У характарыстыцы 1981 года, з якім нас і нашых сучаснікаў раздзяляе трыццаць пяць гадоў, можна бясконца называць знакавыя гістарычныя факты. Пачатак прэзідэнцтва Рональда Рэйгана ў ЗША; разбіты Ту-104 пад Ленінградам, у якім загінула кіраўніцтва Ціхаакіянскага флоту СССР; замах на жыццё Папы Рымскага Яна Паўла ІІ у Рыме; запускі савецкіх касмічных караблёў Саюз Т-4, Саюз-39 і Саюз-40; вяселле Дзіяны Спенсер і Прынца Уэльскага Чарльза, забарона рабства ў Маўрытаніі, забастоўкі і крызіс у Польшчы... Пра мінуўшчыну, хоць і не больш як стадваццацігадовую, мы можам даведацца і праз кінаэкран, а ён дае нам больш грунтоўныя рэсурсы, чым самае красамоўнае апісанне фактаў. Па дакументалістыцы, што здымалася ў гэты час у Беларусі, бачна, чым жыла і ганарылася краіна, якія думкі ўзнікалі ў людзей, што для іх было важна, — адчуваецца «дух эпохі». Тут гістарычныя моманты, «гарачыя» пацалункі палітыкаў (дадуць фору пацалунку Брэжнева і Хонэкера), знянацку знятая заклапочанасць на твары, норкавыя шапкі як знак небывалай раскошы, і нават лёгкі эратызм.
Дакумент часу
Ці сапраўды відэакантэнт валодае такімі шчырасцю і прамалінейнасцю? У дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску я прагледзела (у прамым сэнсе слова некалькі стужак) 1981 года. Тут захоўваюцца паўнавартасныя дакументальныя карціны, летапісны матэрыял, урыўкі, што не ўвайшлі ў кінаработы, — каля 1300 найменняў. Не толькі фільмы, кожны з гэтых непрыстроеных кавалкаў з'яўляецца для сённяшняга чалавека важным дакументам часу.
Часта ў карцінах таго перыяду відавочная прысутнасць ідэалагічнага ўздзеяння, але нават кінематаграфічны фальш дазваляе рабіць пэўныя высновы. Дакументальны фільм «Трыумф волі» Лені Рыфеншталь, які здымаўся па заказе Адольфа Гітлера і пра Гітлера (кананічным стаў ракурс кінакамеры, што глядзіць на фюрэра знізу, узвышаючы яго над іншымі людзьмі да ўзроўню ці не паўбога), вядома ж, прасякнуты адпаведнай сістэмай поглядаў, на сёння ўжо развенчанай. Але, нягледзячы на гэтую падсістэмнасць, «Трыумф волі» цікавы сучаснаму гледачу як дакумент, візуалізацыя, знак эпохі.
Цэнзура не перашкаджала і беларускім рэжысёрам і аператарам фіксаваць на стужцы вобразы людзей і іх характары, стройнасць парадаў і эмацыйнасць выступленняў, паўсядзённасць, стыль і побыт савецкага чалавека — перадаваць саму тэкстуру таго жыцця. І чаго не адымеш: пласт дакументальнага кіно дазваляе ўбачыць, што цікавіла дзяржаву, аўтараў і гледачоў, што лічылася важным і, нарэшце, што і як адбывалася ў краіне.
Нашым адрасам тады яшчэ быў Савецкі Саюз. Таварыш Леанід Брэжнеў, парады, з'езды, дэлегацыі, заводы, ураджай бесперапынна мільгалі ў так званых кіначасопісах «Савецкая Беларусь» студыі «Летапіс» Беларусьфільма. Кіначасопісы складаліся з некалькіх сюжэтаў і манціраваліся пад аповед дыктара з характэрна цвёрдым, выразным, з упэўненасцю ў будучыні, мужчынскім голасам.
