

Сцяжынка кар'ернага росту ў польскіх настаўнікаў даволі кароткая. Выпускнік педагагічнай ВНУ, які трапляе на работу ў школу, называецца настаўнік-стажор. Дзевяць месяцаў (адзін навучальны год) — ён фактычна знаёміцца з асаблівасцямі працы і вучыццца прафесіі. Але наперад мусіць напісаць план асабістага прафесійнага развіцця на першы школьны год. Дырэктар зацвярджае гэты план і замацоўвае за стажорам больш вопытнага настаўніка-ментара. Пасля 9 месяцаў збіраецца камісія, аналізуе, ці выкананы план, якімі кампетэнцыямі авалодаў стажор, і вырашае, ці можна яму прысвоіць другую катэгорыю — настаўнік-кантрактнік. Фактычна гэта ўнутрышкольны экзамен на прафесійную прыдатнасць. Калі малады настаўнік яго не здае, яму даецца магчымасць паўтарыць спробу праз 9 месяцаў.

Для таго, каб прэтэндаваць на наступную ступень у кар'еры, педагог мусіць адпрацаваць у школе яшчэ два гады. Затым ён зноў піша план свайго прафесійнага развіцця і рэалізуе яго цягам 33 месяцаў. Збіраецца камісія, у якую ўваходзяць дырэктар установы адукацыі, прадстаўнік мясцовай улады і два эксперты (ёсць спіс зацверджаных Міністэрствам адукацыі экспераў). Новая ступень — прызначаны, або штатны, настаўнік. З гэтай кваліфікацыяй трэба адпрацаваць не менш як год, затым скласці новы, вельмі грунтоўны, план свайго прафесійнага развіцця — чаму настаўнік будзе вучыцца, каб значна павысіць свае кампетэнцыі (а гэта немагчыма без засваення сучасных ІТ-тэхналогій). На рэалізацыю плана зноў даюцца 33 месяцы. Яго вынікі ацэньвае камісія, толькі колькасць знешніх экспертаў павялічваецца ўжо да трох. Чацвёртая ступень — дыпламаваны настаўнік (аналаг вышэйшай катэгорыі ў Беларусі) — фактычна апошняя.

— Педагогі лічаць, што кар'ерная лесвіца ў іх — занадта кароткая. Дасягнуць катэгорыі «дыпламаваны настаўнік» пры жаданні можна за 10 гадоў, а далей ў настаўніка ўжо няма матывацыі павышаць сваю кваліфікацыю, — канстатуе Катажына Калетынска. — Больш за палову настаўнікаў у польскіх школах ужо маюць катэгорыю «дыпламаваны настаўнік». Ёсць яшчэ і ганаровы тытул «прафесар асветы», які ў большай ступені падкрэслівае заслугі чалавека і не адбіваецца на яго заробках. Для таго, каб прэтэндаваць на гэты тытул, трэба мець сама меней 20-гадовы стаж працы настаўнікам і сама меней 10-гадовы стаж працы дыпламаваным настаўнікам. Пачынаючы з 2008 года, калі быў уведзены гэты тытул, яго атрымалі ўсяго 133 педагогі (прыкладна па 10 чалавек у год). Раней прафесар асветы пры прысваенні яму гэтага тытула атрымліваў аднаразовую прэмію ў памеры свайго шасцімесячнага акладу, а паколькі памер заробкаў у розных установах адукацыі мог адрознівацца, то адрознівалася і сума выплаты. Таму было вырашана ўстанавіць адзіную для ўсіх суму — 18 тысяч злотых (курс долара да злотага прыблізна 1 да 3,9).

Цяпер у Польшчы хочуць увесці пятую ступень «настаўнік-спецыяліст»: яна будзе прызначацца альбо настаўнікам з навуковай ступенню, альбо настаўнікам, якія рэалізуюць нейкую інавацыйную методыку навучання.

Супраць прафесійнага самавыгарання

Згодна з заканадаўствам, базавы аклад для настаўніка-стажора складае 2256 злотых. Ад гэтага трэба яшчэ адмінусаваць падаткі. Базавы аклад дыпламаванага настаўніка — 3100 злотых. Як відаць, розніца ў аплаце, у залежнасці ад катэгорыі, не такая істотная. Ёсць яшчэ і прэміяльны фонд.

— Калі настаўнік — малады, гэта яшчэ не значыць, што ён горшы, — падкрэслівае дырэктар школьнага комплексу №1 у Канстанціне Паўліна КАРЧМАРЧЫК. — І дырэктар школы заўсёды знойдзе магчымасць, каб падтрымаць добрага педагога. Нават калі няма магчымасці дапамагчы яму грашыма, можна стварыць магчымасці для яго развіцця і прафесійнага росту.

