Вы тут

Індустрыя кіно ў Беларусі мае быць


Каардынатар індустрыяльнай платформы Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Лізавета Бобрыкава з праектам «Bel:Cіnema» (Belarus Empowerment Lab:Cіnema) накіруецца ў Школу кінаагентаў SOFA і прыме ўдзел у яе чацвёртай майстэрні. З дапамогай ментара і міжнародных кансультантаў тут будзе распрацавана сістэма мер для ажыццяўлення новага праекта.


Ініцыятыва «Bel:Cіnema» прапануе стварыць унікальны цэнтр для спецыялістаў сферы кінематографа, якія павінны на працягу года разам з куратарамі распрацаваць шэраг праектаў. Увасобленыя на практыцы, тыя мусяць дапамагчы сфарміраваць у Беларусі паўнавартасны кінарынак, унутры якога асобным прадстаўнікам сферы будзе зручна кантактаваць. Прафесіяналы кіно, што прымуць удзел у майстэрні SOFA, будуць дапамагаць давесці праект «Bel:Cіnema» ад ідэі да запуску.

«Я буду прэзентаваць першы крок «Bel:Cіnema», які накіраваны на развіццё індустрыі кіно ў нашай краіне, — рабочую лабараторыю для актывістаў кінасферы, — каментуе Лізавета Бобрыкава. — Праблема ў тым, што ў нас ёсць кінафестываль, асобна ёсць незалежныя рэжысёры, некалькі прадзюсараў (літаральна 2-3) і кампаніі, якія здымаюць розны кантэнт (ад рэкламы да кароткага метра). Гэтыя часткі, на жаль, не звязаныя паміж сабой, да таго ж не хапае адзінай базы і вопыту для міжнароднага супрацоўніцтва. Каб вырашыць гэтыя пытанні, я хачу сабраць ініцыятыўную групу, якая атрымае веды і вопыт па цікавых для іх тэмах (напрыклад, прадзюсіраванне, дыстрыбуцыя, міжнародныя стасункі), а потым выкарыстае гэтыя веды для наладжвання структуры і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў краіне і за мяжой. Гэта стане яшчэ адным крокам у стварэнні кінаіндустрыі, што дапаможа развівацца, знаходзіць фінансаванне і ўвасабляць свае ідэі маладым і не толькі маладым рэжысёрам, прадзюсарам і іншым кінадзеячам у Беларусі».

Майстэрня Школы кінаагентаў SOFA будзе праходзіць з 19 да 28 жніўня ў культурнай сталіцы Еўропы гэтага года — Вроцлаве.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сфарміраваць і развіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».