Часопіс на экране
Менавіта аператары-летапісцы зафіксавалі для кіначасопісаў XXVІ з'езд кампартыі, які адбыўся ў 1981 годзе ў Маскве, і дэлегатаў, што тут прысутнічалі (увогуле іх было амаль пяць тысяч, але не ўсім пашанцавала трапіць у кіначасопіс). Адзін з фільмаў пачынаецца на мінскай плошчы імя Леніна, а камера спыняецца на помніку яму. Пад гукі юных барабаншчыкаў тут праходзіць парад да 64-й гадавіны «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Камандуючы парадам — генерал-палкоўнік Семярэнка. Прымае парад генерал арміі Іваноўскі. Пафасу ў такіх фільмах, як і на парадах, хоць адбаўляй. «Ідуць нашчадкі славы бацькоў», «сімвал бязмернай адданасці партыі, народу, радзіме», «несакрушальны маральны дух савецкага воіна», «з імем Леніна ў сэрцах і справах»...
Гэты стыль нязменны для фільмаў-выхвалянняў. Тут гаворка ідзе пра паспяховую беларускую вытворчасць альбо збор ураджаю, пра стаханаўскія подзвігі і планы пяцігодкі, пра будаўніцтва новых аб'ектаў і замежныя дэлегацыі. «Значна больш, чым у мінулым годзе, нарыхтавана бульбы», — расказвае дыктар. «На ўсіх кантынентах вядомыя беларускія аўтамабілі, — рапартуе голас у тэме зборкі двухмільённага рухавіка на БелАЗе і распрацоўкі новага, больш магутнага. — Новы беларускі самазвал стане яшчэ адным пасланцом дружбы на дарогах планеты».
На перадавой не толькі вытворчасці, але і кіначасопіса апынуліся стаханаўцы-1981. Два токары Мінскага станкабудаўнічага завода «Камінтэрн» за пяцігодку выканалі дзевяць і дзесяць гадавых нормаў. А прадукцыя Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі «ідзе ў 45 краін свету».
Летапісцамі зафіксавана, як, словамі дыктара, «забіваецца першая свая ў мінскім метро», якое ў 1981-м яшчэ толькі будавалася. Гаворка ідзе пра станцыі «Парк Чалюскінцаў» і «Маскоўская». Глядач можа патрапіць на будаўнічую пляцоўку метрапалітэна, якім сёння карыстаецца, і ўбачыць людзей, што ўдзельнічалі ў яго стварэнні. «Побач з ветэранамі падземных магістраляў беларуская моладзь». Моладзь у касках, адпачываючы ля сцяны калектара, усміхаецца.
Фільмы кшталту кіначасопіса «Савецкая Беларусь» не прайшлі бясследна — вялікая і цікавая ад іх пераемнасць адчуваецца на сённяшнім тэлебачанні. Падчас прагляду стужак таго часу па ўспрыманні «б'е» пазнавальны пафас савецкай дактрыны (кіначасопіс мог завяршыцца прачытаннем верша са згадкай імя Леніна).
Але ёсць нешта ў дакументалістыцы таго часу, што не проста з'яўляецца нейкай асаблівасцю, але і сведчыць пра сапраўды іншае светаўспрыманне і адрознае ад сённяшняга стаўленне да жыцця. Савецкі пафас ідзе поруч з сентыментальнасцю. У кіно бачныя пяшчота да навакольнага свету, імкненне ва ўсім знайсці падставу для стварэння чуллівых сцэн, увага да эмацыйных праяў. Нават дзіўна, але эмоцый у гэтых фільмах сапраўды шмат, хоць, на першы погляд, здаецца, што кінематаграфісты спрабуюць падгарнуць персанажаў пад нейкую мадэль савецкага чалавека, адрэтушаваць, стварыць зададзены, а не рэальны чалавечы вобраз.
Сантыменты ў студыю
Буйныя планы, асабістыя развагі (у адказ на шчырыя пытанні), назіранні за тварам чалавека, схопленыя каларытныя моманты. У стужцы «Штрыхі да партрэта дзелавой жанчыны» ўсё гэта ёсць. Да таго ж ёсць лёгкая, вельмі асцярожная нотка эратызму. Дзяўчына накідае на сябе пеньюар, у наступным пасля плану туманнай набярэжнай папраўляе валасы... Выглядае прыгожа і ў тэму.