— Прэмія ў настаўніка можа быць і 200, і 1200 злотых, у залежнасці ад паспяховасці яго працы. Таму дыпламаваны настаўнік у нашай школе атрымлівае на рукі (аклад плюс прэмія, плюс даплата за стаж і класнае кіраўніцтва) больш як 3—4 тысячы злотых, — задаволіла цікаўнасць беларускіх педагогаў дырэктар пачатковай школы №143 у Варшаве Крысціна ЯКУБОЎСКА.

Дарэчы, мужчыны-настаўнікі ў польскіх школах — у вострым дэфіцыце. У адной са школ нам агучылі прапорцыю (у педагагічным калектыве працуюць 40 жанчын і толькі тры мужчыны) і жартам прапанавалі мужчынам з беларускай дэлегацыі затрымацца ў іх...

Настаўнікі працуюць 40 гадзін на тыдзень (з панядзелка па пятніцу), але ўрочная нагрузка складае 18 гадзін. Плюс дзве гадзіны адводзіцца на дадатковыя заняткі з вучнямі. Працягласць адпачынку ў настаўнікаў складае 56 каляндарных дзён на год, але ў іх уваходзяць і два тыдні калядных канікул. Субота — выхадны дзень для ўсіх: і вучняў, і педагогаў. Прынцып просты: калі вучні ў школе, тады і настаўнікі ў школе, і наадварот.

Ніякага дрэс-коду ў адзенні ні для вучняў, ні для настаўнікаў не існуе. Усе педагогі апранаюцца максімальна камфортна (штаны, абутак без абцасаў), тым больш што час ад часу ім даводзіцца разам са сваімі выхаванцамі перамяшчацца на засцеленую дываном падлогу (у пачатковых класах). Адзінае патрабаванне — зімой настаўнікі не могуць знаходзіцца ў школе ў зімовых ботах. Правіла — пераабувацца ў халодны час года — дзейнічае для ўсіх: і для вучняў, і для педагогаў.

Правы педагогаў у Польшчы абараняе «Хартыя настаўніка», прынятая яшчэ ў 80-я гады ХХ стагоддзя. Хартыя мае статус закона (у ёй прапісаны падрабязна ўсе правы і абавязкі педагогаў) і ўтрымлівае шэраг прывілей для настаўнікаў, у тым ліку сельскіх. Але калі ў краіне распачаліся рынкавыя змены, педагогі адчулі на сабе ціск — высветлілася, што не ўсе задаволеныя «асаблівымі ўмовамі», створанымі для настаўнікаў. Многія лічаць, што тыя маюць зашмат вольнага часу (не разумеюць, што праца педагога не вымяраецца 18 урокамі ў тыдзень). Зайздросцяць працягласці іх адпачынку. Да таго ж для таго, каб застрахаваць настаўніка ад прафесійнага самавыгарання, хартыяй прадугледжаны гадавы аплатны акадэмічны адпачынак. Для таго, каб яго атрымаць, настаўнік павінен адпрацаваць з дзецьмі ў класе не менш як 10 гадоў і мець адпаведныя медыцынскія паказанні...

Сёння над Хартыяй навісла рэальная пагроза. Вядуцца дэбаты, што з ёй рабіць: увогуле ад яе адмовіцца ці мадыфікаваць? Аднак далёка не кожны палітык адважыцца «пайсці на вайну» з настаўнікамі. Педагогі — магутная сіла, з якой цяжка не лічыцца. Свае правы польскія настаўнікі могуць абараніць аж у двух прафсаюзах — славутай Салідарнасці і Саюзе польскіх настаўнікаў.

І ўсё ж, з чым звязана няўпэўненасць польскіх настаўнікаў у заўтрашнім дні? З недастаткова высокімі заробкамі, дэмаграфічнай сітуацыяй і страхам страціць работу ці, можа быць, яшчэ з нейкімі прычынамі? Калі паглядзець на вынікі міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PІSA, то Польшча займае сярод еўрапейскіх краін верхнія прыступкі, а значыць, са сваёй задачай педагогі выдатна спраўляюцца...

Як прызналіся самі настаўнікі, сёння адбываюцца змены і ў сістэме адукацыі, і ў стаўленні грамадства да школы. І часта самі настаўнікі не разумеюць, чаго ад іх чакаюць...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Мінск—Варшава—Мінск

Загаловак у газеце: Ад стажора — да прафесара асветы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.