Вы тут

У праграму форуму «Тэарт» сёлета ўключаны 22 пастаноўкі з 9 краін


І ёсць шанц заспець квіткі, хоць звычайна яны разыходзяцца хутка, асабліва на міжнародную праграму тэатральнага форуму, які сёлета пройдзе шосты раз.


Пра нас

Трэба сказаць, апошнія гады беларускі шоўкейс «Belarus Open» інтрыгуе не менш. Таму што ў сталіцы паказваюць тое найлепшае і неардынарнае, што з'яўляецца ў рэгіянальных тэатрах (а там віруе жыццё і працуюць асобы, якія час ад часу ўвасабляюць свае развагі ў самых нечаканых формах). З іх усё і пачнецца: 28 верасня беларускую праграму адкрые прэм'ера тэатральнага праекта, які аб'яднаў двух асоб з неардынарным поглядам на рэчы: артыстку і рэжысёра Святлану Бень і рэжысёра і драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Да іх далучыўся Валерый Воранаў, які стварыў музыку, — яна стане часткай дзеі пад назвай «З жыцця насякомых». Зразумець Багаслаўскага як рэжысёра можна будзе таксама падчас прагляду спектакля «Саша, вынесі смецце» (паводле Наталлі Варажбіт) Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. З самых гучных тэатральных падзей адборшчыкі звярнулі ўвагу на «Опіум», створаны рэжысёрам Аляксандрам Марчанкам пры фінансавай падтрымцы саміх гледачоў і арганізатарскай дапамозе Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Драматычныя спектаклі прыедуць з Магілёва — найперш маецца на ўвазе драма «Крэйцарава саната» ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Гэтаму спектаклю па драматычным напружанні не саступае пастаноўка Ігара Казакова «На дне» (паводле М. Горкага) у Магілёўскім абласным тэатры лялек. Яна атрымалася правакацыйна-эмацыянальнай за кошт рэжысёрскага падыходу, калі лялькі ўзаемадзейнічаюць з людзьмі. Магілёўскі тэатр лялек такімі спектаклямі зацікавіў ужо не толькі беларускую тэатральную супольнасць. Наогул, лялечныя тэатры ў сучасным айчынным творчым працэсе вылучаюцца канцэптуальным поглядам на рэчаіснасць, калі нават творы з мінулага гучаць незвычайна пранікнёна за кошт асаблівай падачы і формы. Таму не трэба дзівіцца, што ў беларускай праграме «Тэарта» пастановак лялечных тэатраў некалькі. Гэта «Фро» (А. Платонава) Брэсцкага тэатра лялек ад расійскага рэжысёра Руслана Кудашова. Хто не паспеў паглядзець гэта падчас Мінскага міжнароднага фестывалю лялечных тэатраў, мае цудоўны шанц падчас «Тэарту» далучыцца да высокага мастацтва ад лаўрэата прэміі «Залатая маска». І калі ўжо пайшла такая гаворка — то ёсць і наш унёсак у Расійскую нацыянальную тэатральную прэмію. Сёлета яго зрабіў рэжысёр Аляксей Ляляўскі. Фестываль звяртае ўвагу на яго пастаноўкі ў айчынных тэатрах: «Візіт старой дамы»(паводле Ф. Дзюрэнмата) у Гродзенскім абласным тэатры лялек, «Птушкі» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — размова на вельмі актуальную тэму ўладкаванасці грамадства на падставе п'есы Арыстафана.

Таксама пра нас: «Час сэканд-хэнд» паводле Святланы Алексіевіч ад Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, толькі ў пастаноўцы Уладзіміра Пятровіча. Яшчэ адну беларускую кнігу «Беларусь 4:33. Горад сонца кропка нуль» з ідэямі Артура Клінава прадстаўляюць у адмысловым праекце Таццяна Арцімовіч і Антон Сарокін. Небанальны падыход да пастаноўкі з пункту гледжання формы — гэта яшчэ і перфоманс «Прадметная размова» рэжысёра Вольгі Сарокінай. Але перфомансу ў беларускім тэатры будзе прысвечаны асобны вечар. І яшчэ адзін вечар з беларускай тэмай — «Дзяды» Міцкевіча, на гэты раз ад Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (сумесная беларуска-польская пастаноўка рэжысёра Паўла Пасіні).

Для нас

Беларуская частка пачынае. Працяг забяспечваюць госці. Сярод іх ёсць тыя, каго ўспрымаюць амаль як сваіх — напрыклад, Оскараса Каршуноваса (не толькі таму, што ў яго ёсць беларускія карані). Яго спектаклі, колькі б ні прывозіліся, заўсёды праходзяць з аншлагамі. А сёлета ў спектаклі «Апошняя стужка Крэпа» (паводле С. Бекета) Вільнюскага гарадскога тэатра заняты да таго ж легендарны артыст Юозас Будрайціс.

Таксама расійскія пастаноўкі традыцыйна выклікаюць увагу айчыннага гледача. А цяпер ажыятажу, відаць, не пазбегнуць: Маскоўскі драматычны театр імя А. С. Пушкіна прывязе пастаноўку, што сёлета зрабіла фурор на Венецыянскай біенале. Спектакль «Мера за меру» (паводле Д. Данелана) створаны сумесна з брытанскай тэатральнай кампаніяй «Cheek by Jowl». Плюс пазнавальны і любімы акцёр Аляксандр Фяклістаў у галоўнай ролі. Сузор'е артыстаў прыедзе з Санкт-Пецярбурга: іх сабраў рэжысёр Юрый Бутусаў у спектаклі «Горад. Жаніцьба. Гогаль», за што атрымаў тэатральную прэмію «Залаты Сафіт». Ёсць магчымасць убачыць на сцэне Ганну Кавальчук разам з іншымі артыстамі (спектакль быў адзначаны той жа пецярбургскай прэміяй яшчэ і за акцёрскі ансамбль).

Сусветная класіка ў тэатры — найперш «Уільям наш Шэкспір». «Трагедыю Макбета» пабачым у інтэрпрэтацыі Ігара Пізона і Нацыянальнага славенскага тэатра. Нямецкі тэатр прадставіць пастаноўку паводле Хайнера Мюлера «Місія. Успаміны аб адной рэвалюцыі» (гэта трэба паглядзець, нібыта адмыслова для нас). Трагедыі людзей, што жывуць цяпер, прыцягваюць Карнэля Мудруца з Венгрыі. Аб праблемах асаблівых людзей разважае ён у спектаклі «Дэменцыя». І гэта, аказваецца, можна рабіць у форме мюзікла. Музыка наогул дае сучаснаму тэатру падставы для эксперыментаў. Па-першае, каб пагаварыць пра каханне, што прадставіць тэатр з Лазаны ў спектаклі «Кінг сайз». Па-другое, пра саму музыку, як у спектаклі «Шапэн без фартэпіяна» Варшаўскай тэатральнай кампаніі СENTRALA.

З музыкі міжнародная частка і пачнецца: Нацыянальны харэаграфічны цэнтр Ла-Рашэлі парапануе нам пашукаць «Карані». Тыя, хто асабліва цікавіцца «Тэартам», ведаюць, што ў праграму выбіраецца найлепшае з магчымага.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мерай мастацкага эксперымента

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.