Дзелавыя жанчыны, што сталі гераінямі фільма, працуюць на Віцебскай фабрыцы КІМ, якая займаецца трыкатажам і панчохамі. Зразумела, чаму дзелавых вырашылі здымаць тут (хаця, хутчэй за ўсё, тэма з'явілася пасля ідэі стварыць карціну пра віцебскую фабрыку): у штаце КІМа працуюць пераважна асобы слабога полу.
Хаця ў гэтым выпадку ён нагадвае суполку амазонак ці гаспадарань свету: на ранішняй планёрцы жанчыны рассаджваюцца за сталом, а мужчыны прымошчваюцца на крэслах уздоўж сцяны (як у некаторых культурах, дзе жанчынам нельга садзіцца за стол, — толькі наадварот). Вакол слоў «дзелавая жанчына» тут круціцца ўсё і пытанні інтэрв'юера таксама. У дыялозе адна з супрацоўніц фабрыкі расказвае, як яе сын папрасіў маму памяняцца работай з татам, каб яна сама магла забіраць яго з садка. У шэрагу інтэрв'ю я ўбачыла разумных, сціплых, разважлівых асоб з пачуццём уласнай годнасці. І мне падабаюцца гэтыя людзі. Дарэчы, апроч асабістых якасцяў, тут, як і ў любой іншай дакументалцы, бачны рэчавы вобраз эпохі: на галовы жанчын, што вяртаюцца пасля працы дадому, насунутыя норкавыя шапкі, якія дзяржынская кінааператарка адзначыла асобна.
За персанажамі назіраць сапраўды прыемна, як цікава заўважаць дробязі ў любым чалавеку. Камера з гэтым згодная, таму аўтары часта будуюць сцэны такім чынам, каб за сябе гаварыў кожны мускул твару. У карціне «Роздум» пра вучонага-селекцыянера Пятра Альсміка аператар канцэнтруецца на жонцы галоўнага героя: «Наогул кажучы, жывём маркотна». Словы гучаць так шматзначна ў кантэксце аповеду пра плённую і важную шматгадовую працу Пятра Іванавіча, пра пошукі ідэальнага гатунку бульбы. Усё — айчыннай навуцы, нічога — сабе.
У дакументальным кіно таго часу спалучаецца натхнёны пафас маторабудаўнікоў, якія рапартуюць: «Няхай жыве гераічны рабочы клас саветаў!», і ўвага да тонкасцяў пяшчотнага, глыбокага, самадастатковага чалавека. Трывалае падпарадкаванне ідэалогіі і жаданне вывесці на першы план эмоцыю.
У 1981 годзе кіналетапісцамі былі зафіксаваныя Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, меліяратыўныя працы, Марш міра, выступы Леаніда Брэжнева, візіты Міхаіла Гарбачова ў Беларусь (выявы на кукурузным полі), сустрэчы ветэранаў. І, як ужо гаварылася, сама структура таго жыцця, на што здольнае толькі кіно. Перад скрынкамі са стужкамі, што захоўваюцца ў архіве кінафотафонадакументаў, адчуваеш пэўнае хваляванне, і перад якасцю выявы (прыемнай, як неадбеленая папера ў сшытку) — таксама.
Функцыю кіначасопісаў сёння пераняло тэлебачанне. Другі кірунак, больш тонкі і няўлоўны, застаецца за кінадакументалістыкай. Кожны эпізод у неігравым кіно мінулых часоў здольны ў некага выклікаць настальгію, а некаму раскрыць іншы свет. Кожны метр стужкі варта берагчы як зрэнку вока.
Праз 35 гадоў беларусы захочуць паглядзець на экране дакументальныя карціны за 2016 год. Што яны ўбачаць?
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?